Вы тут

У Маладзечне ўшанавалі фіналістаў акцыі МУС «Сям'я! Служым разам!»


Мерапрыемства праводзілася міліцэйскім ведамствам адзінаццаты раз. Сёлета ў фінал выйшлі 14 сем'яў, якія прадстаўляюць ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў, установы адукацыі, дэпартаменты аховы, выканання пакаранняў МУС, а таксама ўнутраныя войскі МУС. Фіналістам акцыі былі ўручаны падзякі ад імя міністра, унікальныя дыпломы і памятныя падарункі.


Сям'я Фурсаў.

Сярод фіналістаў — сям'я Фурсаў. Яе галава — падпалкоўнік міліцыі Віталь Анатольевіч — старшы выкладчык Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС. З'яўляючыся куратарам вучэбнай групы, Віталь Фурс значную ўвагу ўдзяляе грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню курсантаў. Па яго ініцыятыве праводзяцца экскурсіі па гістарычных і памятных мясцінах Мінска, арганізуюцца наведванні кінатэатраў, тэатраў, спартыўных пляцовак, музеяў. Захапляецца барацьбой і дзюдо, чытаннем літаратуры. Выхоўвае разам з жонкай Святланай чацвярых дзяцей.

Натуральна, карэспандэнт «Звязды» не мог прайсці міма такога цікавага чалавека.

— Віталь Анатольевіч, раскажыце, як вы прыйшлі на службу ў МУС?

— Пасля тэхнікума мяне прызвалі ва ўнутраныя войскі ў 1995-м, — успамінае Віталь Фурс. — Праз пяць месяцаў атрымаў званне малодшага сяржанта. Потым стаў камандзірам аддзялення, а крыху пазней — намеснікам камандзіра ўзвода. Атрымаў накіраванне ў Ваенную акадэмію на факультэт унутраных войскаў. На гэтым факультэце давалі вышэйшую юрыдычную адукацыю. У 1996 годзе гэта было вельмі прэстыжна: юрыстаў тады было мала. Конкурс, дарэчы, складаў чатыры чалавекі на месца.

— Падзяліцеся гадамі вучобы. Было цікава?

— Вядома, цікава, — усміхаецца Віталь Анатольевіч. — Новыя ўражанні, новыя веды. Сумаваць не было калі. Вялікая ўвага ўдзялялася не толькі вучобе, але і фізічнай падрыхтоўцы. Я ж займаўся дзюдо з трэцяга класа, з'яўляюся майстрам спорту ў гэтым выглядзе адзінаборстваў. У акадэміі быў у зборнай па самба і дзюдо, удзельнічаў у разнастайных спаборніцтвах. На чэмпіянаце Узброеных сіл краін СНД заняў другое месца ў вагавой катэгорыі да 100 кілаграмаў.

— Пачатак шляху ўражвае. Як прасоўвалася ваша служба далей?

— Чатыры гады адвучыўся ў Акадэміі. Прыйшоў туды старшым сяржантам, затым атрымаў старшыну, выпусціўся са званнем лейтэнанта ў 2000 годзе. Здаваў тэсты ў «Алмаз» — і здаваў паспяхова. Калі камандзір спецыяльнага атрада хуткага рэагавання аб гэтым даведаўся, выклікаў да сябе і прапанаваў пасаду камандзіра групы. Такім чынам, пасля заканчэння факультэта ўнутраных войскаў пойшоў служыць у САХР. Тры гады быў камандзірам групы.

— САХР — сур'ёзнае падраздзяленне. Было цяжка, небяспечна?

— Было і цяжка, і небяспечна, — зноў усміхаецца падпалкоўнік міліцыі. — Служба спецыфічная, таму падрабязнасці я расказваць не буду. Так, вядома, хапала вострых момантаў. Мелі месца і затрыманні, і ўсякія вострыя сітуацыі. Але спраўляліся. Напэўна, таму што былі добра трэніраваныя.

— І там таксама — спорт?

— А як жа! Трэніроўкі ішлі пастаянна, у тым ліку і па рукапашным боі. І былі яны даволі жорсткія. Напрыклад, адпрацоўвалі затрыманні на саміх сабе. Схватка, хай сабе і трэніровачная, ідзе ў поўны кантакт, здараліся і пашкоджанні. Ну нічога, затое ёсць што ўспомніць. Праца напружаная, але цікавая. Ёсць элемент развіцця. Дарэчы, калі я прыйшоў у САХР, у маёй групе было шэсць байцоў, а праз тры гады — ужо трынаццаць. Кожны баец — гэта эліта, унікум. Яго трэба знайсці, падрыхтаваць, выхаваць адпаведна пастаўленым задачам. Цэлая навука.

— А дзе служылі пасля?

— Пасля САХРа перавёўся ў спецпадраздзяленне ДПС «Страла».

— Чым займаецца «Страла»? Раскажыце падрабязней.

— «Страла» займаецца эскартаваннем вышэйшых службовых асоб і дзяржаўных дэлегацый, — дзеліцца Віталь Фурс. — Праца, якой быццам бы не відаць, але якая пастаянна робіцца. Там усё вельмі дакладка арганізавана.

— У «Страле» таксама небяспечна служыць?

— У міліцэйскай рабоце заўсёды хапае небяспек, — заўважае былы сахравец. — Бываюць, натуральна, складанасці і ў «Страле». Там ужо свая спецыфіка. У чым сэнс работы? У тым, каб не было ўздзеяння на транспартны сродак, у якім едзе суправаджальная асоба, іншымі транспартнымі сродкамі. Акрамя таго, што клас кіравання павінен быць вельмі высокі, у першую чаргу важная псіхалагічная ўстойлівасць. Галоўны тэст: ці хопіць у цябе смеласці ехаць па прамой і не зварочваць, калі табе насустрач рухаецца на поўнай хуткасці незнаёмы аўтамабіль?

— Гэта значыць, вы былі як бы целаахоўнікі на колах?

— Ну, можна і так сказаць... — сціпла сгаджаецца падпалкоўнік міліцыі.

— Доўга служылі ў «Страле»?

— У «Страле» я адслужыў трынаццаць гадоў. А ў сакавіку 2016 года я прыйшоў выкладаць у Цэнтр павышэння кваліфікацыі. Педагогіка — даволі цікавая навука, якой трэба займацца і займацца. Ёсць свае складанасці.

— Але ў вас жа не школа, дзе дзеці паводзяць сябе па-рознаму. Тут — дарослыя, дысцыплінаваныя людзі, якія прыйшлі вучыцца. Што тут складанага?

— Сапраўды, людзі дарослыя, але трэба так падаць матэрыял, каб ад іх была зваротная сувязь. Бо за некалькі месяцаў навучання курсанты атрымліваюць велізарны аб'ём інфармацыі, і каб усё асэнсаваць, трэба прыкласці вялікую колькасць сіл, у тым ліку і з боку выкладчыка.

Мая асноўная дысцыпліна — тактыка-спецыяльная падрыхтоўка супрацоўнікаў ДПС ДАІ. Для лепшага вывучэння абсталявання, спецтэхнікі даводзіцца выязджаць у дзеючае падраздзяленне і там усе гэтыя прыборы аглядаць. І потым у аўдыторыі падрабязна разбіраць методыку іх выкарыстання. А напрыклад, для таго каб вывучыць няспраўнасці аўтамабіля, ідзём на станцыю дыягностыкі. Па дарозе на станцыю звяртаем увагу на дэфекты, няспраўнасці транспартных сродкаў, якія сустракаюцца на вуліцы, курсанты задаюць пытанні... Існуюць розныя праграмы, яны рэгулярна пераглядаюцца для ўдасканалення працэсу навучання. І я ўжо разумею, што тут трэба нейкую праграму крыху падправіць, нейкія тэмы памяняць месцамі, так, каб працэс навучання ішоў плаўна, каб адно выцякала з другога.

— Вы з такой цікавасцю пра гэта кажаце. Можа быць, педагогіка ваша прызванне?

— На педагога я не вучыўся. Але ў мяне вялікі службовы вопыт. За трынаццаць гадоў я добра даведаўся, што трэба супрацоўніку ДПС на дарозе. Таму я магу даць будучым інспектарам менавіта тое, што ім спатрэбіцца ў рабоце.

— Мяркуючы па тым, што вашы поспехі адзначаны ў Маладзечне гэтак высока, у Цэнтры павышэння кваліфікацыі цэняць вашу працу.

— Напэўна, так. У мяне адзін з найлепшых вынікаў за гэты год.

— З чаго ён складаецца?

— Існуе рэйтынг выкладчыкаў. Гэта і колькасць вычытаных гадзін, і колькасць перапрацаваных матэрыялаў, і выезды курсантаў у дзеючыя падраздзяленні. А яшчэ — розныя мерапрыемствы па-за вучэбнай праграмай. Я тут амаль два гады, спрактыкаваўся ў педагагічнай дзейнасці.

Выстаўка рэтрамабіляў.

— Наколькі я ведаю, ваша жонка Святлана таксама педагог?

— Так, яна сапраўдны педагог. Па першай адукацыі яна выкладчык англійскай мовы, па другой — сацыяльны педагог-псіхолаг. Праўда, цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку. Але ўсё роўна, «гарыць» сваёй прафесіяй, у яе шмат планаў, ідэй — мне вучыцца і вучыцца.

— Вы сталі фіналістамі акцыі «Сям'я! Служым разам!». Раскажыце крыху пра сваю сям'ю. Усё-такі, чацвёра дзяцей — нямала.

— Так, нямала, — згаджаецца падпалкоўнік міліцыі. — Але, верыце, ніколі вялікую сям'ю не планавалі. Так атрымалася... Як гаворыцца, усе дзеці ад Бога. Чаму я толькі рады.

— Паспяваеце дадаваць увагу ўсім чацвярым? Ведаеце, чым яны захапляюцца, якія ў кожнага інтарэсы?

— Вядома! Старэйшай дачцэ Анастасіі 13 гадоў, яна вучыцца ў восьмым класе. Вельмі актыўна займаецца маляваннем, наведвае секцыю плавання. Глеб у пятым класе, ён захапляецца футболам, ходзіць на спартыўныя танцы. Міраслава ў нас у трэцім класе, яна, як і старэйшая сястра, любіць маляванне, складае ў камп'ютары свае праграмы. Самай малодшай, Эміліі, хутка споўніцца тры гады, і яна таксама ўжо сябе праяўляе.

— У Маладзечне вашым дзецям было цікава?

— Яшчэ б! На пляцоўцы каля Палаца культуры арганізавалі выстаўку службовай тэхнікі і рэтрааўтамабіляў, зброі і амуніцыі. Яны ўсё перагледзелі, перамацалі сваімі рукамі, зрабілі фота на памяць... А ў холе Палаца чакала выстаўка дзіцячых мастацкіх работ, фотагазет падраздзяленняў. А яшчэ — дэгустацыя прадукцыі прадпрыемстваў Мінскай вобласці, выступленне струннага квінтэта. Шмат цікавага. Адчуванні незабыўныя — для ўсёй сям'і.

— А скажыце, у вашай службовай дзейнасці сям'я, жонка — памочнікі вам?

— Не памочнікі — тыл, — упэўнена гаворыць Віталь Анатольевіч. — І ён у мяне вельмі надзейны.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Калі сям'я — надзейны тыл

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».