Вы тут

Як Беларусь, Украіна і Расія клапоцяцца пра трансгранічныя водныя аб'екты


На Гомельшчыне самыя вялікія запасы паверхневых вод у Беларусі. Як захоўваецца гэтае багацце, расказаў намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім ТКАЧОЎ, імя якога занесена на Дошку гонару Мінпрыроды.


— За кошт выкарыстання ў вытворчасці сістэм абаротнага і паўторнага водазабеспячэння ўдаецца дасягнуць сур'ёзнага ўзроўню эканоміі паверхневых вод. Пры гэтым эканомія вады складае больш за 95 %, — кажа Вадзім Ткачоў. — На некаторых прадпрыемствах і арганізацыях складанае становішча, аднак, нягледзячы на недахоп фінансавых сродкаў, праца па рэканструкцыі і будаўніцтве аб'ектаў па ачыстцы сцёкавых вод не спыняецца. У Рагачове працягваецца рэалізацыя праекта па будаўніцтве новых ачышчальных збудаванняў за кошт крэдытных сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Ёсць ужо завершаныя праекты. Напрыклад, на Беларускім металургічным заводзе ў гэтым годзе ўведзены ў эксплуатацыю ачышчальныя збудаванні па перапрацоўцы засоленых сцёкавых вод. Гэта значыць, забяспечана вяртанне на паўторнае выкарыстанне 600 кубічных метраў у суткі сцёкавых вод, якія раней ішлі на ачышчальныя збудаванні КЖУП «Уніком». Неўзабаве гэта абсталяванне выйдзе на поўную магутнасць. На Тураўскім малочным камбінаце завершана будаўніцтва ачышчальных збудаванняў поўнай біялагічнай ачысткі.

— Прырода не ведае межаў: Дняпро бярэ пачатак у Расіі і, працякаючы па тэрыторыі Беларусі, нясе свае воды ва Украіну. Ці не стварае трансгранічны статус гэтай воднай артэрыі праблем з забруджваннем рэк Гомельшчыны?

— У вобласці размешчана 29 пунктаў назірання, у тым ліку два трансгранічныя пасты на вадацёках, якія прыходзяць у Беларусь з тэрыторыі Расіі (рэкі Іпуць у Добрушы і Бесядзь у Свяцілавічах Веткаўскага раёна). Назіраннямі ахоплена 17 рэк, адно вадасховішча. Штогод адбіраецца каля 300 проб і выконваецца звыш 8000 хімічных аналізаў. Як паказваюць вынікі маніторынгу паверхневых вод, большасць водных аб'ектаў вобласці па гідрахімічным і гідрабіялагічным статусе адносяцца да катэгорыі «добры» і «выдатны».

За два апошнія гады прыкметна палепшыўся агульны стан водных аб'ектаў басейнаў Дняпра, у прыватнасці па складзе біягенных элементаў.

— Гэтым летам у Гомелі адбылося першае пасяджэнне Прыпяцкага басейнавага савета. Якія пытанні абмяркоўваліся і хто ўзяў удзел у яго рабоце?

— Адно з вострых і цікавых пытанняў, якое абмяркоўвалася на пасяджэнні, — пра мэтазгоднасць аднаўлення воднатранспартнага злучэння Е-40. Прадстаўнік Міністэрства транспарту і камунікацый праінфармаваў аб бягучым стане спраў. Удзельнікі пасяджэння асабліва адзначылі, што работы па гэтым праекце павінны ажыццяўляцца ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі водаахоўнага заканадаўства нашай краіны. Разгледзелі і шэраг арганізацыйных пытанняў, абраўшы кіраўніцтва Прыпяцкага басейнавага савета. Хачу падкрэсліць, што на пасяджэнне былі запрошаны прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў «Багна» і мясцовая «Асацыяцыя дзяцей і моладзі». Намеснік старшыні ГА «Багна» Канстанцін Чыкалаў расказаў пра дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў па кіраванні воднымі рэсурсамі ў басейне ракі Прыпяць.

У далейшым басейнаваму савету трэба будзе правесці самы пільны аналіз існуючай водагаспадарчай сітуацыі, а таксама даць аб'ектыўную ацэнку перспектыўнаму выкарыстанню водных рэсурсаў з улікам сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

— Як наладжана супрацоўніцтва з калегамі з суседніх краін?

— З калегамі з Расіі і Украіны ў нас склаліся добрыя працоўныя кантакты і добрасуседскія адносіны. У мінулым годзе разам з расійскімі спецыялістамі актывізавалі працу па трансгранічным маніторынгу вод у басейнах рэк Дняпро і Заходняя Дзвіна.

У маі Гомель прымаў удзельнікаў X пасяджэння сумеснай беларуска-расійскай камісіі па ахове і рацыянальным выкарыстанні трансгранічных водных аб'ектаў. Па выніках пасяджэння было адзначана, што ў цэлым водагаспадарчая абстаноўка на трансгранічных водных аб'ектах басейнаў Дняпра і Заходняй Дзвіны застаецца стабільнай.

У рамках І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які праходзіў 25—26 кастрычніка ў Гомелі, на базе абласнога камітэта адбылося пасяджэнне Дняпроўскага басейнавага савета. На ім разгледзелі шэраг актуальных пытанняў, у прыватнасці праект плана кіравання басейнам ракі Дняпро, меры па прадухіленні заморных з'яў рыбы.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Загаловак у газеце: Рэкі атрымалі адзнакі «добра» і «выдатна»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.