Вы тут

Вінаватае каханне


Непрадказальнае, небяспечнае, рызыкоўнае... Каханне можа альбо падарыць крылы і зрабіць чалавека проста-такі ўсемагутным, даць сілы зрушыць горы, а можа, наадварот, кінуць на самае дно адчаю і безвыходнасці. І ніколі нельга пралічыць загадзя, што будзе, бо гэта пачуццё не паддаецца ні аналізу, ні логіцы. Пра яго можна толькі расказаць.


Новы зборнік прозы «Скажы, што кахаю…» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2018) з серыі «Вера, Надзея, Любоў», як і папярэднія дзесяць, выглядае важкім, аформлены з густам. Назва — паводле аднайменнага апавядання Настассі Нарэйкі, змешчанага на старонках кнігі.

Калектыў аўтараў, як звычайна, пададзены ў алфавітным парадку: побач з мэтрамі слова суседзяць пачаткоўцы, нават дэбютанты. Творы на дзвюх мовах.

Першым кідаецца ў вочы не зусім апавяданне, а хутчэй замалёўка Алеся Аркуша на паўтары старонкі, прычым не вельмі выразная, пра адзіноту. І больш з напісанага ім у кнізе няма нічога. Дык дзе каханне? З якой лупай яго шукаць паміж радкоў?.. Шчыра кажучы, шукаў, бо спадар Аркуш вядомы і паважаны пісьменнік…

Прыемна ўражаны апавяданнямі Валерыя Гапеева, асабліва першым, якое мае назву «Назгуль». Яно пра армейскія часы аўтара, пра Казахстан (мо таму і ўразіла, што сам пражыў у Казахстане чатырнаццаць гадоў?!), пра першыя пачуцці... Атмасфернае і надзіва шчырае, насычанае непрыдуманымі дэталямі, бо, не ведаючы асабіста іншага нацыянальнага каларыту, не возьмеш іх ні з галавы, ні з энцыклапедыі. Тэма іншых твораў — вечнае саперніцтва за месца пад сонцам, дзе хапае крыўдаў, абраз, героі адчуваюць незапатрабаванасць, шукаюць каханне — а потым выракаюцца яго, здраджваюць і ўцякаюць «у адкрыты космас».

Два першыя апавяданні Таццяны Будовіч-Барадулі падаюцца ўрыўкамі з нечага большага. Не, яны не сырыя, але выглядаюць нібыта выдраныя кавалкі з рамана ці аповесці, таму карціць абавязковага працягу, а лепш за ўсё вялікага твора цалкам, прычым неадкладна. Трэцяе апавяданне аўтаркі пад назвай «Помста» можна назваць сучаснай прытчай. Пабудаванае на кантрасце аб беспадстаўнай на першы погляд рэўнасці, яно дэкларуе пра моц прамоўленых слоў, якія заглытваюцца суразмоўцам прынадамі і выклікаюць нечаканую і непатрэбную, аднак, калі задумацца, зразумелую рэакцыю, што развіваецца ў падазронасць ды недаверлівасць і прыводзіць да цалкам лагічнага фіналу. Трэба адзначыць, што гераіні Таццяны валодаюць даволі моцным характарам. Яны прыўкрасныя ў сваім бясстрашшы, амаль усе з інтэлігенцкага асяродка.

Алесь Емяльянаў-Шыловіч дзеліцца з чытачом рамантычнай гісторыяй, якая адбылася пад Новы год. Аўтар упэўнены ў тым, што, здавалася б, асуджаным на вечную адзіноту людзям калі-нікалі выпадае шчаслівы шанц сустрэць каханне. Варта апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Напрыклад, спазніцца на цягнік, які б адвёз цябе туды, дзе асабліва ніхто не чакае, трапіць у кватэру да свайго выкладчыка, бо ты яго студэнтка, а ён забыў рэшту ў кавярні, дзе ты падпрацоўваеш (і ты знаходзіш яго адрас і нясеш тыя грошы яму, бо правільная), і застацца сам-насам з ім у яго кватэры за замкнёнымі дзвярыма (а замок сапсаваўся), а Новы год праз дзве гадзіны!..

З прозай на старонках зборніка дэбютуе Галіна Зыранава, вядомая ўжо як паэтка па часопісе «Маладосць». Паэт і ў прозе застаецца паэтам. Тры невялікія творы Галіны таму пацвярджэнне. Гэта хутчэй свайго роду плынь свядомасці пра адчуванні праз разуменне прыродных з’яў і разважанні пра сутнасць кахання. І адчуванні гэтыя зусім не змрочныя...

Анатоль Крэйдзіч зазірае ў студэнцкі пакойчык-куб да дзяўчат, якія распытваюць «шчаслівую Ленку» пра спатканне з прыгожым хлопцам, які ўчора іх усіх падвозіў на ўласнай «Волзе». І яна распавядае каляжанкам прыгожую казку, якую ёй падарыў мужчына. Усе задаволеныя расповедам, а сама гераіня ўначы плача ў падушку, бо на самай справе ніякага спаткання не адбылося. Яна ўсё прыдумала, прачакаўшы «каханага» пяць гадзін на холадзе каля возера, больш за тое, прыняла за яго ўпоцемках слуп, зачапілася за нейкую патарчаку, калі пабегла насустрач…

Галоўнае, як кажуць, — трымаць твар і ўдар.

Расповедамі пра каханне ў жыццёвых рэаліях Ніна Лістота нібы працягвае тэму, распачатую Валерыем Гапеевым. Яна менавіта апавядальнік. Некаторыя яе творы выглядаюць як рэпартажы. Нешта ў іх ёсць хэмінгуэеўскае. Яны чапляюць, запамінаюцца. Ніна моцная дэталізацыяй і канкрэтызацыяй, што неўзабаве, магчыма, дапаможа стварыць ёй нешта значнае і вялікае.

«Чужая вясна» Юльяны Пятрэнкі магла б стаць камедыяй, калі напісаць сцэнар і зрабіць кінастужку. Апавяданне сапраўды вельмі кінематаграфічнае. Недарэчная сітуацыя, у якую трапілі ўсе героі твора і сталі яе заложнікамі па асабістай жа віне, нечым нагадвае чаплінаўскія піруэты.

Найбольш шчырай за ўсе астатнія творы зборніка, як па мне, падаецца аповесць Уладзіміра Сіўчыкава «Тры лілеі, лілеі тры…». Яна пра школьныя гады аўтара і пра яго першае школьнае каханне, прычым адрасаваная канкрэтнаму чалавеку… Адаму Глобусу! Аўтар нібыта нешта даказвае свайму апаненту, і таму твор выглядае як сапраўднае жывое стварэнне, якое дыхае, маючы ўласныя сэрца, лёгкія і ныркі.

У цэлым жа зборнік «Скажы, што кахаю…» роўны, нібы поле для гольфа. Такое адчуванне, што яго нехта адмыслова старанна адпрасаваў, рыхтык піянерскі гальштук. Асцярожнічанне, відаць, уласцівае беларускаму менталітэту, перакінулася і на літаратуру.

Але ж каханне — гэта джунглі, нават выбуховае рэчыва!.. Як тут ні згадаць Анатоля Марыенгофа: «Ва ўсім, што адбываецца з чалавекам, вінаватае праклятае каханне! Я ненавіджу сваё каханне! Калі б я ведаў, што яго можна задушыць, то зрабіў бы гэта ўласнаручна. Калі б я ведаў, што яго можна патапіць, то асабіста б падвесіў яму камень на шыю. Калі б я ведаў, што ад яго можна ўцячы на край свету, то даўным-даўно глядзеў бы ў чорную прорву, за якой нічога няма».

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».