Вы тут

Прэзідэнт актывістам БРСМ: Менш гучных слоў і больш канкрэтных спраў


Прэзідэнт сустрэўся з актывам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.


Цяпло мінулых дзён

Спачатку Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што прыхапіў свой камсамольскі білет на сустрэчу. Паводле яго слоў, гэта мерапрыемства — сведчанне таго, што тыя маладыя людзі не дарэмна гінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, сведчанне іх працоўнага подзвігу, які аказаў сур'ёзны ўплыў на будучае будаўніцтва суверэннай Беларусі.

"Сёння мы адзначаем стагоддзе нашага камсамола. Гэта знамянальны дзень для ветэранаў арганізацыі, для цяперашняй моладзі, прадаўжальнікаў традыцый самага масавага маладзёжнага руху ў гісторыі сучаснай эпохі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Бачыць вас, яго пераемнікаў, — нібы вярнуцца ў сваю маладосць".

Беларускі лідар дадаў, што свята, як і ў многіх суайчыннікаў, выклікае самыя светлыя і добрыя ўспаміны, паколькі “камсамол — гэта маладосць, гэта нястрымная энергія жыцця, час высакароднага імкнення змяніць свет да лепшага”.

Галоўная задача — змяніць гэты свет да лепшага, каб у ім жыла не толькі моладзь, але і цяперашняе пакаленне, лічыць кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуўся да гісторыі стварэння арганізацыі, якая была далёкая ад рамантыкі. Паводле яго слоў, першыя камсамольцы — гэта дзеці рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, складанай эпохі, адназначнай ацэнкі якой няма да гэтага часу. "Але камсамольцы пакінулі нам прыклады самаахвярнай адданасці Айчыне, шчырай веры ў ідэалы сумленнасці і справядлівасці, годныя пераймання", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, раней і цяпер шмат хто крытыкуе былы камсамол, Прэзідэнт таксама крытыкаваў яго кіраўніцтва за фармалізм. Беларускі лідар адзначыў, што ў лідараў БРСМ моладзь часта пытаецца: як рэагаваць на сусветныя падзеі і што рабіць?

Ён дадаў, што ёсць аб'ектыўныя і суб'ектыўныя прычыны, што не ўсе ўспрымаюць арганізацыю адназначна. Дарэчы, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што грамадства зараз "палявела", асабліва на постсавецкай прасторы, — гэта факт, заклікаў да радыкальных змен не будзе. Беларускі лідар дадаў, што славянскія народы адхілілі радыкалізм, ад чаго мы выйграём.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што зараз ідзе барацьба за моладзь, паколькі дарослых людзей памяняць цяжка. Ён параіў у гэта бурны час прытрымлівацца спакойных, цэнтрысцкіх арыенціраў.

На яго думку, памылкі будуць, але лепш хай яны будуць такімі, каб іх можна было выправіць.

Неабходна вызначыцца з напрамкамі, па якіх будзе працаваць моладзь, вызначыць яе права, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Такім чынам даць сігнал грамадству. Органам улады трэба шчыра сказаць, якою ўладаю яны змогуць надзяліць моладзь, у чым яе прадстаўнікі могуць быць памочнікамі для дзяржавы, лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў пачатку мінулага стагоддзя юнакі і дзяўчаты ў літаральным сэнсе адраджалі краіну — і працаваць прыходзілася ў вельмі складаных умовах. Але быў энтузіязм, шчырае жаданне стаць карысным для сваёй Радзімы, узяць на сябе адказнасць за яе будучыню.

"Менш за ўсё моладзь таго пакалення думала аб матэрыяльных выгодах. Гэта быў сапраўды патрыятычны рух", — адзначыў ён.

Гісторыю не сатрэш

На думку беларускага лідара, як бы ні хацелася камусьці сказіць гэтую гісторыю, яна падмацавана рэальнымі фактамі, лічбамі, дакументальнай хронікай, а на старых кадрах відаць шчырыя, адухоўленыя твары.

"Сёння мы з удзячнасцю і пачуццём гонару ўспамінаем камсамольцаў даваеннага перыяду, якія ўзялі шэфства над такімі знакавымі беларускімі аб'ектамі, як БелДРЭС, Гомсельмаш, Аршанскі льнокамбінат. Камсамольцы былі першымі будаўнікамі Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, — нагадаў Прэзідэнт. — Пры іх удзеле былі ўзведзены Магілёўскі трубаліцейны завод, Крычаўскі цэментны, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат".

Ён таксама дадаў, што на беларускіх будоўлях у той час працавалі прадстаўнікі ўсіх рэспублік былога Савецкага Саюза. Беларускія хлопцы і дзяўчаты — больш за 17 тысяч, узводзілі ДнепраГЭС, Сталінградскі трактарны завод, Камсамольск-на-Амуры, шахты Данбаса.

"І што важна памятаць: маштабная савецкая будоўля мацавала брацтва народаў, якія насяляюць Савецкі Саюз, якія не дзялілі яго на сваю і чужую тэрыторыю. Дапамагалі адзін аднаму. Не было б гэтага адзінства, не было б у нас і Вялікай Перамогі. Што граху таіць, ды і нас з вамі не было б", — сказаў Прэзідэнт.

Пра вайну і яе наступствы

Гаворачы пра гісторыю ВЛКСМ, мы ўспамінаем гады Вялікай Айчыннай вайны. Мільёны юнакоў і дзяўчат ішлі на фронт добраахвотнікамі, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Свабоду сваёй зямлі і жыццё іншых людзей ставілі вышэй за ўласныя. І гэта не высокія словы — гэта праўда іх жыцця.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў першыя месяцы вайны больш за палову беларускіх камсамольцаў пайшлі на фронт. Дзеці, не паспеўшы пажыць самі, аддавалі сваё жыццё за будучыню. "Каля паўтысячы герояў Савецкага Саюза — беларусы і выхадцы з Беларусі. Больш за трыста з іх — гэта камсамольцы", — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў пасляваенны час яны аднаўлялі краіну з разрухі. У тыя гады моладзь актыўна ўключалася ў працу на асноўных будоўлях — мінскіх аўтамабільнага і трактарнага заводаў, Светлагорскага завода штучнага валакна, нафтаперапрацоўчага завода ў Наваполацку, хімічных заводаў у Гомелі, Гродне, Полацку, Салігорскага калійнага камбіната.

"Нацыянальны аэрапорт Мінск, сталічны метрапалітэн, многія іншыя стратэгічна важныя для развіцця краіны аб'екты — таксама вынік ударнай камсамольскай працы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка".

Паводле яго слоў, аэрапорт стане ў гэтым годзе цалкам новым, прызямляцца змогуць любыя самалёты любога класа. Што да метро — будуюцца новыя веткі, тэхналогіі зусім іншыя, чым раней. Створаны і закуплены самыя сучасныя сродкі для аператыўнага і хуткага будаўніцтва пад зямлёй.

З чыстых імкненняў

"Шлях камсамола — гэта шлях выпрабаванняў і стварэння. Яго героі кожным сваім здзяйсненнем умацоўвалі прэстыж і памнажалі славу нашай арганізацыі, — адзначыў беларускі лідар. — У той час маладыя людзі шчыра імкнуліся стаць членамі камсамола".

На думку кіраўніка дзяржавы, камсамольцы лічыліся элітай грамадства. Ён таксама нагадаў, што за ўсю гісторыю арганізацыі школу ВЛКСМ прайшлі каля 200 мільёнаў чалавек. Прэзідэнт дадаў, што камсамол заўсёды быў кузняй кадраў для ўсіх сфер дзяржаўнага кіравання, а ўся дзейнасць арганізацыі была выбудаваная так, што яна сапраўды з'яўлялася школай жыцця.

"За гады сваёй гісторыі ВЛКСМ ператварыўся ў магутны шматнацыянальны рух, суцэльны ў сваіх ідэйных памкненнях. Стаў сур'ёзнай альтэрнатывай сілам разбуральных ідэалогій. Не прайшло і дзесяці гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, а нацызм, анархізм зноў захапілі моладзь не толькі ў пасляваеннай Еўропе, але і па ўсім свеце, — заявіў Прэзідэнт. — У той час Савецкі Саюз крытыкавалі, абвінавачвалі ў закрытасці. Я гэта добра памятаю. Але ж было ад чаго закрывацца. У тым ліку і ад ксенафобіі, экстрэмісцкіх поглядаў і тэрарыстычных рухаў, якія набіралі сілу ў маладзёжным асяроддзі заходняга і заакіянскага свету. Гэта была аб'ектыўна ахоўная рэакцыя".

Прэзідэнт адзначыў, што ніколі не клеймаваў тыя падзеі, нават у перыяд ранняга прэзідэнцтва.

Праз гады

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе факты, звязаныя з асноўнымі вехамі камсамольскага руху, не падлягаюць сумневу, іх нельга перапісаць ці схаваць. Праз сто гадоў не страцілі сваёй актуальнасці паняцці сяброўства, братэрства, адзінства, любові да Радзімы, веры ў будучыню, якія сталі гімнам ВЛКСМ.

"Таму, калі распаўся Саюз і новыя дзяржавы перакрэслілі слаўную гісторыю камсамола, мы падхапілі яго сцяг і перадалі нашым дзецям, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ствараючы наш Саюз моладзі, мы нічога новага не прыдумалі, а ўзялі за аснову сувязь пакаленняў, пераемнасць, нашу гістарычную памяць".

Ён дадаў, што прапаноўваў назву арганізацыі "Беларускі саюз моладзі".

Беларускі лідар чарговы раз звярнуўся да актыву БРСМ: яны павінны ведаць і разумець, што з'яўляюцца нашчадкамі герояў. Неабходна берагчы праўду пра гераічнае мінулае, расказваць яе падрастаючаму пакаленню, потым і сваім дзецям.

Прэзідэнт падкрэсліў: трэба захаваць мір і адзінства, завешчаныя камсамольцамі, працягнуць іх справу — жыць і працаваць у імя шчасця і дабрабыту будучых пакаленняў.

Паводле яго слоў, гэта было зроблена ў цяжкія 90-я гады, пабудавана моцная, суверэнная дзяржава, найлепшыя дасягненні мінулай эпохі былі захаваныя.

Годнае пакаленне ўдалося выхаваць, але ў глабальным і маральным сэнсе свет не стаў лепшым, а барацьба дабра і зла не спыняецца, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "Яна пранікае ў духоўную, сацыяльную, эканамічную і палітычную сферы. Праз кнігі, навіны, фільмы, рэкламу, моду. Гэта фронт, дзе не страляюць, але таксама б'юць на паражэнне — толькі праз свядомасць людзей", — сказаў ён.

Ствараць і развіваць

Па словах кіраўніка дзяржавы, задача актыву БРСМ — адстойваць высокія ідэалы сумленнасці і справядлівасці, традыцыйныя духоўныя каштоўнасці. Калі назіраць за апошнімі трагічнымі падзеямі, становіцца відаць, што пунктам адліку многіх стала мэтанакіраванае маніпуляванне свядомасцю моладзі.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што задача моладзі — не даць шанцу нават на спробу выкарыстаць іх розум, інтэлект і энергію ў разбуральных мэтах.

Беларускі лідар падкрэсліў, звяртаючыся да прысутных: “Вы — стваральнікі. Папоўніўшы шэрагі БРСМ, вы зрабілі правільны выбар, цяпер жа трэба будзе зрабіць арганізацыю ў добрым сэнсе слова па-сапраўднаму баяздольнай”.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што актыў БРСМ павінен стаць цэнтрам прыцягнення для астатніх аднагодкаў і ўсіх дзяцей Беларусі. Ён падкрэсліў: не трэба зацягваць моладзь у БРСМ, трэба адчуваць, чым жыве моладзь, быць наперадзе на адзін крок.

Пры гэтым ён адзначыў, што разам з традыцыйнымі напрамкамі трэба браць на сябе больш складаныя і маштабныя задачы. "Трэба менш гучных слоў і больш канкрэтных спраў", — падкрэсліў Прэзідэнт.

У прыклад ён прывёў нашу ІТ-сферу: кіраўнік дзяржавы спытаў у спецыялістаў, ці хочуць яны займацца гэтым, — яны пацвердзілі цікавасць, унеслі прапановы. Таксама і з маладзёжнымі арганізацыямі: яны павінны сказаць, чаго хочуць, а ўлада адрэагуе ўказамі і распараджэннямі, надзеліць уладнымі паўнамоцтвамі.

Яшчэ беларускі лідар расказаў, што, калі яго пытаюць, навошта яму БРСМ, ён адказвае: а калі заўтра са стрэльбай прыйдзецца ўстаць на абарону Радзімы, ці ўдасца абысціся міліцыяй і Узброенымі Сіламі? Як казаў кіраўнік дзяржавы і раней, прыйдзецца раздаць кожнаму мужчыну і нават дзяўчыне зброю, каб абараніць сябе і сваіх дзяцей.

Моладзі ёсць дзе прымяніць сябе. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў ствараць працоўныя брыгады, браць шэфства над будаўніцтвам вялікіх аб'ектаў, далучацца да пытанняў дзяржаўнага кіравання. "Кожны з вас павінен зразумець: нічога ў свеце не даецца без цяжкай працы і выпрабаванняў, лёгкага хлеба не бывае", — канстатаваў ён.

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка запрасіў прысутных да гутаркі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.