Вы тут

Альманскія балоты — агульны клопат


У рамках І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя пытанням аховы прыроды Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў Украіны ў 2017 годзе прынялі сумеснае рашэнне  аб стварэнні пастаянна дзейнай двухбаковай камісіі па каардынацыі пытанняў аховы і ўстойлівага выкарыстання трансгранічных прыродных тэрыторый. Першае пасяджэнне гэтай камісіі прайшло 25—26 кастрычніка ў Гомелі.


Адна з тэм, якую абмяркоўвалі спецыялісты, — становішча на Альманскіх балотах. Гэта сакральны аб'ект прыродна-запаведнага фонду краіны. Балоты захаваліся практычна ў першапачатковым выглядзе.

«Тут доўгія гады існаваў па-сапраўднаму запаведны рэжым, пачынаючы з часоў, калі гэта тэрыторыя належала магнацкаму роду Радзівілаў. Яны вельмі строга забаранялі ўсякую гаспадарчую дзейнасць і толькі зрэдку ладзілі вялікакняжацкія паляванні, — увёў у курс справы намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі Дзмітрый Грумо. — У пасляваенныя гады беларускімі навукоўцамі былі сабраны ўсе неабходныя матэрыялы для абвяшчэння Альманскіх балот запаведнай тэрыторыяй. Аднак замест запаведніка тут быў арганізаваны найбуйнейшы ў Еўропе і другі па велічыні ў свеце Мерлінскі ваенны авіяцыйны палігон. Толькі ў 1998 годзе на гэтай тэрыторыі быў створаны рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Альманскія балоты».

Між тым, паводле слоў вучонага, размяшчэнне палігона нават спрыяла захаванню балот у першапачатковым выглядзе. Цяпер жа існуе шэраг праблем: лясныя і тарфяныя пажары; суцэльныя высечкі; асушальная меліярацыя; рэкрэацыйныя нагрузкі, у тым ліку ўтылітарная рэкрэацыя, фактар неспакою. Больш за ўсё пажараў фіксуецца ў верасні, калі на балотах актыўна збіраюць журавіны. Прычым спрошчаны доступ на беларускую тэрыторыю дазволены і грамадзянам Украіны. Па ягады з суседняй краіны за дзень прыходзяць ад 1000 да 1500 чалавек.

Таксама былі заслуханы выступленні на гэтую тэму Міхаіла Максіменкава — навуковага супрацоўніка НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, і Васіля Бачука — дырэктара Ровенскага прыроднага запаведніка.

Па выніках пасяджэння было прынята рашэнне аб распрацоўцы і далейшай рэалізацыі сумеснага плана кіравання трансгранічным водна-балотным угоддзем міжнароднага значэння «Альманскія балоты — Пераброды».

Члены камісіі з абодвух бакоў актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях, часам нават спрачаліся, але сустаршыні — намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Аляксандр Корбут і намеснік міністра экалогіі і прыродных рэсурсаў Украіны Васіль Палуйка — знаходзілі кансэнсус па вострых пытаннях.

«Безумоўна, рабоце пасяджэння папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа з абодвух бакоў, — сказаў Васіль Палуйка. — Мы адкрыта гаварылі аб праблемах, каму што баліць — гэта важна. Задаволены, што пасяджэнне прайшло ў канструктыўнай рабочай абстаноўцы. Члены камісіі вельмі адказна падыходзілі да прыняцця выніковых рашэнняў, якія маюць канкрэтны практычны характар».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».