Вы тут

Шчаслівы чалавек —чалавек здаровы


Яна, як і мы, ляцела з Мінска на аздараўленне ў Натыку — адзін з медыцынскіх аюрведычных цэнтраў, што ў паўднёвым індыйскім штаце Керала. Там, тры гады таму, і пазнаёміліся, разгаварыліся. Як аказалася, Алена — медыцынская сястра, якая свядома выбрала прафесію масажыста, — таксама мела патрэбу ў аздараўленні. «Проста мне вельмі цяжка дома знайсці свайго спецыяліста: планка запатрабаванняў, пэўна, высокая», — прызналася без ілжывай сціпласці. Пазней я сустракалася з ёй неаднаразова ў адным з салонаў Мінска, на сабе адчула ўздзеянне чулых яе, сказала б нават, разумных і добрых рук. І, вядома ж, як тое здараецца ў журналісцкай прафесіі, калі ты зачараваны годным чалавекам, прафесіяналам, то натуральна прадставіць яго чытачам.


 Бабуля Ядвіга і экзамен па біялогіі

— Алена, як ты памятаеш, калі мы вярталіся дадому з Кочына, я была сведкай тваёй дапамогі пажылой японцы ў аэрапорце Абу-Дабі, якой стала кепска… Ніколі не забуду, як хутка ты ёй аказала першую дапамогу, потым выклікала лекара. Яшчэ тады карцела спытаць: адкуль у табе гэта якасць — усім дапамагаць, а таксама ўвесь час нешта вывучаць і ўсім цікавіцца?

— Напэўна, тое ад бабулі Ядвігі, светлая ёй памяць. Я любіла яе. Бабуля была ўнікальным чалавекам, яна вельмі гарманічна існавала ў прыродзе, прыкмячаючы ўсё навакол. І ў людзях, з якімі ўмела заўсёды ладзіць, разбіралася. Кожнае лета я праводзіла ў вёсцы, дзе яны жылі з дзядулем Міхаілам. Дарэчы, ездзілі мы туды і ў выхадныя дні. Там быў велізарны ўчастак — 75 сотак: з вялікім старым садам, мноствам кветак. Мы з дзвюма сёстрамі любілі там гуляць. Вёска Навінкі — маляўнічы куток, гэта кіламетраў 20 ад Мінска. З аднаго боку вёскі — бярозавы гай, з другога — сасновы бор і поле. Мы з бабуляй часта гулялі па лесе, яна распавядала мне ў тым ліку й пра паганскіх багоў. Першай гісторыяй, якая ўрэзалася ў памяць, было паданне пра чароўную папараць-кветку. Дарэчы, я была да бабулі бліжэй за ўсіх яе ўнукаў. Мяне цікавілі, скажам, іх размовы з дзядулем. Бывала, пра некага я пытаюся — і бабуля раскажа гісторыю жыцця таго ці іншага чалавека. Для мяне ж яны гучалі як казкі. Вельмі любіла слухаць пра тое, як гатуюцца розныя стравы, назіраць за працэсам. А тое немагчыма паўтарыць: бо ежа ў Навінках гатаваліся ў печы. Ні ў духавой шафе, ні на газавай або электрапліце такое не згатуеш. Я ўважліва назірала, як, да прыкладу, запячы хлеб і ўнутры яго — мяса. Бабуля тым часам распавядала, як даўным-даўно яе бабуля гатавала такую страву. Расказвала, як рабілася мука, як білі масла ў сялянскай гаспадарцы. І я сама тое рабіла ўручную: збівала смятану ў масла ў старой бойцы — драўлянай ёмістасці спецыяльнай формы. А яшчэ бабуля мая лячыла людзей. Я бачыла, як яна замаўляла спалох, лячыла трафічныя язвы… Было тое, на першы погляд, проста: чалавек сядзеў побач з ёй, а бабуля ціхенька чытала малітву. Мабыць, яна і нарадзілася з такім дарам: дапамагаць людзям. Пэўна, і ў мяне такое адтуль… Цікаўнасць да жыцця, прага ведаў у мяне вялізныя. Калі бачу, як чалавек добра нешта робіць, то хачу таму навучыцца. Вось мы сядзім з вамі, а я краем вока бачу, як барыста робіць каву. Мабыць, так і з маёй прафесіяй.

— Ты, мяркуючы па ўсім, свядома выбрала нялёгкі шлях масажыста?

— (Усміхаецца.) Не абышлося тут, як кажуць, без шчаслівага выпадку. Бо ў медыцыну я трапіла неверагодным чынам. Ніякіх планаў на гэты конт у мяне й не было. У старэйшых классах, помню, гублялася ад мамчыных пытанняў: кім хочаш быць? Таму што сама не ведала. Хоць і сваякі-медыкі былі: цётка — стаматолаг, дзядзька — хірург-афтальмолаг... Я і медыцына — немагчыма, думала я. А мая сяброўка хацела паступіць у медыцынскі каледж, толькі ў яе не надта ішла біялогія. Падыходзіць неяк да мяне пасля 9‑га класа і кажа: ці не магла б ты пайсці са мной на паступленне? А чаго раптам? Ну, кажа, калі будзе экзамен па біялогіі, ты мне ўсё й напішаш. Ну як тут не дапамагчы? Вось і пайшлі мы паступаць. Здалі першыя два экзамены, біялогія была апошняй. Я падрыхтавала і для яе адказ па білеце, а сяброўка так хвалявалася, што не змагла нічога нават прачытаць з таго, што я ёй напісала. Карацей, яе адсеялі, а я здала й біялогію. Прайшла! Дома расказваю: паступіла ў медкаледж. Пасмяяліся, вядома. Толькі мама сказала: ну, значыць можна там і вучыцца. Так я пачала патрохі асвойваць медыцыну.

— І як табе навука давалася?

— Было цяжка. Праграму школьных 10–11‑х класаў праходзілі за адзін год, а потым анатомія, фізіялогія, фармакалогія, латынь… Я й цяпер дзіўлюся: як гэта ўдавалася засвойваць такую плынь інфармацыі? Клалася ў 3–4 гадзіны ночы, у 6 раніцы ўжо ўставала. З масажам знаёмілася на апошнім курсе. Выкладчыца наша набірала групу для курсаў масажыстаў, прычым у яе ўвайшлі толькі тыя, хто дасканала ведаў анатомію. І я ў іх ліку. Бацькі аплацілі мне вучобу, і я, надзвычай натхнёная тым, што ўсім родным буду рабіць масаж, пайшла вучыцца. Праўда, і да курсаў яго ўжо рабіла, як умела, і мамчыным сяброўкам, і знаёмым, у якіх былі скаліёзы, астэахандрозы. Размеркавалі мяне пасля вучобы ў Мінскі эндакрыналагічны цэнтр, і, працуючы там, я ездзіла на дом рабіць масажы для тых, хто ўва мне меў патрэбу. Былі кліенткі сярод сябровак старэйшай сястры: хацелі пры дапамозе масажу змагацца з цэлюлітам. Так што практыка была, і навык паволі выпрацоўваўся. А потым прапанавалі мне працу ў адным з салонаў прыгажосці. Там займаліся карэкцыяй фігур з выкарыстаннем медапаратаў, шукалі медыка. Такую працэдуру, выказала я меркаванне, добра было б сумяшчаць з массажам — і дырэктар дазволіў мне тое рабіць. Так і пачалося паглыбленне ў прафесію масажыста. Я стала наведваць, напрыклад, курсы ароматэрапіі, спецыяльныя семінары, на якіх прэзентавалася прафесійная касметыка для масажу.

 Калі не расце «тоўстая скура»

— А як жа з эндакрыналагічным цэнтрам? — Таксама была добрая школа. Працуючы там, асвоіла ўсе віды медыцынскай прафесіі сярэдняга ўзроўню: прыём хірурга, прыём тэрапеўта, прыём у кабінеце дыябетычнай ступні, праца ў працэдурным кабінеце… І тая справа мне падабалася. Я спачувальна ставілася да хворых, але бачыла: людзі па-рознаму рэагуюць на чужы боль. Нейкая «недушэўнасць» некаторых эндакрынолагаў спачатку шакавала. З часам пачала іх разумець і апраўдваць. Доктар жа бясконца спачуваць не можа: кожны дзень — боль, боль, боль… З часам ліміт спагады нават у самых душэўных вычэрпваецца. Бо што такое па 40 чалавек за прыём? Каласальнае псіхалагічнае напружанне. А дыябетыкі — пацыенты спецыфічныя: ёсць у іх крыўды на жыццё за тое, што па пяць разоў штодзень інсулін трэба калоць, што ныркі барахляць… Шмат гісторый хвароб я назірала, і было цяжка маральна. Магчыма, я да таго была не гатовая, а «тоўстая скура» ўсё ніяк не нарастала, і я адчувала, што трохі яшчэ — і ўжо не вытрымаю. У нейкі момант зразумела: не хачу так хвалявацца, самаразбурацца. У мяне было два шляхі: альбо вучыцца быць нячулым «інструментам» у той сістэме, альбо — сыходзіць. І я прыняла рашэнне: хачу мець дачыненне да медыцыны, людзям дапамагаць вырашаць праблемы са здароўем, але — не працуючы ў медыцынскай установе.

Сэлфі з сям'ёй у Венецыі

— Па размеркаванні ў цэнтры табе ж трэба было адпрацаваць тры гады?

— Дык я і адпрацавала. Гэта быў цудоўны калектыў. На працу ісці хацелася. Дарэчы, пасля адпрацоўкі паступіла яшчэ і ў медуніверсітэт, што ў Мінску, на аддзяленне стаматалогіі. Але прыйшла 1 верасня на вучобу — і забрала дакументы. Так-так, больш чым дзіўна. Ход разважанняў быў такі: цэлых 6 гадоў я буду абмежаваная ў магчымасці паглыбляць свае веды ў масажы. І таксама — 6 гадоў! — не змагу дапамагаць сям’і. Старэйшая сястра, Наташа, яшчэ вучылася, малодшая Галіна — школьніцай была, у бацькоў — невялікія заробкі. Я, дарэчы, з рабочай сям’і: мама працавала на вытворчым аб’яднанні «Гарызонт», а тата — на трактарным заводзе: у ліцейным цаху. Мы жылі вельмі сціпла. Я падумала: у такой сітуацыі вучыцца яшчэ 6 гадоў — гэта неяк эгаістычна… І падарожнічаць, разважала, доўга__ не змагу — а гэта ж асаблівае маё захапленне.

— Ці падабаецца табе тваё цяперашняе жыццё? Маючы справу з целам чалавека — ці стамляешся? Бо целы ж розныя, і людзі розныя, і могуць прыйсці не тыя, хто табе падабаецца…

— Я задаволена сваім жыццём. Люблю цела чалавека, бо гэта ўніверсальны інструмент, які стварыла прырода. У ім усё гарманічна. Не бачу заган у любым целе. Так, у кожнага з нас ёсць лёгкія «адхіленні ад нормы», якія можна пры пэўных умовах, намаганнях ліквідаваць. Я ніколі не думаю пра цела чалавека як пра нешта брыдкае ці, скажам так, няправільнае, не адпаведнае нейкім параметрам. Што хаваць: бывае, і стамляюся. Праца фізічная, цэлы ж дзень на нагах. Але маё цела прыладзілася да такіх нагрузак. Яно — як у спартоўца, які памногу гадзін у дзень трэніруецца. І яшчэ, ёсць такі фактар: да мяне ідуць мае людзі, не выпадковыя. Паколькі я ў прафесіі 15 гадоў, то магу сабе дазволіць выбіраць, з кім працаваць. І цяпер увесь мой час распісаны для пастаянных кліентаў. Яны мне ўдзячныя, і я адчуваю іх падзяку. Яна таксама надае мне сілы. Энергія ўдзячнасці вельмі дапамагае пераадолець стан спустошанасці пасля працэдуры масажу, калі такое здараецца. Ну вы ж таксама ведаеце пра ўзаемаабмен энергіямі. Такі вечны рухавік… Таму стомленасць адчуваю рэдка, хутчэй — задавальненне. Мне так прыемна бачыць, як чалавек усміхаецца, пачынае добра выглядаць, здаравее. У некаторых цалкам змяняецца жыццё, калі яны пазбаўляюцца болю, нейкага знешняга дэфекту, пачынаюць сябе любіць, маюць сілы дарыць сваю любоў блізкім…

— Яшчэ, ведаю па сабе, часам і добрае слова лечыць…

— А без гэтага ж ніяк! Усім кліентам, што наведваюцца да мяне, падабаецца са мной размаўляць. Часам дзеляцца нейкімі праблемамі, раяцца са мной. І дзякуючы таму я таксама набываю свой уласны каласальны досвед. У мяне, бывае, атрымліваецца вучыцца на чужых памылках, хоць і кажуць: чужыя шышкі — як пустышкі. Натуральна, я таксама раблю ў жыцці памылкі, аднак дзякуючы «спавядальнасці» кліентаў, з улікам перажытых імі жыццёвых сітуацый, я магу лепш зразумець і сябе. Трэба яшчэ мець на ўвазе: на масаж «проста так», для прафілактыкі не надта ходзяць. Даводзіцца працаваць з людзьмі, якім патрэбна й маральная падтрымка. Помніцца: жанчына раптам запала ў дэпрэсію, калі ўсвядоміла, колькі ёй ужо гадоў… Але ж мы ўсе, дарэчы, не маладзеем! А тут: усвядоміла — і жахнулася… Спрабавала я змяніць пункт погляду на сітуацыю: як можна, казала, крыўдзіцца на лёс, калі ў свае 55 гадоў ты прыгожая, здаровая, калі ўсё ў жыцці ў цябе вельмі нават нядрэнна? І расказала ёй гісторыю пра маці адной з кліентак, якая ў 55 толькі пачала жыць. Да таго ж «існавала» ў складаным шлюбе шмат гадоў. А як выгадавала дзвюх дачок, то ўспомніла: яна ж калісьці займалася танцамі. Знайшла курсы, пайшла танцаваць. На курсах ладзілі вечары танцаў. А потым пачала яна й за мяжу выязджаць, і нават перамагаць у конкурсах. У яе з’явіліся годныя прыхільнікі. Дзякуючы ім зразумела сваю сапраўдную вартасць. То кліентка з дэпрэсіяй, паслухаўшы мяне ўважліва, зрабіла высновы: пайшла на курсы англійскай мовы, курсы па стылістыцы… Пачала сабою займацца. І цяпер смяецца, калі пытаюся: ну як там наша дэпрэсія? Мноства жаночых і мужчынскіх гісторый праходзяць праз мяне, і я іх пры выпадку «дастаю з палічак», як мікстуру, калі трэба каго падбадзёрыць.

Перад прыёмам чарговага наведніка

Раскоша чалавечых зносін

— Атрымліваецца, што, акрамя масажу, паралельна ідуць у цябе сеансы псіхатэрапіі?

— Можна і так называць, але ж і для мяне асабіста гэта псіхатэрапія. У мяне ж таксама, як кажуць, не заўсёды гарманічныя ўзоры на палатне жыцця складваюцца, ёсць нейкія праблемы. Растуць, напрыклад, дзве дачкі-падлеткі: Вікторыя ў 8‑м класе, Валерыя ў 7‑м. У мужа Дзмітрыя, ён праграміст, таксама клопатаў хапае: у яго бізнэс. Мама, Раіса Міхайлаўна, з намі жыве — са сваімі поглядамі на жыццё. І ёсць сітуацыі, якія мне даводзіцца пражываць, «разрульваць», асэнсоўваць. А тут раптам, на шчасце, прыходзіць кліентка, чую гісторыю, «сугучную» з маёй. Ага, тут падказка… Нейкі ход, нюанс, хоць маленькая зачэпачка — і клубок праблем распусціўся. Так я для сябе знаходжу рашэнне. Такія кантакты з людзьмі, на мой погляд, гэта самае каштоўнае, што ўвогуле можа быць у нашым жыцці. Вядома ж, я тут не кажу пра зносіны з людзьмі роднымі, блізкімі ўнутры сям’і — гэта ўвогуле святое. У некага з пісьменнікаў, здаецца, у Экзюперы, ёсць цудоўны выраз: раскоша чалавечых зносін. Для мяне якраз такая раскоша — самая вытанчаная. А тым больш калі людзі маюць вялікі дар слухаць — і чуць, разумець сэрцам, пра што ты кажаш.

— Я чула такі выраз: цела чалавека — гэта творчы працэс прыроды, да цела й ставіцца трэба творча. І масаж можна, падаецца мне, успрымаць як працэс нейкай гарманічнай сутворчасці чалавека з прыродай. А як твае кліенты ставяцца да масажу? Разумею: у беларусаў іншая «культура масажу», чым, скажам, у Індыі. Там на вуліцы можна бачыць, як маці, бабуля робіць масаж сваёй малечы. Ды яшчэ, скажам, з кунжутным алеем…

— У беларускай народнай культуры, ведаю, пацерці, добра прамяць тое месца, якое ўдарыў, таксама прынята. Ды гэта ў экстраным выпадку. У Індыі, вядома ж, нам ёсць чаму павучыцца: там гэтая культура складвалася стагоддзямі, там ёсць Аюрведа (медыцынская сістэма, што грунтуецца на лячэнні масажам, травамі, карэннямі, алеямі, мінераламі й нават металамі. — Аўт.). А ў сучаснай Індыі масаж як лячэбны метад жыве ў клініках, пры занятках спортам — і таксама ў штодзённым побыце: як своеасаблівы гігіенічны сродак. Мае кліенты, мяркую, разумеюць: масаж у пэўных сітуацыях дапаможа лепш, чым «цудадзейныя» таблеткі. Да таго ж яго можна выкарыстоўваць кожны дзень — як расчоску, зубную шчотку… А гадоў пяць таму я заўважала, як дзівіліся людзі, калі казала: масаж варта рабіць рэгулярна, самастойна ці ў спецыялістаў. Для іх было дзіўным тое чуць. І цяпер бытуе моцны стэрэатып: прайсці курс масажу, аздаравіцца-падлячыцца — і забыць пра яго на год. У нейкі момант я зразумела: у пару, калі многім катастрафічна не хапае фізічных нагрузак, масаж варта ўспрымаць, прапагандаваць нават на дзяржаўным узроўні — як элемент паўсядзённай народнай культуры. Бо што такое «раз у год»? Ну, спіну табе разгрузілі, шлакі вывелі — але ж гэтага мала. Масаж, які дапамагае целу быць «у форме», патрэбен пастаянна: як штодзённая чыстка зубоў. Можа быць і самамасаж. Але прафесійны масажыст бачыць і адчувае ўсе блокі, размінае заціснутасці, прыбірае наступствы ад стрэсаў — якія пакідаюць у целе свае «сляды». Хоць раз у месяц — патрэбен масаж. Сістэмнасць! Да мяне ходзяць хто раз на тыдзень, хто раз ці два на месяц. Лёгка пераканацца: выгадней, танней будзе не запускаць сваё цела да хвароб і зрываў. Я бачу: практычна ўсе пасля масажу адчуваюць сябе нашмат лепш, нават маральна. Шмат хто кажа: я так чакаў гэты дзень!.. Прыходзяць, кладуцца на масажны стол — і ў іх, прабачце за параўнанне, як у сабакі Паўлава ўключаецца рэфлекс: расслабляцца. Культура масажу ёсць у нашым грамадстве, але, як кажуць, ёсць і над чым працаваць. Нехта шукае сродкі, нехта — добрых спецыялістаў, а камусьці ўсё яшчэ здаецца, што здароўе падае з неба… Ды жыццё не стаіць на месцы: нехта паспрабаваў масаж на чарнаморскім пляжы, нехта — традыцыйны тайскі масаж у Тайландзе, хтосьці — аюрведычны ў штаце Керала. І пайшлі хвалі цікаўнасці. Але той, хто ведае пра добры масаж, такі й шукае.

Масаж як мастацтва

— Пры тым важная, пэўна, і эстэтыка масажу: гэта ж і мастацтва! І тут ёсць зрухі. Летась у верасні ў Мінску, ведаю, праходзіў ужо VII чэмпіянат Беларусі па спамасажы…

— Масаж — гэта сапраўды і мастацтва. Прыемна, што мы рухаемся ў гэты бок: каб не толькі быў эфект для пацыента, але й была прыгажосць у рухах масажыста. Гэта ж часта выглядае як яго танец вакол цела. А раней, наколькі ведаю, масажысты проста калечылі самі сябе: у іх з часам пачыналі хварэць суставы, бо не звярталі ўвагі на тэхніку бяспекі, працуючы з пацыентамі. Сёння масажыста вучаць правільна працаваць корпусам, карыстацца нагамі, пераносіць вагу цела на каленныя й тазавыя суставы. І таму выглядае сам працэс вельмі прыгожа.

— А ты прымала ўдзел у падобных чэмпіянатах?

— Шэсць гадоў таму мяне запрасілі паўдзельнічаць у спа-чэмпіянаце: праходзіў у Маскве на базе вядомай школы Алены Зямсковай. І я там заняла 4‑е месца. Не скажу, што не хвалявалася, бо ўзровень быў высокі. Досвед набыла цікавы. Пазнаёмілася з многімі спецыялістамі ў маёй прафесіі з Расіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі. Першае месца ў чэмпіянаце, памятаю, заняла дзяўчына-масквічка. А ўсяго ў ім удзельнічала 180 чалавек.

— Чула, цяпер масажысты адыходзяць ад прыёмаў жорсткага абыходжання з целам…

— І я праціўнік агрэсіі ў масажы. Некаму падаецца: трэба каб я прамасіравала яго цела да болю. А навошта? Гэта ж велізарны стрэс для арганізма. Любую глыбокую праблему можна вырашаць далікатна. Калі мякка размінаем нейкую мышцу, то цела паступова на твае рухі настройваецца, пачынае цябе да сябе пускаць. Яно перастае закрывацца, абараняцца, і можна дабрацца да любога сустава, любой костачкі…

— Наколькі мне вядома, ты ўвесь час у пошуку, падвышаеш кваліфікацыю ў розных краінах? Гэта таксама частка тваёй сістэмы?

— Мудрыя кажуць: хто не рухаеца наперад — той ідзе назад… Ездзіць па свеце пачала, калі неяк адчула: мне не хапае кіслароду ў прафесіі. Навучылася ўсяму, чаму можна было ў Беларусі. Наведала мноства семінараў: у розных майстроў можна нечаму навучыцца. І новае для сябе знаходзіш нават тады, калі паўторна ідзеш на семінар. Спачатку ездзіла на вучобу ў Маскву, Кіеў. Як вядома, калі ты ў пастаянным пошуку, то на цябе «выходзяць» і прапановы, інфармацыя з’яўляецца. І ты пачынаеш выбіраць, куды рухацца. Я ездзіла ў Італію на кангрэс спа-індустрыі. Гэта велізарны пласт ведаў, пачынаючы ад апаратаў, касметыкі, знешняга выгляду эстэтыста-масажыста. Пабывала ў Іспаніі — захацелася туды пасля кур-__ су хірамасажу ў Маскве, бо Іспанія — радзіма яго.

— Чым ён адметны?

— Мяккі, далікатны… Гэта расслабляльная тэхніка масажу, калі вельмі дэталёва працуеш з кожнай часткай цела, нікуды не спяшаешся. Сярэдняя працягласць сеанса хірамасажу — 3–4 гадзіны. Гэта мяккае апусканне ў тканкі цела, праца з праблемнымі зонамі. Масажыст прыбірае застой лімфы, крыві, ліквідуе спазмы. Родапачынальнік тэхнікі — Энрыке Кастэлс Гарсія: ён ужо не выкладае. У свой час я была на яго занятках. Асноўны філіял школы — у Барселоне. Нядаўна, летам, я зноў там пабывала, удалося мне выявіць для сябе новыя нюансы тэхнікі, якая спалучае ў сабе ўсходнія й класічныя практыкі. Масажыст змешвае стылі, таму вольны ўжываць розныя прыёмы. А іх ні многа ні мала — каля сотні.

Турэцкія сябры Алены. Стамбул.

— Гэта, пэўна, самая яркая твая вучоба?

— Самая яркая вучоба была ў Тайландзе ў 2006‑м годзе. Я там жыла месяц, навучаючыся традыцыйнаму тайскаму масажу. Гэта зусім іншая тэхніка масажу. Калі назіраеш з боку, здаецца, што масажыст выконвае танец: скача, пырхае… Гэта як мануальная тэрапія, але зусім бязбольная, камфортная, ты трапляеш у самае глыбокае расслабленне. У Тайландзе я далучалася і да культуры гэтай краіны. Культура тайскага масажу і масажыстаў вельмі глыбокая. Гэта як філасофія. Наша раніца пачыналася ў храме Ват Пхо — Храме Буды, які ляжыць. Тады храм быў яшчэ адкрыты. Мы дакраналіся да Буды, чыталі малітву — гэта быў настрой на працу з чалавечым целам. І ўжо ў такім, можна сказаць, адухоўленым стане маглі наблізіцца да пацыентаў. Тэорыі было мала, усяго некалькі дзён. І тры тыдні практыкі. Усе выкладчыкі — ва ўзросце: маёй куратарцы было 72 гады, але ж настолькі яна была моцная, маладжавая. Дарэчы, наша група была першай еўрапейскай групай студэнтаў, якіх прыняла школа Ват Пхо: яна пры храме. Тайскі масаж — гэта найстаражытныя тэхнікі. У храме на сценах я бачыла фрэскі: цела чалавека з мерыдыянамі, кропкамі…

— Ты выкарыстоўваеш розныя тэхнікі? А можа ўжо ёсць твой асабісты індывідуальны масаж?

— Я стала заўважаць гадоў пяць таму, што выкарыстоўваць чыстую тэхніку мне складана. Выпрацавалася свая — гэткая манера зносін з целам, якая вельмі рухомая, залежыць ад таго, што патрэбна целу ў дадзены момант. Часам гэта той ці іншы віду масажу, але ў большасці выпадкаў для кожнага з пастаянных кліентаў «ствараецца» масаж індывідуальны. Я ведаю, што ім падабаецца больш, дзе трэба затрымацца даўжэй, якая частка цела просіць інтэнсіўнасці альбо наадварот. Як правіла, я ні пра што не пытаюся — усё адчуваю, быццам чытаю цела.

Нібы кветка лотаса

— Што значыць: быць з целам на «ты»? Я неяк чула такі выраз.

— Многія людзі амаль не чуюць сваё цела, ды й не жадаюць тое рабіць. Нехта мае страх. Ці зусім не разумее, што цела можа падаваць сігналы гаспадару не толькі болем. Калі працую з пацыентам, прашу часам, каб ён… зайшоў у жывот. Гэта значыць: накіруй свядомасць, прыслухайся, адчуй тое, што там адбываецца. Варта не баяцца сканаваць сваё цела, не баяцца прызнаваць і тое, што ў цябе нешта баліць. Ну і даглядайце сваё цела: бо яно даецца нам адзін раз. Каб трымаць яго ў здаровым стане, патрэбны і заняткі фізкультурай, спортам, і правільнае харчаванне, і даследаванне, сканаванне свайго цела.

— Як бы ты назвала свой масаж?

— Ніколі не задумвалася… Але цяпер, калі вы спыталі, паўстала асацыяцыя з кветкай лотаса. Калі я працую з целам чалавека, мне здаецца, што яно распускаецца: нібы кветка. Яно як быццам расцвітае. Ідзе паслабленне: вадкасці пачынаюць лепш цыркуляваць…

— Падарожнічаючы, ты забываеш пра сваю прафесію? Адпачываеш ад яе?

— Не надта гэта ўдаецца, бо заўсёды бачу цела чалавека, з якім сутыкаюся. Бачу міжволі тыя праблемы, якія нясе яно ў сабе. Але, вядома ж, імкнуся не паглыбляцца. Большасць маіх сяброў раз’ехаліся па розных краінах. Скажам, у Даніі, у Капенгагене жыве малодшая сястра. Ёсць сябры ў Фран-__ цыі, Сербіі, Германіі. У Турцыі ёсць пара: этнічныя туркі. Я, дарэчы, Турцыяй захварэла, як толькі туды трапіла. Палюбіла Стамбул. Горад мяне адразу пакарыў: мяркую, гэта сувязь нейкая духоўная, энергетычная. Я там сябе адчуваю як дома, не магу заблудзіцца, ні разу ў Стамбуле мне не сустрэліся дрэнныя людзі. Сябры знаёмяць мяне з культурай, традыцыямі Турцыі, і мне здаецца, што там я магу быць ужо гідам. Стамбул — гэта маё асаблівае натхненне. І дочкі нашыя прывучаныя да паездак. А на восеньскія канікулы мы сям’ёй паедзем у Мілан: яны з малых гадоў ездзяць з намі. А пасля павязу маму ў Тбілісі на тры дні. Гэта мой падарунак да дня яе нараджэння.

— Мама таксама любіць падарожнічаць?

— Казаць пра тое, што ёй прывіта культура падарожжаў, не выпадае. Уявіце сабе: яна працавала на «Гарызонце» ў штамповачным цаху. Праца цяжкая, і жылі мы фінансава цяжка. Таму і я з 14 гадоў пад час летніх вакацый працавала. Цётка была заўмагам, і ўзяла мяне фасаваць сушкі, печыва, халву, алей, сыры. А праз год пусцілі мяне да гандлёвай залы, і я ўжо была кантралёрам, чым вельмі ганарылася. І працу сваю рабіла добра. Студэнткай медкаледжа ўлетку таксама ў цёткі падпрацоўвала. Там і мама працавала, як сышла з «Гарызонта». Калі я клікала яе куды паехаць, яна адмаўлялася. Але мама злётала ў Капенгаген! І вярнулася адтуль з вялікімі, як кажуць, вачыма, пабачыўшы іншы свет. Мама — дачніца, любіць зямлю, і ўлетку яе «выдраць » ад градак складана. А восенню — іншая справа.

Танцаваць пад дажджом

— Ты з катэгорыі людзей, якія глядзяць на свет з вялікай цікавасцю, радуюцца жыццю. На гэты конт згадваецца дыялог двух людзей. Адзін кажа: як я магу радавацца жыццю, калі вакол адны праблемы? Другі: зразумей — жыццё дадзена не для таго, каб чакаць, пакуль сціхне лівень. Яно — для таго, каб навучыцца танцаваць пад дажджом. І ты, мне падаецца, навучылася танцаваць…

— Сапраўды так: гэта і пра мяне. Танцаваць, праўда, не заўсёды атрымліваецца. А што да захапленняў, то асабліва да душы мне людзі, якія робяць што-небудзь добра. І мне ўсё хочацца паспрабаваць. Адчуваю нейкі невытлумачальны голад: «пакаштаваць» і тое, і гэта… Раней было не прынята, каб, дарослыя, скажам, хадзілі на заняткі па кераміцы, маляванні. Але выяўляцца ў творчасці — гэта ж так здорава! Мая знаёмая ў 30 гадоў пачала шыць лялькі, якія былі падобныя да яе сяброў. Я па фатаграфіі заказвала ёй ляльку для сяброўкі на дзень нараджэння. Мне падабаецца сваімі рукамі зрабіць талерку або кубак, намаляваць карціну. У апошні раз, калі я лётала ў Стамбул, падарыла сябрам зроблены мной з керамікі ў выглядзе талеркі ліст манстэры — хатняй расліны. Яны адразу не паверылі, што гэта зрабіла я сама. А карціны, якія малявала на майстаркласе па выяўленчым мастацтве, раздарыла сябрам. Мне вельмі прыемна, калі людзям падабаецца мая праца. І вакалам я таксама занялася. Раней была ўпэўнена: калі чалавеку з дзяцінства не дадзена, то ён спяваць не зможа. Але, як аказалася, добрыя спевы — гэта ўсяго толькі пытанне часу і ўседлівасці. Мая настаўніца паказвала мне сваё відэа дзесяцігадовай даўніны і цяперашняе, каб пераканаць мяне, што я магу таксама навучыцца прыгожа спяваць. І я пабачыла, як у працэсе заняткаў мяняўся яе голас, яго сіла, прыгажосць гучання. Я, вядома ж, не збіраюся пакараць вяршыні эстрады, але падарыць песню добраму чалавеку ўжо магу. Так было з нематэрыяльным падарункам мужу на дзень нараджэння. Сябры нашай сям’і былі ў шокавым стане! Памятаю, мае рукі трэсліся ад хвалявання, што не змагу правільна ўзяць ноту: песня Анжалікі Варум «День опять погас» — няпростая. Але ў мяне атрымалася. Чарговае маё жаданне — навучыцца граць на раялі. Яго я выношваю ўжо некалькі гадоў. Рана ці позна знайду выкладчыка — і буду вучыцца.

Ці вучу я сваіх дзяўчынак творча выяўляць сябе? Ды не… Яны бачаць, як жыву я. Так было і з керамікай, і з маляваннем… Калі ты гэта робіш сам, то дзеці за табой цягнуцца. І тады яны шчаслівыя. А шчаслівы чалавек, як сцвярджае Аюрведа — гэта здаровы чалавек.

Гутарыла Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».