Вы тут

Што дае лічбавая трансфармацыя кніжніц?


З павелічэннем аб’ёму інфармацыі ўсё цяжэй знайсці неабходнае з-за інфармацыйнага шуму, што распаўсюджваецца вельмі імкліва. Інтэрнэт прэтэндуе стаць асноўнай крыніцай інфармацыі. Дзе тут месца бібліятэцы? Як яна мусіць трансфармавацца, каб быць неабходнай лічбаваму грамадству ды яшчэ і канкурыраваць з іншымі інфармацыйнымі службамі? Адказы шукалі на V Міжнародным кангрэсе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі «Бібліятэка як феномен культуры», сфакусаваўшыся на тэме «Камфортнае асяроддзе бібліятэк: новыя тэхналагічныя і матэрыяльна-тэхнічныя рашэнні».


Доступ заўсёды і ўсюды?

У пастаяннай адаптацыі бібліятэк да зменлівых умоў нязменнымі застаюцца асноўныя перавагі кніжніцы — прадастаўленне дакладнай інфармацыі, а цяпер асабліва актуальна — прафесійны пошук неабходных звестак і дакументаў у неабсяжным акіяне інфармацыйных рэсурсаў.

Класічная мадэль бібліятэкі, якая была прапанавана ў 1970—1980 гг. Юрыем Сталяровым, мае выгляд чатырохэлементнай сістэмы. Усе элементы сістэмы — бібліятэчны фонд, карыстальнікі, персанал і матэрыяльна-тэхнічная база — раўнацэнныя, функцыянуюць у непарыўнай узаемасувязі, а бібліятэка выконвае свае функцыі, калі ўсе яе элементы развіваюцца збалансавана.

З прыходам лічбавых тэхналогій інфармацыя ўспрымаецца абсалютна па-іншаму. Асноўныя крытэрыі для карыстальніка — зручнасць атрымання сэрвісу, мінімальны час. Таму бібліятэкі ў звыклым выглядзе ўжо не адпавядаюць сучасным крытэрыям. Пётр Рыжанкоў, дырэктар па продажах групы кампаній «ТЭХНАЛОГІЯ» (Масква, Расія), сцвярджае, што выкарыстанне сучасных лічбавых тэхналогій павінна быць рухавіком для бібліятэк. Ён бачыць мэтазгодным павялічыць хуткасць абслугоўвання чытачоў, аўтаматызаваць працэсы. Пётр Рыжанкоў прапануе канцэпцыю аўтаматызацыі бібліятэкі на аснове тэхналогій RFID — радыёчастотных ідэнтыфікацыйных метак (аўтаномныя мабільныя бібліятэкі SMARTLIBRARY працуюць 24 гадзіны 7 дзён у тыдзень без удзелу чалавека і могуць быць усталяваны ў любых пунктах горада ці населенага пункта): «Бібліятэка павінна і можа быць бліжэйшай да сваіх чытачоў, можа змагацца за новых карыстальнікаў. Дзякуючы тэхналогіі аўтаномнай мабільнай бібліятэкі SMARTLIBRARY не чытачы ідуць у бібліятэку, а бібліятэка ідзе да чытачоў. SMARTLIBRARY — унікальная мадэль бібліятэкі самаабслугоўвання». Перавага такой кніжніцы — спрашчэнне доступу да фондаў, эканомія часу карыстальніка. SMARTLIBRARY дае магчымасць прадставіць кніжніцу на станцыях метро, у гарадскіх парках, гандлёвых комплексах, гатэлях.

Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць працаваць як у лакальных, так і ў глабальных сетках, шматфункцыянальныя сэрвісы трывала ўвайшлі ва ўжытак. Міжнародны саюз электрасувязі і ААН, праводзячы маніторынг развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у свеце, прылічылі Рэспубліку Беларусь да краін з высокай дынамікай развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій: 64 месца са 193 краін свету ў 2010 г., 38 месца са 152 краін у 2011 г., 32 месца — у 2017-м.

Інтэрнэт прыйшоў у публічныя бібліятэкі Беларусі больш як 15 гадоў таму. Найбольш актыўна падключэнне ішло з 2006-га да 2010-ы. Да 2018 года колькасць публічных бібліятэк, што маюць доступ у інтэрнэт, павялічылася ў паўтара раза ў параўнанні з 2010-м і на 01.07.2018 склала 1927 бібліятэк. Але разам з гэтым скарачалася колькасць бібліятэк: згодна са звесткамі Інтэграванага банка даных устаноў культуры, у 2006 г. было 4145 публічных бібліятэк, а да 01.07.2018 гэта лічба паменшылася на 38 % і склала 2574. (З 2011—2015 была закрыта кожная чацвёртая бібліятэка.) Колькасць зарэгістраваных карыстальнікаў публічных бібліятэк Беларусі летась склала 3 млн чалавек, віртуальных сярод іх — 0,4 тысячы. На пачатак гэтага года свой сайт мелі 137 публічных бібліятэк (больш як 80 % з іх — абласныя і цэнтральныя раённыя бібліятэкі). «Кантэнт-аналіз вэб-сайтаў публічных бібліятэк краіны, які правяла НББ, прадэманстраваў, што чым больш інфарматыўны вэб-сайт кніжніцы, тым больш актыўна прадстаўлена бібліятэка ў сацыяльных медыя — блогах, сацыяльных сетках, на YouTube, тым больш на вэб-сайце зарэгістраваных карыстальнікаў», — адзначыла Вольга Бандарчук, загадчык сектара навуковадаследчага аддзела бібліятэказнаўства НББ. На аснове праведзеных даследаванняў Вольга Бандарчук канстатавала, што ў асноўным бібліятэкі не абмяжоўваюцца стварэннем толькі вэб-сайта, але ствараюць і старонку ў сацыяльных сетках, блог, відэахостынг. Дарэчы, для прасоўвання якой-небудзь бібліятэчнай падзеі ў сацыяльных сетках спецыялісты раяць аддаваць перавагу групе, чым старонцы. Больш за ўсіх падпісчыкаў (2481) у сетцы «УКантакце» мае Баранавіцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя В. П. Таўлая, у сетцы «Аднакласнікі» — Іўеўская раённая бібліятэка (1988), у Facebook — Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна (1100 падпісчыкаў). Вольга Бандарчук лічыць, што прасоўванне кніжніцы ў сетцы трэба даручаць апантаным супрацоўнікам. Прыклад — блог Алены Капыток, дырэктара Барысаўскай цэнтральнай бібліятэкі І. Х. Каладзеева. Бібліятэкі павінны выкарыстоўваць інтэрнэт, каб прыцягнуць да сябе, упэўнена Вольга Бандарчук.

Увагі заслугоўваюць распрацоўкі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі (АІПІ НАН Беларусі), якія забяспечваюць анлайнавы інтэрнэт-доступ да электронных каталогаў. Так, можна зрабіць інтэрнэт-заказ і электронную дастаўку дакументаў на базе цэнтраў інтэрнэт-доступу да замежных навуковых электронных выданняў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі і Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі. У якасці праграмнага сродку — сістэма аўтаматызацыі бібліятэк АБІС «БІТ-2000u», распрацаваная ў АІПІ НАН Беларусі. Сістэма эксплуатуецца ў ЦНБ НАН, РНТБ, бібліятэках Беларускай чыгункі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.

 Нягледзячы на тое, што Зводны электронны каталог (ЗЭК) фарміруюць чатыры найбуйнейшыя кніжніцы — НББ, ЦНБ НАН, РНТБ, Прэзідэнцкая бібліятэка, — у працэнтным выражэнні іх колькасць — вельмі малая велічыня на ўзроўні статыстычнай хібнасці. Большасць жыхароў Беларусі наведвае тысячы публічных, школьных, бібліятэк ВНУ, якіх пакуль няма ў ЗЭК. Адсутнасць звестак пра іх фонды зніжае эфектыўнасць выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, прадстаўленых у іх, заклапочаны Раман Матульскі, дырэктар НББ. Але да 2020 г. плануецца завяршэнне стварэння рэгіянальнага зводнага электроннага каталога ўсіх шасці рэгіёнаў краіны.

Разумнае відэа

З агромністага масіву неструктураванай інфармацыі знайсці патрэбнае часам бывае нялёгка. Тут і будзе карысная дапамога бібліятэкара, які акажа інфармацыйную падтрымку аддаленаму карыстальніку праз віртуальныя даведачныя службы, сацыяльныя сеткі, чаты, электронную пошту. Сёння ў інтэрнэце найбольш запатрабаваны відэакантэнт, заўважае Алена Тулупава, загадчык аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання НББ. Паводле даследаванняў, пры чытанні тэкстаў засвойваецца толькі 10 %, пры аўдыяўспрыманні — 12 %, а пры камбінаванні аўдыя і відэа — да 65 %. Вось чаму відэа лічыцца найбольш эфектыўнай формай электроннага навучання. У якасці прыкладу эфектыўнай тэхналогіі, у аснове якой — экраннае відэа, Алена Тулупава вылучае тэхналогію скрынкастынгу. Скрынкаст — відэаролік, запісаны з дапамогай спецыяльнай праграмы, які дэманструе дзеянні на экране камп’ютара, што суправаджаюцца голасам, цітрамі, спецэфектамі. Сфера прымянення скрынкастынгу можа быць шырокая: відэаролікі ствараюць для рэкламы бібліятэкі, анонсаў, прэзентацый, майстар-класаў, а таксама для павышэння інфармацыйнай культуры аддаленых карыстальнікаў (з дапамогай стварэння навучальных відэаролікаў). У інтэрнэце ёсць шмат варыянтаў софту для скрынкастынгу. Найбольш папулярныя — Camtasia studio, Movavi Screen Studio 9. Тэкст відэароліка павінен быць кароткі, бо аптымальны час скрынкасту — каля 3 хвілін. Для найлепшага прасоўвання скрынкастаў недастаткова іх проста размясціць у інтэрнэце — варта пастаянна інфармаваць карыстальнікаў аб прадукце, лічыць Алена Тулупава: «Трэба размяшчаць анонсы і постфактумы пра створаныя ролікі, абнаўляць посты пра іх у сацсетках. Размяшчаючы ў сетцы, пажадана далучаць да скрынкастаў метаданыя, якія апісваюць іх змест, у сацсетках прымацоўваць хэштэгі». Калекцыя скрынкастаў НББ сёння актыўна папаўняецца, статыстыка праглядаў і зваротная сувязь сведчаць пра цікавасць да такой новай формы работы. Меншае колькасць зваротаў аддаленых карыстальнікаў з пытаннямі пра работу сэрвісаў, па якіх створаны відэаўрокі. Такая форма дае новыя магчымасці для абслугоўвання аддаленых карыстальнікаў і павышэння іх інфармацыйнай культуры.

Зварот карыстальнікаў да электронных дакументаў у складзе ліцэнзійных электронных рэфармацыйных рэсурсаў нямецкія калегі з бібліятэкі Універсітэта Іагана Гутэнберга ў Майнцы (Германія) адзначаюць як асноўную тэндэнцыю, якая вядзе да адчувальных змяненняў. У прыватнасці, ва ўніверсітэцкай бібліятэцы Майнца значна скарацілася падпіска на папяровыя навуковыя часопісы. Больш за тое, тут плануюць і далей яе зводзіць да мінімуму або адмовіцца ад падпіскі на папяровыя часопісы ўвогуле. Гэта абумоўлена вельмі багатым кантэнтам, прадстаўленым у электронных рэсурсах, а таксама шырокімі пошукавымі і функцыянальнымі магчымасцямі, якімі валодаюць сучасныя электронныя платформы выдаўцоў і агрэгатараў электронных рэсурсаў, падзялілася досведам ад стажыроўкі Марына Рудакоўская, загадчык аддзела карпаратыўнага ўзаемадзеяння НББ. Нямецкія калегі лічаць, што такія змяненні дадуць значнае вызваленне плошчаў, якія можна выкарыстаць для іншых мэтаў. У гэтай бібліятэцы адсутнічаюць карткавыя каталогі і картатэкі (даведачна-пошукавы апарат — у электроннай форме).

Больш анлайн-сэрвісаў

Важнае значэнне ў бібліятэчна-інфармацыйнай прасторы набываюць электронныя бібліятэкі і анлайн-рэсурсы. Нацыянальная (Каралеўская) бібліятэка Даніі прадастаўляе чытачам у карыстанне электронны лічбавы каталог REX — поўную базу даных для пошуку інфармацыі з магчымасцю заказаць анлайн неабходныя матэрыялы, карыстацца аддаленым доступам, атрымліваць анлайн-дапамогу бібліятэчных супрацоўнікаў. Так бібліятэчна-інфармацыйная прастора трансфармуецца з дапамогай анлайн-сэрвісаў і лічбавых бібліятэк для доступу да інфармацыі дыстанцыйна з любога пункта свету.

На партале НББ з 2018 года запрацавала сінхронная форма віртуальнага даведачнага абслугоўвання з выкарыстаннем чат-тэхналогіі: колькасць аддаленых карыстальнікаў пастаянна расце, што вымагае новых форм атрымання даведак. Апошнім часам колькасць заказаў у НББ на розныя бібліятэчныя паслугі павялічылася ў 3,5 раза: у НББ звяртаюцца жыхары іншых рэгіёнаў і атрымліваюць поўны цыкл паслугі — ад заказу праз партал бібліятэкі да атрымання выніку на электронную пошту (створаны асобны відэаўрок па ўсіх спосабах і этапах анлайн-аплаты заказу, пры гэтым захаваліся аналагічныя бясплатныя паслугі: на партале, як і раней, працуюць тры ВВС, чат, іншыя формы інфармацыйнабібліяграфічнага абслугоўвання). Удасканаліла віртуальнае абслугоўванне і функцыя прыёму электронных плацяжоў.

Такім чынам, у новым лічбавым свеце абвастраецца неабходнасць вызначаць, ці гатовы бібліятэкар змяняцца, перавучвацца, пераходзіць ад пасіўнай пазіцыі да актыўнай. Аднак паскараючы працэсы перапрацоўкі інфармацыі, лічаць футуролагі, камп’ютарныя тэхналогіі адмоўна ўздзейнічаюць на чалавечую свядомасць. У інфарматызацыі і глабалізацыі многія бачаць цэнтральную пагрозу для чалавецтва. Дзмітрый Ліхачоў у свой час прадказваў: «ХХІ стагоддзе будзе стагоддзем гуманітарных навук і гуманізму. У адваротным выпадку чалавецтва можа вырадзіцца ў гуманоідаў, якія ўмеюць лічыць і карыстацца камп’ютарамі, але і духоўныя каштоўнасці можна будзе выказаць адным-двума словамі»…

Наталля СВЯТЛОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: У рэжыме 24/7

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».