Вы тут

Пасадка морквы і радыскі на зіму: як зрабіць гэта правільна?


Многія думаюць, што моркву трэба саджаць вясной, а ўраджай збіраць восенню. Дасведчаныя ж агароднікі сеюць яе пад зіму, што дасць магчымасць атрымаць першыя вітамінныя караняплоды значна раней за самыя хуткаспелыя сарты, пасаджаныя ў вясной.


Сяўба морквы пад зіму валодае шэрагам пераваг:

  • морква, пасеяная восенню, дасягае харчовай спеласці ўжо ў першай палове чэрвеня, прыкладна на 15—20 дзён раней за любы ранняспелы вясновы сорт;
  • караняплоды вырастаюць буйныя, роўныя і вельмі сакавітыя, бо талыя вясновыя воды падтрымліваюць пастаянную вільготнасць глебы;
  • рана вясной большасць шкоднікаў яшчэ не актывізавалася, таму рызыка пашкоджання імі пасеваў значна зніжаецца (асабліва маркоўнай мухай);
  • на вызваленым ўчастку можна высадзіць іншую культуру.

Насуперак усеагульнай думцы для сяўбы пад зіму абсалютна не падыходзяць ранняспелыя сарты морквы. Яны даюць хуткія і раннія ўсходы, якія часта пашкоджваюцца маразамі. У выпадку нечаканага пацяплення могуць з'явіцца парасткі, наступнае пахаладанне іх непазбежна знішчыць.

Пасяўныя тэрміны

Дакладныя тэрміны правядзення пасяўных работ прадбачыць загадзя немагчыма, паколькі восеньскае надвор'е мае зменлівы нораў. Найбольш спрыяльным лічыцца перыяд, калі тэмпература ўжо стала трымаецца каля адзнакі -2 ... 0 °C, а цёплыя дні засталіся ў мінулым. Зваротнае пацяпленне можа выклікаць прарастанне насення. Ад наступных халадоў парасткі адназначна замерзнуць, і ўся праца будзе марная. Лепш за ўсё сеяць прыкладна за 7—10 дзён да наступлення сапраўдных маразоў.

Зямля павінна трохі падстыць, але не прамерзнуць. Дапускаецца нават пасадка морквы пад снег у загадзя падрыхтаваныя на градцы разоры.

Падрыхтоўка градкі

Для градкі трэба выбраць месца на ўзвышаным, добра асветленым, сонечным участку, там, дзе снег вясной сыдзе ў першую чаргу.

Нельга саджаць моркву на месцы, дзе яе толькі што ўбралі восенню. Паўторная пасадка на гэтым участку дапускаецца толькі праз тры-чатыры гады.

Найлепшымі папярэднікамі будуць: гарбузовыя (агуркі, гарбуз, кабачок і інш.); цыбульныя (цыбуля, часнок); бульба; зяленіўныя (салата, кроп і інш.); капуста; памідоры.

Не рэкамендуецца саджаць моркву там, дзе ў гэтым сезоне раслі бабовыя.

Градка пад моркву для восеньскага пасеву рыхтуецца наступным чынам. Глебу старанна і глыбока перакопваюць (на 25—30 см). Уносяць угнаенні з разліку на 1 м2:

арганіку — попел драўняны (1 шклянка) і перапрэлы гной (2—3 кг);

мінеральныя ўгнаенні — суперфасфат (25—30 г) і соль калійную (10—15 г).

На перакапанай і ўгноенай градзе робяць баразёнкі глыбінёй прыкладна 3—5 см. Каб іх не размыла дажджамі і вада не прынесла з сабой насенне пустазелля, прыкрыйце разоры чым-небудзь. Падрыхтуйце матэрыял для мульчыравання і сухі грунт. Засталося толькі дачакацца неабходнага часу для сяўбы.

Сяўба

Насенны матэрыял нельга папярэдне замочваць. Насенне сеюць больш густа, чым пры вясновай сяўбе, бо многае з яго не перажыве маразы. Прысыпаюць пластом сухой цёплай садовай зямлі, падрыхтаванай загадзя. Зверху ўкладваюць пласт мульчы з торфу або перагною (2—3 см). Злёгку ўшчыльняюць рыдлёўкай або прыкатваюць спецыяльным катком. Калі ўжо выпаў снег, градку можна прысыпаць ім. Калі ж не — мульчыруюць пасадкі загадзя падрыхтаванай, напрыклад, сухой апалай лістотай або прыкрываюць лапкамі. Зімой трэба абавязкова падграбаць на градку снег.

Догляд

Вясной, як толькі сыдзе снег, трэба прыбраць лапкі. Робяць парнік пры дапамозе дуг і нятканага аграматэрыялу (плёнкі) для паскарэння прарастання насення. Пры з'яўленні першых усходаў яго адразу прыбіраюць.

На стадыі ўтварэння першай пары сапраўдных лісткоў пасевы прарэджваюць, пакідаючы паміж раслінамі не больш за 2 см.

Праз тры тыдні праводзяць паўторнае рыхленне і прарэджванне, павялічваючы адлегласць да 4—5 см.

Сеем радыску

Высадзіць у канцы восені, каб атрымаць асалоду ад свежай гародніны ранняй вясной, можна і сакавіты, вітамінавы і яркі караняплод — радыску!

Радыска вылучаецца сваёй непераборлівасцю, прастатой у доглядзе, хуткаспеласцю і стойкасцю да замаразкаў. Але не варта падбіраць месца для пасадкі дзе-небудзь у нізіне. Вашы пасевы проста затопіць вясной. Трэба ўлічыць, што калі вы пасадзіце насенне ў цені дрэва або дома, то радыска пры росце проста сыдзе ў зелень і караняплод будзе маленькі.

Незвычайны метад пасадкі радыскі мае шэраг сваіх плюсоў:

  • Ранні ўраджай. Радыска вырасце на два-тры тыдні раней, чым пры высадцы насення вясной.
  • «Натуральны адбор». Пры высадцы насення позна ўвосень яно правядзе пад зямлёй усю зіму. Моцнае загартуецца, слабае — загіне. Гародніна вырастае моцнай і здаровай.
  • Устойлівасць. Такая пасадка дазволіць расліне лепш супраціўляцца хваробам і маразам. Да таго ж калі з'явяцца першыя ўсходы, шкодныя жучкі яшчэ будуць спаць.
  • Няма неабходнасці ў паліве. Расталы снег вясной у поўнай меры забяспечыць насенне вадой.
  • Увесну радыска не стралкуецца, таму што светлавы дзень яшчэ кароткі.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».