Вы тут

Палацу — статус каштоўнасці, сцяг — у кожны дом


Галоўнае з гутаркі Аляксандра Лукашэнкі з актывам БРСМ.

Актывіст Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бурда прапанаваў прысвоіць Палацу Незалежнасці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і выказаў надзею, што Аляксандр Лукашэнка падтрымае такое пачынанне.


У адказ беларускі лідар адзначыў, што існуюць пэўныя працэдуры, калі гэта ідэя будзе падтрымана, то ён пагодзіцца.

Другой да кіраўніка дзяржавы звярнулася навуковы супрацоўнік, аспірант ДНУ "Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі" Анастасія Лапко: яна прынесла на сустрэчу дзяржаўны сцяг, з якім паднялася на некалькі горных вяршыняў. На яе думку, беларусы слаба папулярызуюць сваю сімволіку, таму прапанавала зрабіць у кожны дом маленькі, але сціплы падарунак з выявай дзяржаўнай сімволікі.

Прэзідэнт заявіў, што гэта добрая прапанова, яна будзе рэалізавана. Пры гэтым ён адзначыў, што не ўсе захочуць атрымаць гэта сцяг, але пераважная большасць людзей яго возьмуць. Кіраўнік дзяржавы даручыў адпаведным органам заняцца гэтым пытаннем.

Лідар Іванаўскай раённай арганізацыі ГА "БРСМ" Сяргей Дубік запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў Брэст, які неўзабаве будзе святкаваць тысячагоддзе з дня заснавання, і ў мясцовы Моладзевы патрыятычны цэнтр, першы ў краіне. Беларускі лідар прыняў запрашэнне.

Яшчэ адно пытанне прагучала ад актывіста, які прымаў удзел у будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі: над будаўніцтвам якога буйнога аб'екта трэба будзе ўзяць шэфства БРСМ у наступны раз? Прэзідэнт адзначыў, што можа назваць шмат аб'ектаў, але не хоча спяшацца, каб пазней не прыйшлося мяняць рашэнне. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, што разам з кіраўніцтвам краіны падумае над гэтым пытаннем.

Ён звярнуў увагу, што не ўсе стануць спецыялістамі ў сферы ІТ. Дарэчы, на дадзеным этапе цыфравізацыю краіны беларускі лідар бачыць не як дадатак да рэальнага сектара эканомікі, а як сферу, якая падыме эканоміку. Пры гэтым, на яго думку, цыфравізацыя павінна пранізваць усе бакі жыцця. Патрэбныя ўсе прафесіі, канстатаваў ён, а яшчэ патрэбныя кропкі росту, каб краіна развівалася.

Беларусі ўдалося заскочыць у гэты вагон, таму ў нашай дзяржаве надаецца вялікая ўвага перспектыўным сферам — космасу, ІТ, БелАЭС. А калі гэтага не рабіць, то краіна застанецца на ранейшым узроўні. Таму беларускі лідар заявіў, што моладзевай будоўляй будзе абвешчаны такі аб'ект, які будзе сімвалізаваць нашы памкненні. "Гэта будзе аб'ект будучыні", — сказаў ён.

Прапанова ад актыву: праводзіць Форум сельскай моладзі, які б збіраў маладых працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, прадпрымальнікаў, работнікаў сацыяльнай сферы. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю, задумка такога Форуму яму вельмі блізкая, паколькі сам ён — вясковы чалавек. "Калі вы паклічаце — я прыеду", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лідар Савецкай раённай арганізацыі БРСМ Анастасія Маркоўская выступіла з ініцыятывай стварэння ва ўсіх рэгіёнах Беларусі паркаў сямейных дрэў, дзе кожная сям'я можа пасадзіць дрэва з нагоды шлюбу і іншых важных сямейных падстаў, а таксама папрасіла Прэзідэнта вясной наступнага года закласці ў Беларусі першы парк. Беларускі лідар назваў ініцыятыву цудоўнай і падтрымаў яе, а таксама дадаў, што неабходна вызначыцца з месцам. Ён нагадаў, што побач з Палацам Незалежнасці ёсць чатыры дрэва — іх пасадзілі кіраўнік дзяржавы і яго сыны. Тое ж было зроблена і на Радзіме Прэзідэнта, і ў яго рэзідэнцыі.

Беларускі лідар адзначыў, што 2019 год, які таксама пройдзе пад знакам Года малой радзімы, можа быць прысвечаны азеляненню і прыродзе. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў працу па азеляненні ў беларускіх гарадах — але не толькі да правядзення Еўрапейскіх гульняў, але і на перспектыву ў цэлым.

Кіраўнік Маладзёжнай федэрацыі воркаўта Аляксандр Сергіенка падняў пытанне аб стварэнні адпаведных пляцовак для заняткаў спортам. Па словах хлопца, праект ёсць, але ён мае патрэбу ў дапрацоўцы канструктараў і інжынераў. Але ў рэгіёнах такіх пляцовак проста не хапае. Беларускі лідар папрасіў Адміністрацыю Прэзідэнта прапрацаваць гэтую прапанову і дадаў, што калі ў праекце сапраўды ёсць нешта новае, будзе развіццё, гэта будзе разгледжана спецыялістамі. "Словам, падтрымка вам забяспечана, дзейнічайце", — дадаў ён.

Да кіраўніка дзяржавы звярнулася юная пiянерка. Яна спытала, якія сямейныя навагоднія традыцыі ёсць у беларускага лідара. У адказ Аляксандр Лукашэнка сказаў, што галоўная традыцыя — правесці прэзідэнцкую ёлку, а ўсё астатняе другаснае. Ён адзначыў, што ўзімку часта наведвае дамы-інтэрнаты, гэта робяць і яго сыны. Прэзідэнт запрасіў піянерку на елку, а дзяўчынка ў адказ запрасіла яго на канцэрт дзіцячай школы мастацтваў у Смаргонь. Беларускі лідар прапанаваў новую традыцыю: запрашаць у Мінск на ёлку дзіцяці з невялікага горада, а Прэзідэнт будзе рыхтаваць яму падарунак.

Да кіраўніка дзяржавы звярнулася старшыня Цэнтральнага савета РГА "Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя" Аляксандра Ганчарова — яна распавяла, што БРСМ рэалізуе праект па стварэнні ролікаў пра малую радзіму, і папрасіла даць магчымасць паказваць іх у эфіры тэлеканалаў. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову, але адзначыў, што ролікі павінны быць годнымі.

Прагучала прапанова ад актыву, як папулярызаваць дзяржаўную сімволіку: напрыклад, на плошчы Дзяржаўнага сцяга ёсць экран, на якім транслююцца яркія моманты ўзнагароджання беларускіх спартсменаў. Было прапанавана дадаць фатаграфіі суайчыннікаў, у якіх ёсць пэўныя поспехі і ў іншых галінах. Аляксандр Лукашэнка адназначна падтрымаў ідэю і адзначыў, што ўжо да 1 студзеня гэта будзе зроблена. Ён падкрэсліў: трэба паказваць нашых людзей.

Акрамя таго, кіраўніка дзяржавы папрасілі расказаць пра самыя яркія ўспаміны камсамольскай маладосці. Як уручалі яму камсамольскі білет? Аляксандр Лукашэнка расказаў, што быў гарэзам у школе, таму ўступленне зацягвалася. Ён вельмі добра запомніў сам момант уручэння. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі б у яго жыцці не было камсамола, то ён не быў бы Прэзідэнтам. А калі б і стаў на чале краіны, то не быў бы ў асобных пытаннях такім эфектыўным.

Напрыканцы размовы Прэзідэнту падарылі кнігу "У рытме імклівых гадоў..." пра гісторыю моладзевага руху Беларусі.

Пасля для кіраўніка дзяржавы правялі невялікую экскурсію па інтэрактыўных пляцоўках, прысвечаных рабоце БРСМ на сучасным этапе. Прэзідэнту паказалі батлейку, прадэманстравалі магчымасці моладзевай ТБ-студыі, а таксама спецыяльную навучальную праграму, якую можна ўсталяваць на розныя девайсы. Яшчэ кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі айчынны 3D-прынтар. Разам з байцамі студатрадаў Аляксандр Лукашэнка праспяваў дзве песні. Цікава, што музычнае суправаджэнне забяспечыў малодшы сын Прэзідэнта Мікалай і яго выкладчыца, якія апынуліся за раялем. Акрамя таго, байцы студатрадаў падарылі беларускаму лідару байцоўку сучаснага ўзору.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Карэспандэнт «Звязды» ацаніла гастранамічны патэнцыял горада.

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.