Вы тут

Як папярэдзіць інсульт: сімптомы, якія павінен ведаць кожны


Летась 33 тысячы беларусаў перанеслі інсульт. Прычым 14,5 % з іх памерлі. Хоць гэты паказчык і знаходзіцца на еўрапейскім узроўні, інсульт застаецца 2-й прычынай смяротнасці і інваліднасці сярод сардэчна-сасудзістых, анкалагічных хвароб і траўмаў.


Як паведаміла вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па неўралогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла АНАЦКАЯ, штогод у свеце 15 мільёнаў чалавек пераносяць інсульт. З іх пяць мільёнаў захоўвае працаздольнасць, пяць — памірае, яшчэ пяць застаюцца інвалідамі.

— Існуе так званае правіла «залатой гадзіны», або тэрапеўтычнае акно. Пры інфаркце мозга адбываецца закаркоўка артэрыі тромбам. Вакол гэтага сасуда фарміруецца ядро інфаркту — тая зона мозга, у якой амаль няма кровазабеспячэння. А вакол ёсць «зона паўценю» — там таксама зніжаны кровазабеспячэнне, метабалізм, і клеткі хоць і жывыя, але не функцыянуюць. Таму чым раней пачынаецца лячэнне і аднаўляецца крываток, тым больш імавернасць аднаўлення клетак «зоны паўценю», — растлумачыла Людміла Анацкая.

Спецыяліст падкрэсліла, што з гэтай прычыны важна, каб на працягу гадзіны пацыент звярнуўся ў клініку і своечасова пачаў лячэнне:

— Такі сучасны на сёння метад, як трамбалізіс, дазваляе рассмактаць тромб. Калі ён выконваецца на працягу гадзіны, вялікая імавернасць адкрыцця, або рэканалізацыі артэрыі. Адпаведна, чым пазней ён выконваецца, тым большая імавернасць развіцця ўнутрымазгавога кровазліцця. Трамбалізіс можна выконваць толькі ў першыя чатыры з паловай гадзіны, далей высокія шанцы ўзнікнення ўнутрымазгавой гематомы. На жаль, сярод нашага насельніцтва ёсць такое стаўленне: паляжаць, пачакаць, а раптам само пройдзе. І нашы пацыенты, нягледзячы на сімптомы, нярэдка губляюць каштоўны час.

Паводле інфармацыі Людмілы Анацкай, своечасова выклікаюць урача ў такі спрыяльны для лячэння перыяд усяго 1-2 % хворых. Тым часам, падкрэсліла спецыяліст, кожны павінен ведаць першыя сімптомы інсульту. Гэта раптам узніклае аняменне паловы твару ці паловы тулава, рукі ці нагі, парушэнні маўлення, неразуменне мовы, немагчымасць вымавіць словы, нягледзячы на тое, пацыент іх разумее, раптам узніклыя праблемы з глытаннем, парушэнні каардынацыі руху, слабасць у канечнасцях або рэзкі галаўны боль, які раптам з'явіўся.

— Што датычыцца ўнутрымазгавога кровазліцця, тут у нас таксама праблема: пацыенты, нягледзячы на моцны галаўны боль, своечасова не выклікаюць хуткую дапамогу, а ляжаць дома і п'юць таблеткі, пакуль не пагрузяцца ў кому. Таму рэзкі галаўны боль, які раптам узнік, гэта таксама сімптом, які павінен насцярожыць, — папярэдзіла спецыяліст. — Важна выклікаць хуткую дапамогу ці ехаць да ўрача самому. Магчыма, інсульт і не пацвердзіцца, але чалавеку выратуюць жыццё і зробяць неабходныя абследаванні.

У развіцці інсульту ёсць фактары, на якія мы паўплываць не можам. Гэта пол і ўзрост. Лічыцца, што 78 % інсультаў здараецца ў людзей пасля 65 гадоў, прычым яго рызыка пасля 80 гадоў моцна павялічваецца. Да 80 гадоў інсульт здараецца ў кожнай пятай жанчыны ў свеце і кожнага шостага мужчыны, праўда, у мужчын часцей бываюць інфаркты міякарда. А пасля 80 рызыка інсульту ў абодвух палоў выраўноўваецца. Таксама павышаюць імавернасць інсульту артэрыяльная гіпертэнзія, фібрыляцыя перадсэрдзя, перанесены інфаркт міякарду (асабліва пярэдняй сценкі), стэноз аартальнага і метральнага клапанаў, наяўнасць штучнага клапана, тромбаў у сэрцы і перадсэрдзі. Таксама да фактараў рызыкі адносяцца цукровы дыябет (трэць тых, хто перанёс інсульт, хварэлі на дыябет), злоўжыванне курэннем і алкаголем, гіпадынамія, звужэнне з-за атэрасклерозу буйных магістральных артэрый галавы.

Загадчык неўралагічнага аддзялення № 2 Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска Юлія ШАБАЛІНА расказала, што на базе гэтай установы рэалізуецца пілотны праект і сюды дастаўляюць пацыентаў, калі яны звярнуліся ў першыя чатыры з паловай гадзіны развіцця інсульту. Праўда, не ўсім пацыентам падыходзіць сучасны метад лячэння: з 349 дастаўленых сёлета ў раннім перыядзе хворых такім спосабам пралячылі 45. Часам гэта немагчыма зрабіць з-за іншых хвароб або з-за таго, што кровазліццё ўжо адбылося. Акрамя высокатэхналагічных метадаў і аперацый, з першых дзён пацыенты праходзяць эфектыўную рэабілітацыю: з імі і іх блізкімі працуюць лагапеды, масажысты, рэабілітолагі.

Летась з інсультам у бальніцу хуткай дапамогі было дастаўлена 2,5 тысячы мінчан, 400 з іх загінула. Юлія Шабаліна падкрэсліла, што інсульт, на жаль, маладзее:

— Летась у нас была чарада маладых жанчын, пачынаючы з 21-гадовай, заканчваючы пацыенткай, якой было 46. Сумежныя спецыялісты актыўна прызначаюць некаторыя прэпараты, у прыватнасці, жаночыя палавыя гармоны, а яны вядуць да тромбаўтварэння. І гэта рызыка развіцця інсульту. Назіраецца і амалоджванне кровазліцця ў мужчын. Да нас дастаўляюць 40—45-гадовых мужчын з верхнім артэрыяльным ціскам у 260. У нас, на жаль, большасць пачынае кантраляваць ціск пасля 40. Базавыя лічбы ціску — ранішнія, на якія і трэба арыентавацца.

Спецыялісты паведамілі, што ў краіне ў кожнай вобласці створаны цэнтры, куды дастаўляюць пацыентаў з інсультам. Яны знаходзяцца ў абласных гарадах (па 3-4) і некаторых раённых цэнтрах (ад 2 да 4), што дазваляе даставіць туды пацыента з любога пункта ў сярэднім за 40 хвілін. У Мінску, акрамя бальніцы хуткай дапамогі, гэта 5-я гарадская клінічная бальніца і гарадскі цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Выйсці з паўценю

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.