Вы тут

7 важных правіл сучаснай жанчыны


Жыццё жанчыны вельмі насычанае: мы ж хочам быць цудоўнымі жонкамі, клапатлівымі мамамі, выдатнымі гаспадынямі, мець поспех на працы, прыгожа выглядаць і знаходзіць час на свае захапленні. Зразумела, такі шалёны жыццёвы рытм даецца нам нялёгка і часта прыводзіць да стрэсаў. Як жа займацца хатняй гаспадаркай не ва ўрон астатнім сваім мэтам і жаданням?


Правіла 1. Пазбаўцеся ад перфекцыянізму.

Многіх з нас з дзяцінства выхоўваюць як добрых дзяўчынак, унушаючы думку пра тое, што ўсё трэба рабіць ідэальна. Аднак рэальнае жыццё такое, што ўзорныя вынікі нашай дзейнасці часта аказваюцца незапатрабаванымі. Уменне рабіць усё не ідэальна, а проста  добра, неабходна сучаснай жанчыне, каб захаваць сабе нервы і час.

Як гэта правіла дзейнічае ў сферы хатняй гаспадаркі? Калі ў вас мала часу на прыборку, зрабіце толькі самае неабходнае. Не мучайце сябе думкай, што вы не ўсё паспелі. Так, магчыма, на блясе ў духоўцы засталіся плямы тлушчу. Ніхто вас за гэта не асудзіць. Затое вы правялі час з сям'ёй, пачыталі добрую кнігу ці проста прагуляліся па парку. Гэта ж важней.

Правіла 2. Расстаўце прыярытэты.

Балансаваць паміж рознымі ролямі – жонкі, гаспадыні, супрацоўніцы – нялёгка, але дакладная сістэма прыярытэтаў дапаможа вам у гэтым. Напішыце на паперы ўсе сферы жыцця, у якіх вы хочаце рэалізоўваць сябе. Падумайце і расстаўце іх у парадку важнасці для вас. Вырашыце, колькі часу вы сапраўды гатовыя ўдзяляць вядзенню хатняй гаспадаркі ў дзень, тыдзень, месяц. Распішыце, якія гаспадарчыя справы вам варта рабіць у першую чаргу, а якімі можна ахвяраваць, калі не хопіць часу. Разважанні аб гэтым дапамогуць вам больш эфектыўна планаваць свой час.

Не забывайце, ваша здароўе – галоўны прыярытэт. Абавязкова ўдзяліце яму ўвагу ў вашым спісе. На якасны адпачынак і аднаўленне сіл таксама патрэбны час.

Правіла 3. Плануйце свае справы.

Гучыць занудна, і ўсё ж планаванне дапамагае пазбавіцца ад стрэсаў, звязаных з адчуваннем, што вы нічога не паспяваеце. Памятайце, што няма сэнсу планаваць, калі вы не расставілі для сябе прыярытэтаў і не ўсведамляеце сваіх каштоўнасцяў. Тайм-менеджмент працуе толькі для спраў, якія сапраўды вам падабаюцца альбо прыносяць карысць. У іншых выпадках вы будзеце падсвядома супраціўляцца вашым планам. Таксама важна выпрацаваць сістэму планавання, якая падыдзе для вашага характару і тэмпераменту. Калі вы творчая асоба, то жорсткі тайм-менеджмент можа ўвагнаць вас у дэпрэсію. Калі вы прывыклі да пастаяннага кантролю, то вам можа быць некамфортна, калі графік занадта гнуткі і прадугледжвае частую перастаноўку планаў па часе.

Плануйце дамашнія справы – ад дробязяў да буйных мерапрыемстваў. Выкарыстоўвайце для гэтага спецыяльныя дадаткі на тэлефоне ці звычайны папяровы штодзённік. І не трымайце ўсё ў галаве – вызваліце ​​яе для прыемных думак і свежых ідэй.

Правіла 4. Дазваляйце вам дапамагаць.

Калі вы спрабуеце рабіць усё ў гордай адзіноце – гэта прамы шлях да нервовых хвароб. Абавязкова прасіце вашых блізкіх аб дапамозе і не адмаўляйцеся, калі яны вам яе прапануюць. Вучыцеся не саромеючыся гаварыць, калі вам цяжка і патрэбна падтрымка. Памятайце: ваш муж, дзеці і ўсе блізкія будуць рады бачыць вас шчаслівай і здаровай. Таму не бярыце на сябе занадта шмат.

Правіла 5. Карыстайцеся дасягненнямі навукі і тэхнікі.

Актыўна выкарыстоўвайце ў хатняй гаспадарцы сучасную тэхніку, якая дапамагае зэканоміць вельмі шмат часу. Мультыварка, пасудамыйная машына, робат-пыласос, іншыя выдатныя прылады ствараюцца, каб аблегчыць вам жыццё. Нават калі яны пакуль не ўкладваюцца ў сямейны бюджэт, плануйце іх на будучыню. Вывучайце сучасныя мыйныя сродкі – многія з іх вельмі эфектыўныя і істотна скарачаюць час прыборкі. Звяртайце ўвагу на дробныя кухонныя гаджэты, напрыклад, ачышчальнікі гародніны і садавіны.

Правіла 6. Пазіцыянуйце сябе правільна.

Наколькі вам падабаецца займацца хатняй гаспадаркай? Адкажыце сабе сумленна на гэтае пытанне. Ёсць жанчыны – прыроджаныя захавальніцы ачага, якім клопат аб доме прыносіць сапраўдную радасць. Але, магчыма, кулінарыя – не ваш канёк, а хатнія справы здаюцца вам невыносна сумнымі. У гэтым няма нічога страшнага. Вядома, сачыць за домам неабходна, але ніхто не прымушае вас быць ідэальнай гаспадыняй. Пэўна, у вас ёсць мноства іншых добрых якасцяў, і вашы блізкія лёгка даруюць некаторыя недасканаласці ў вядзенні  хатніх спраў.

Правіла 7. Заставайцеся жанчынай ва ўсіх сітуацыях.

Калі ваш дом выглядае ідэальна, але вы пры гэтым падобныя на Людмілу Пракопаўну  (гераіня з кінастужкі "Службовы раман") да яе змянення – задумайцеся. Ніколі не забывайце, што перш за ўсё вы жанчына, а не гаспадыня, не жонка, не мама, не супрацоўніца буйной кампаніі. Калі вы выпраменьваеце радасць, шчасце і спакой, то блізкім людзям будзе добра побач з вамі. Але калі ў вас патухлы позірк, стомлены выгляд і дрэнны настрой – сумна будзе ўсім, нават ва ўзорна чыстым доме.

Сачыце за сваім душэўным станам, знешнім выглядам і настроем. Любіце сябе, не забывайцеся дастаткова адпачываць і радавацца жыццю. І тады вам будзе нашмат прасцей стварыць утульную атмасферу ў вашым доме.

Аліна БЯЛОВА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.