Вы тут

Дзе «хаваюцца» фталаты і чаму іх трэба сцерагчыся


Разам з касметыкай, дзіцячымі цацкамі або бытавой хіміяй кожны з нас сёння можа прынесці дадому шкодныя для здароўя і навакольнага асяроддзя рэчывы — фталаты. У групе рызыкі нават самы ўважлівы спажывец, паколькі знайсці іх у складзе тавару практычна немагчыма.

Чаму фталатаў варта сцерагчыся, ці ёсць для іх «зялёная» альтэрнатыва і як эколагі спраўляюцца з праблемай, расказаў дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў
Яўген Лабанаў.


Добрыя пластыфікатары і эндакрынныя разбуральнікі

Наогул самі па сабе фталаты (солі і эфіры фталевай кіслаты) не з'яўляюцца нейкім каштоўным прадуктам і для прамысловасці цікавасці не ўяўляюць. А вось у якасці дадатку гэтыя рэчывы прымяняюцца паўсюдна. Фталаты — добрыя пластыфікатары, таму без іх практычна немагчыма выкарыстоўваць вялікую колькасць відаў пластмас (у прыватнасці, полівінілхларыд (ПВХ)) — досыць цвёрдых па структуры матэрыялаў. Аднак на гэтым «плюсы» фталатаў не заканчваюцца. Дзякуючы сваім уласцівасцям яны здольныя фіксаваць колер і пах, таму з лёгкасцю знайшлі прымяненне ў касметычнай і парфумернай вытворчасці.

Танныя, практычныя, зручныя — фталаты выкарыстоўваюцца з кожным годам усё больш і больш. Толькі за 2013 год у свеце было выраблена каля 5,5 млн тон гэтых рэчываў.

Вядома, адказныя вытворцы імкнуцца сачыць за складам свайго прадукту. Таму, як правіла, у той жа касметыцы колькасць фталатаў будзе невялікая. Тым не менш нават малая канцэнтрацыя гэтых рэчываў наносіць істотную шкоду здароўю чалавека. Справа ў тым, што фталаты здольныя ўбудоўвацца ў працэсы метабалізму. У канчатковым выніку гэта прыводзіць да збою работы эндакрыннай сістэмы і, як вынік, развіцця такіх сур'ёзных захворванняў, як парушэнне абмену рэчываў, атлусценне, дыябет, бясплоддзе і г. д. Асабліва церпяць жанчыны дзетароднага ўзросту і дзеці.

Да таго ж хімічна фталаты не злучаюцца з прадуктам, яны здольныя з лёгкасцю вызваляцца з яго і пранікаць у ваду, паветра, глебу, сліну і г. д. Атрымліваецца, што пад уплыў фталатаў падпадае як чалавек, так і экасістэма. Але самае небяспечнае — яны здольныя назапашвацца ў жывых арганізмах і навакольным асяроддзі.

«Нябачная» пагроза

Зразумела, відавочная шкода фталатаў не магла застацца незаўважанай. Менавіта таму ў шэрагу краін на большасць з гэтых рэчываў уведзены абмежаванні, а некаторыя і зусім забаронены. Аднак на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, куды ўваходзіць і Беларусь, кантралююцца не ўсе фталаты.

Год таму грамадскія арганізацыі з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі (сярод іх і Цэнтр экалагічных рашэнняў) ініцыявалі праверку дзіцячых цацак на рынку краін ЕАЭС на наяўнасць фталатаў. Вынікі атрымаліся несуцяшальныя: гэтыя рэчывы былі знойдзены ва ўсіх даследаваных цацках, прычым у некаторых нават з перавышэннем дапушчальнай нормы. Такія вынікі прывялі грамадскіх эколагаў да прадказальных дзеянняў: яны патрабуюць дапрацаваць тэхнічны рэгламент «Аб бяспецы цацак» з мэтай пашырэння спіса рэгуляваных фталатаў і абмежавання іх выкарыстання ў дзіцячых цацках на тэрыторыі краін ЕАЭС, а таксама абавязаць вытворцаў цалкам пісаць склад тавару. Зараз даведацца, ці змяшчаюцца фталаты ў тым ці іншым прадукце, практычна немагчыма. Як правіла, яны могуць хавацца пад тэрмінам «араматычная аддушка» ці не ўказвацца наогул.

— Вядома, усе тавары, асабліва дзіцячыя цацкі, сёння ў Беларусі праходзяць дастаткова жорсткую сертыфікацыю. Аднак мы жывём ва ўмовах адкрытага рынку, і магчымасць натрапіць на няякасны прадукт усё ж існуе. Не можа, напрыклад, танная цацка з едкім пахам быць бяспечнай, нават калі яна нейкім чынам атрымала патрэбны сертыфікат, — падкрэсліў Яўген Лабанаў.

Як засцерагчы сябе ад фталатаў?

На жаль, па словах эколага, бяспечнай альтэрнатывы фталатам пакуль няма. Пры гэтым не варта забываць, што любая замена можа аказацца яшчэ горшай за арыгінал. Таму адзіны выхад — старацца пазбягаць тавараў, у якіх могуць змяшчацца фталаты або іншыя патэнцыйна небяспечныя для здароўя і навакольнага асяроддзя рэчывы.

— Фталаты — гэта адзін з індыкатараў сістэмнай праблемы хімікатаў у таварах. На жаль, небяспечныя рэчывы сёння могуць прысутнічаць у многіх прадуктах у якасці розных дабавак, пры гэтым інфармацыі пра гэта на ўпакоўцы можа не быць. Таму трэба вучыцца працаваць з інфармацыяй пры выбары той жа цацкі. Не ведаеце, як знайсці бяспечную, — пачытайце ў інтэрнэце (напрыклад, на сайце www.есоіdеа.bу або www.sаfеtоуs.bу), пагутарыце са спецыялістамі, — падкрэсліў эколаг.

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: «Не можа цацка з едкім пахам быць бяспечнай!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.