Вы тут

У Мінскай вобласці стартаваў унікальны праект «Міншчына дзівосная»


У Мінскай вобласці стартаваў унікальны праект «Міншчына дзівосная». Ён запушчаны ўпершыню і не мае аналагаў у Беларусі.


Сутнасць яго ў тым, каб звярнуць увагу жыхароў і гасцей на самабытнасць традыцый, культуры, унікальнасць месцаў і аб'ектаў цэнтральнага рэгіёна. Здавалася б, яны даўно знаёмыя, але пры больш уважлівым падыходзе да іх адкрываюцца новыя факты і цікавыя старонкі. Міншчыне ёсць чым ганарыцца. І найперш —людзьмі, якія штодзённай працай праслаўляюць свой край.

— У кожны рэгіён вобласці плануецца выезд прадстаўнікоў тэлебачання, радыё, друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, якія будуць сустракацца з жыхарамі, знаёміцца з гістарычнай, прыроднай, культурнай спадчынай, людзьмі, якія праславілі Міншчыну. Хтосьці з іх ужо адышоў у іншы свет, але аб іх памятаюць. Нехта жыве ў іншых гарадах і мясцінах, але нарадзіўся менавіта ў Мінскай вобласці. Напрыклад, вядомыя трансплантолаг Алег Румо і кардыяхірург Юрый Астроўскі. Сёння яны ратуюць жыцці людзей у Мінску, але мы хочам, каб усе ведалі, што іх малая радзіма — Міншчына, — расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана Баранок. — Мы далі падрабязны анонс пра кожны рэгіён у сродкі масавай інфармацыі. І думаю, журналісты пасля наведвання іх змогуць падзяліцца сваімі ўражаннямі з нашымі жыхарамі.

У Бярэзінскім раёне ў цэнтры рамёстваў створаны музей драўлянай лыжкі, дзе размешчана звыш 150 экспанатаў, а ў двары ўстановы размясцілі 23-метровы шэдэўр — самую вялікую лыжку ў свеце. Яе змайстраваў мясцовы ўмелец Яўген Осіпаў. У даўнія часы ў многіх вёсках Беларусі вясёлым абрадам «Цягнуць каляду на дуба» завяршалі калядныя святкаванні. Але толькі на Бярэзіншчыне ў вёсцы Новіны захавалі гэты абрад, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Традыцыі закладнога ткацтва працягваюць у вёсцы Семежава Капыльскага раёна, унікальную манеру выканання песень — у Любанскім, Старадарожскім раёнах, пляценне пояса — ва Уздзенскім раёне.

У Мінскай вобласці працуе шмат прадпрыемстваў, якіх больш няма ў Беларусі: БелАЗ, «Беларуськалій». «Штадлер» выпускае чыгуначны транспарт, «БелДжы» — аўтамабілі. У вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна знаходзіцца Цэнтр касмічнай сувязі. У раёне пахаваная беларуская святая блажэнная Валянціна Мінская, да якой прыязджаюць паломнікі з усяго свету. Месца пахавання з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Механічныя гадзіннікі Андрэя Мартынюка цалкам выраблены з дрэва і прызнаны ўнікальнымі ў многіх краінах свету. Вырабы рамесніка працуюць у сусветных гадзіннікавых цэнтрах — Швейцарыі і Германіі, і як бы звязваюць Дзяржынск з астатнім светам у часе і прасторы.

— Бясспрэчна, аб'ектаў для наведвання вельмі шмат — ад 20 да 50 у кожным раёне і горадзе Жодзіна. Гэты спіс, магчыма, будзе папаўняцца. І аб'ехаць усе, вядома, немагчыма, — адзначыла Святлана Баранок. — Але, мяркую, журналісты знойдуць тое самае важнае, значнае, чым адрозніваюцца рэгіёны паміж сабой, і змогуць гэта данесці да ўвагі людзей.

Гэты праект паслужыць не толькі асветніцкім мэтам, але і, на маю думку, дасць штуршок для развіцця турыстычнага патэнцыялу цэнтральнага рэгіёна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Міншчына дзівосная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.