Вы тут

Колькі ў нашай краіне смаўжоў і ці ёсць сярод іх ядавітыя


У рэдакцыю часопіса «Родная прырода» прыйшоў ліст ад чытача Мікалая Петрушэнкі з Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Падчас назірання за птушкамі ў лесе васьмікласнік Уладзімір Петрушэнка сфатаграфаваў смаўжа вялікага памеру. Аўтар ліста палічыў, што такі смоўж адносіцца да рэдкага віду. Ці сапраўды на фота знікаючая жывёла, мы спыталі ў старшага выкладчыка Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдата біялагічных навук Канстанціна Земаглядчука.


Па словах спецыяліста, наш чытач натрапіў на самага буйнога смаўжа ў Еўропе, даўжыня якога можа дасягаць 30 см, — Lіmax cіnereonіger, або чорнага смаўжа. Жыве ён у старых лясах і парках, дзе харчуецца грыбамі. У Беларусі гэты від дастаткова распаўсюджаны, але сустрэць яго, як і астатнія віды, не так проста. Справа ў тым, што смаўжы не любяць сонца, таму днём хаваюцца пад карчамі ці падсцілкамі. Актыўнае жыццё ў іх пачынаецца толькі ноччу, аднак калі дзень вільготны — яны таксама выходзяць «у свет».

— Магчыма, фотаздымак быў зроблены пасля дажджу ці раніцай, калі яшчэ не сышла раса, — падкрэсліў Канстанцін Земаглядчук.

Увогуле, смаўжы не належаць да асобнага атрада ці сямейства. Можна сказаць, што гэта своеасаблівая жыццёвая форма слімакоў. Між тым сярод слімакоў ёсць нават сямействы, якія складаюцца выключна са смаўжоў.

Усяго на тэрыторыі нашай краіны жыве дзевяць відаў смаўжоў, аднак часцей за ўсё сустракаецца тры: Lіmax maxіmus, або смоўж вялікі, Deroceras retіculatus, або смоўж сеткаваты, і Arіon subfuscus, або смоўж бураваты.

Lіmax maxіmus знешне вельмі падобны да чорнага смаўжа. Адрозніваецца ж ён візуальна толькі сваёй мантыяй, якая ў гэтага віду смаўжоў не цалкам чорная, а пакрытая буйнымі чорнымі плямамі. Селяцца вялікія смаўжы побач з чалавекам, аднак на вочы трапляюцца яму рэдка. У асноўным днём жывёлы хаваюцца пад дошкамі, у падвалах альбо каналізацыйных калодзежах.

— Баяцца смаўжоў не варта. Яны абсалютна неядавітыя, у іх нават няма зубоў, каб укусіць. Але браць гэтых жывёл у рукі я не рэкамендаваў бы, бо вельмі доўга потым прыйдзецца адмывацца ад ліпкай слізі, якая, дарэчы, абараняе смаўжоў ад ворагаў, — адзначыў эксперт.

Deroceras retіculatus, або смоўж сеткаваты, сустракаецца на палях і ў агародах, дзе харчуецца зялёнымі часткамі раслін, чаму і лічыцца шкоднікам. Пазнаць яго можна па крэмавым альбо шэрым колеры цела з сеткаватым малюнкам. Скура гэтага смаўжа тонкая і далікатная, што робіць яго вельмі адчувальным да сонечнага святла. Так, смаўжы пазбавіліся ад цяжкай ракавіны, каб хутчэй перамяшчацца і хавацца ў цесных шчылінах, аднак сталі безабароннымі перад сонцам.

Arіon subfuscus, або смоўж бураваты, — лясны від, які харчуецца грыбамі. Не дзіўна, што часцей за ўсё ён сустракаецца ў грыбны сезон. Бураваты смоўж мае брудна-рудую альбо брудна-карычневую афарбоўку, а ўздоўж яго цела праходзяць дзве цёмныя палоскі.

На жаль, у Беларусі ёсць і інвазійны від смаўжоў — Krynіckіllus melanocephalus, або смоўж чорнагаловы. Першапачаткова ён жыў у горным Крыме і на Каўказе. Цяпер жа арэал гэтага смаўжа досыць хутка пашыраецца. Калі яшчэ некалькі гадоў таму выяўленні яго на тэрыторыі нашай краіны былі адзінкавымі, то цяпер ён утварае буйныя папуляцыі ў гарадах.

— Чорнагаловы смоўж даводзіцца нашаму сеткаватаму смаўжу сваяком — абодва яны належаць да сямейства Agrolіmacіdae і сілкуюцца зялёнымі часткамі раслін. Аднак інвазійны від уяўляе вялікую небяспеку: ён не толькі ў два разы большы за абарыгенны, але і менш баіцца сонца, — падкрэсліў вучоны.

Дарэчы, Канстанцін Земаглядчук адзначыў, што кожнае выяўленне смаўжоў — вельмі важная падзея для вучоных, бо пакуль арэал пражывання гэтых малюскаў вельмі мала даследаваны. Расказаць пра сустрэчы з імі і зрабіць унёсак у вывучэнне біяразнастайнасці нашай краіны можна на сайце http://florafauna.by.

Кацярына ЦІТОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?