Вы тут

Маладзечна працягвае традыцыі Міхала Клеафаса Агінскага


Неўзабаве Маладзечанскі музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага адзначыць сваё 60-годдзе. Напярэдадні знакавай даты Мінаблвыканкам падарыў установе раяль «Стэйнвэй» — надзвычай каштоўны музычны інструмент (такія ж раялі ёсць у Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ў Акадэміі музыкі). І гэта шмат пра што сведчыць. Сапраўды, маладзечанскіх музыкаў ніяк не назавеш местачковымі. Хутчэй, наадварот, менавіта яны, раўняючыся на найлепшыя сусветныя ўзоры, успамінаючы пра славутага земляка, у гонар якога названа ўстанова, сведчаць пра тое, якім павінен быць узровень музыкі ў нашай краіне.


Бу­ды­нак Ма­ла­дзе­чан­ска­га му­зыч­на­га ка­ле­джа імя Агін­ска­га.

Варта адзначыць, што двое выпускнікоў каледжа з'яўляюцца народнымі артыстамі — гэта Юрый Антонаў і Аляксандр Ціхановіч. Сем чалавек — заслужаныя дзеячы культуры Беларусі. У каледжы закладзены даўнія традыцыі высокага музычнага прафесіяналізму. І кіраўніцтва краіны са свайго боку падтрымлівае іх, забяспечваючы добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. «Мы маем 400 музычных інструментаў, сярод якіх 80 % — гэта інструменты сусветнага ўзроўню, — кажа заслужаны дзеяч культуры Беларусі, дырэктар Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, дырыжор сімфанічнага аркестра гэтай установы Рыгор САРОКА. — Мы маем інтэрнат, які размяшчае ўсіх запатрабаваных. Да таго ж майстэрні для мастакоў. Ёсць і транспарт — грузавая машына, аўтобус. Навучальны корпус змяшчае 66 аўдыторый, якія адрамантаваны па еўрастандартах. Наша матэрыяльная база надзвычай багатая».

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана БАРАНОК дала сваю ацэнку працы
каледжа:

— Мы ганарымся тым, што ў нас ёсць такая альма-матар. Многія ўстановы адукацыі і культуры не абыходзяцца без выпускнікоў Маладзечанскага музычнага каледжа. Сёння яго дыплом — сінонім знака якасці. Ён сведчыць і пра высокі ўзровень падрыхтоўкі, і пра павышэнне кваліфікацыі ў далейшым — вялікі працэнт выпускнікоў паступае ў Акадэмію музыкі і ў іншыя навучальныя ўстановы вышэйшай ступені. Таму вучыцца там прэстыжна. Наяўнасць інтэрната — таксама вялікі плюс. Паміж вучэбным корпусам і інтэрнатам нават ёсць падземны пераход — з аднаго ў другі можна трапіць не выходзячы на вуліцу; як і перайсці ў вучэбныя класы, дзе можна займацца самаадукацыяй. Мінаблвыканкам заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць каледж, на чале якога стаіць таленавіты кіраўнік, што стварае такі працаздольны калектыў.

«Музычны тэатр, створаны на базе сімфанічнага аркестра, — гэта, безумоўна, унікальная з'ява, аналагаў якой у нашай краіне няма», — таксама мяркуе Святлана Баранок.

Кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, выпускнік Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ расказаў пра сваё музычнае сталенне ў гэтай установе:

— Каледж (а для мяне яшчэ вучылішча) — гэта тое месца, дзе я рос. Памятаю першых выкладчыкаў, якія працавалі там, стаялі каля вытокаў, — усе захапляліся імі і казалі пра неверагодна высокую якасць выкладання (сярод згаданых спецыялістаў быў і мой бацька). Тая каманда ацэньвала ўсё па гамбургскім рахунку, у іх не было адчування ўласнай правінцыйнасці — не. У іх была музыка сусветнага ўзроўню, адносна якога ацэньвалі сябе, сваю работу і студэнтаў. Магу сказаць, што гэта дастаткова жорсткае, прафесійнае стаўленне, якое я адчуваў на сабе. Думаю, што такі крытэрый у многім вызначыў вектар развіцця і рух установы.
А зоркай сярод студэнтаў у той час быў... Рыгор Сарока! Не выпадкова, што пладом гэтага прафесійнага адбору стаў цяперашні кіраўнік каледжа.

Прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, выпускніца Музычнага калежа імя Агінскага Людміла КОЛАС на прэс-канферэнцыі, якая праходзіла ў прэс-цэнтры Дома прэсы, расказала, што яна вельмі ўдзячна каледжу за тое, што там па-ранейшаму працуюць яе выкладчыкі, якія рыхтуюць вельмі таленавітых студэнтаў. Адзначыла таксама, што менавіта з выпускнікоў каледжа ў далейшым атрымліваецца падрыхтаваць найлепшых майстроў, якія пасля робяцца лаўрэатамі розных конкурсаў, салістамі Опернага тэатра.

— У педагагічнай працы я вельмі цаню тых выкладчыкаў, якія маюць сівыя валасы, — вобразна заўважыў Рыгор Сарока. — Бо нават дыплом можна сёння набыць, а вось вопыт выпрацоўваецца з гадамі. Таму калі чалавек мае адукацыю, талент і здароўе захаваў, калі ён таленавіты, то я кажу такім спецыялістам: «Пакуль ногі вас сюды нясуць, і пакуль я кірую каледжам, будзьце спакойныя, вы працягваеце працаваць». Я лічу, што калі на педагагічным савеце няма «сівых валасоў», то гэта не педагагічны савет, а дзіцячы сад. Таму мы вельмі беражом і традыцыі, і тых, хто з'яўляецца іх носьбітамі і мае жаданне перадаць моладзі.

Кампазітар, дацэнт Акадэміі мастацтваў Беларусі Алег ЗАЛЁТНЕЎ падрэзюмаваў:

«Такога маладзёжнага тэатра, які створаны пры музычным каледжы ў Маладзечне, вы, напэўна, не пабачыце нідзе на постсавецкай прасторы. Так, дзесьці ў Германіі, напрыклад, можна пабачыць муніцыпальныя, паўаматарскія оперныя тэатры — гэта сведчыць пра тое, што ўзровень культуры даволі высокі... Маладзечна паказвае нам, якой павінна быць культура ў нашай краіне. Калі гэта падхопяць іншыя, будзе цудоўна!»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Не правінцыйнымі меркамі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.