Вы тут

Вынікі і наступствы Першай сусветнай вайны для Беларусі


Ці магчыма падлічыць ахвяры, якія пакінула пасля сябе Першая сусветная вайна? Ці можна ў гэтай цалкам трагічнай і страшнай падзеі праз сто гадоў пасля заканчэння вылучыць нейкія долі пазітыву для нас і нашай краіны? Ці ўсё зроблена ў справе вывучэння няпростай тэмы? На гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі адказы за круглым сталом, які «Звязда» ладзіла сумесна з прэс-цэнтрам Дома прэсы.


У мерапрыемстве, якое называлася «Вынікі і наступствы Першай сусветнай вайны для Беларусі», прынялі ўдзел не толькі зацікаўленыя слухачы, якія прыйшлі спецыяльна для таго каб прычыніцца да цікавай дыскусіі, але і прафесіяналы. Гэта доктар гістарычных навук, прафесар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння Анатоль Шаркоў, вучоны сакратар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Андрэй Салаўянаў, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Міхаіл Смалянінаў, загадчык аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Траццяк, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Валянцін Мазец, гісторык, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», аўтар праекта «У пошуках страчанага» Уладзімір Ліхадзедаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры новай і навейшай гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Бурачонак, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры новай і навейшай гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта БДУ Андрэй Максімчык. Мадэратарам выступіў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў.


Лічбы адрозніваюцца ў дзясяткі разоў

Андрэй Салаўянаў: «Апошнім часам мы сутыкнуліся з тым, што некаторыя «папулярызатары» гісторыі прапаноўваюць свае лічбы колькасці загінулых — маўляў, не такімі вялікімі былі страты Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. У пэўных даведніках сцвярджаецца, што Беларусь страціла 130 тысяч насельніцтва — аднак гэта зменшаная лічба. Па тых даных, якія ў нас маюцца, — калі супаставіць звесткі 1913 і 1917 гадоў, можна гаварыць пра 600 тысяч ці нават 1 мільён згубленых для Беларусі жыхароў. І гэта не канчатковая лічба. У ёй мы не ўлічвалі страты мірнага насельніцтва ад розных эпідэмій, пры эвакуацыі, ад голаду, які таксама быў наступствам Першай сусветнай вайны. Усё трэба абагуліць і даследаваць. А ўвогуле страты насельніцтва склалі каля 15 % ад яго агульнай колькасці».

Павел Сухарукаў: «Як я разумею, калі мы гаворым пра 130 тысяч, мы маем на ўвазе 70 тысяч загінулых на франтах і 60 тысяч мірнага насельніцтва. Па некаторых падліках размова вядзецца яшчэ і пра бежанцаў — розныя крыніцы гавораць пра лічбы ад 1,3 мільёна да ледзь не да 2,5 мільёна, траціны насельніцтва. Можна гаварыць і пра 400 тысяч, па самых сціплых падліках, якія не вярнуліся з эвакуацыі, — іх таксама можна лічыць стратай насельніцтва».

Уладзімір Ліхадзедаў: «Мяркую, што да любых звестак пакуль што можна ставіцца скептычна. Бо патрэбна праца вялікага калектыву, даследаванні. Да таго ж даныя нямецкага і расійскага боку адрозніваюцца не толькі ў разы, але ў дзясяткі разоў!.. Таму патрэбен надзвычай сур'ёзны аналіз».

Хвалі рээвакуацыі

Андрэй Салаўянаў: «Варта гаварыць і пра рээвакуацыю, якая была даволі страшнай рэччу — калі бежанцы вярталіся дадому пасля спынення баявых дзеянняў. Перамяшчаліся яны даволі павольна. Па сутнасці, пехатой можна было абагнаць цягнік, які вёў гэтых бежанцаў. Яны паміралі проста ў дарозе. На канцавым пункце, у Мінску, здымалі вялікую колькасць трупаў — каля 10 тысяч. Да таго ж голад... Таму дакладную лічбу страт назваць даволі складана. У 2014 годзе мы паспрабавалі аб'яднаць намаганні і падлічыць — атрымалася, што не стала каля 1 мільёна мірнага насельніцтва».

Валянцін Мазец: «Сапраўды, варта ўлічыць, што падчас эвакуацыі насельніцтва і прамысловых прадпрыемстваў, якія ажыццяўляліся на працягу 1914, 1915, 1916 гадоў адбывалася не толькі эвакуацыя, але і рээвакуацыя. Частка рабочых, якія вывозіліся, потым вярталіся назад. Акрамя таго, у шэрагу населеных пунктаў, асабліва ў Мінску, падчас вайны колькасць насельніцтва не паменшылася, а павялічылася. У сучаснай сталіцы колькасць насельніцтва ў той час вырасла на 150 тысяч. Лінія фронту перамясцілася, і тут ужо быў тыл. Па-другое, частка насельніцтва, якое перамяшчалася, у выніку дэмабілізацыі (у першую чаргу салдаты, пасля дэмабілізацыі пакідалі гэту тэрыторыю) — агульная колькасць змяншалася. Па-трэцяе, трэба ўлічыць хвалі бежанцаў — на нашу тэрыторыю ў 1914 годзе ішлі бежанцы з Польшчы і Літвы. Нашы жыхары часам перамяшчаліся ўглыб Расіі (пра гэта пішуць некаторыя рускія даследчыкі). У 1917 годзе пасля заключэння перамір'я пачынаецца рээвакуацыя. Напрыклад, у Оршы ў той час (горадзе, памежным паміж савецкай і германскай лініямі фронту) колькасць пахаваных бежанцаў была роўная колькасці насельніцтва. Гэта жахлівая лічба».

Палкі беларускіх гарадоў

Валянцін Мазец: «З-за Грамадзянскай вайны, якая разгарнулася ў Расіі, частку бежанцаў, якія хацелі вярнуцца дадому, папросту не выпускалі: яны патрэбны былі для мабілізацыі ў Чырвоную Армію. Таму да страт, якія панесла наша краіна, можна аднесці і тое, што пасля заканчэння Першай сусветнай многія беларусы былі мабілізаваныя ў Чырвоную Армію — і ваявалі не толькі ў савецка-польскай, але і ў Грамадзянскай вайне. Супраць гэтай мабілізацыі ў Беларусі падымаліся шматлікія паўстанні. Найбольш значным па колькасці можна назваць Койданаўскае паўстанне, якое акурат было накіравана супраць прымусовай мабілізацыі беларусаў у войска. Таму тыя, хто не быў мабілізаваны ў войска падчас Першай сусветнай вайны, маглі быць мабілізаваныя пазней».

Міхаіл Смалянінаў: «У беларускіх губернях падчас Першай сусветнай вайны было мабілізавана 52 % дарослага мужчынскага насельніцтва. На той час тут дыслакаваліся чатыры корпусы, у якія набіралі нашых суайчыннікаў. Да таго ж было створана пяць новых палкоў, толькі з беларускага насельніцтва. Гэтыя палкі называлі па назвах беларускіх гарадоў. Акрамя таго, было 52 дружыны апалчэння, набраныя з мясцовага насельніцтва. Яны называліся «мінскія, віцебскія, гродзенскія, магілёўскія...» Яны таксама прымалі ўдзел у вайне. Першы час гэтыя дружыны выконвалі пэўныя ахоўныя функцыі, суправаджалі ваенныя грузы на шляху іх руху. Аднак падчас вайны яны таксама былі перафарміраваныя ў палкі дзеючай арміі і прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на Паўночна-Заходнім, Паўднёва-Заходнім і нават на Каўказскім фронце — гэта даказана намі ў працэсе даследавання архіўных дакументаў».

Калі казаць пра бежанства, то яно сапраўды пачалося яшчэ ў 1914 годзе. Але асабліва масавы характар набыло ў 1915 годзе, калі рускія войскі, каб не трапіць у акружэнне, паспешна адводзілі свае сілы. Гэты адвод працягваўся два месяцы, ён адбываўся пад ударамі нямецкай артылерыі — увесь час адбываліся ваенныя сутыкненні. Натуральна, рускія войскі давалі контратакі і контрбаі, але неслі пры гэтым вялікія страты. У гэтых войсках акурат было шмат беларускага насельніцтва».

Палітыка «выпаленай зямлі»

Анатоль Шаркоў: «Мы мала кажам пра тое, што падчас адступлення рускай арміі была дадзена каманда «спальваць» — праводзілася палітыка «выпаленай зямлі». Яна нанесла велізарны ўрон, у тым ліку маральны. Бо людзей прымушалі эвакуявацца, яны не хацелі гэтага, вярталіся назад, а там усё гарэла... Гэта таксама праблема, і яе ніхто не вывучаў — ні з эканамічнага, ні з духоўна-маральнага, ні з псіхалагічнага гледзішча. Пра яе пісалі розныя пісьменнікі, сярод якіх Максім Гарэцкі».

Уладзімір Ліхадзедаў: «Вайна — гэта заўсёды гора, бяда. Але калі паспрабаваць знайсці хоць нейкі пазітыў... Шмат пра што сведчаць фотаздымкі тых часоў, можна сказаць, яны з'яўляюцца нейтральнымі сведкамі. Па іх можна вывучаць многія пытанні — і гэты погляд будзе больш-менш дакладны. Можна пачытаць і старыя асабістыя лісты тых часоў, іх амаль ніхто не вывучаў.

Захавалася асабліва шмат здымкаў, зробленых немцамі. Цікава тое, што на іх адлюстраваны гарады, якія ніхто іншы ў той час не здымаў. Напрыклад цэлая падборка фотавыяў Лынтупаў. Можна пабачыць і наступленне 10-й нямецкай арміі на Мінск — там адметныя выявы беларускай сталіцы. Ёсць і аэраздымка — можна пабачыць, напрыклад, месцы перапраў. Ёсць у мяне і слонімскі альбом — там надзвычай яскрава паказана тактыка «выпаленай зямлі». Усё ўзарвана, і зямля гарыць... Калі хтосьці захоча аднавіць унікальнае беларускае месца Альбярцін — ёсць надзвычай шмат яго фотаздымкаў, у тым ліку зробленых унутры будынка. Гэта неверагодная скарбніца звестак і для рэстаўрацыі, і для вывучэння гісторыі.

Можна ўбачыць на старых здымках і ваеннапалонных, і беларускае насельніцтва. Гэта надзвычай праўдзівы матэрыял, які немагчыма падрабіць».

На абломках чатырох імперый

Павел Сухарукаў: «Сапраўды, у даследаванні самых важных аспектаў Першай сусветнай вайны няма дробязяў. Часта тыя крыніцы, якія навукоўцы могуць лічыць не самымі галоўнымі, могуць паведаміць нават больш інфармацыі, чым архівы, да якіх прынята звяртацца. Неістотнага пры вывучэнні той «вялікай і невядомай вайны», на маю думку, быць не павінна. Самае галоўнае, да чаго мы павінны прыйсці, — гэта зрабіць правільныя высновы і вынесці слушныя ўрокі з тых падзей. Думаю, важна пагаварыць і пра палітычныя наступствы Першай сусветнай вайны».

Сяргей Траццяк: «У той час з карты свету зніклі чатыры імперыі. На іх руінах паўсталі новыя незалежныя дзяржавы. Прычым частка з гэтых народаў аднавіла страчаную незалежнасць, частка атрымала яе ўпершыню. Выпадак Беларусі цікавы тым, што ўпершыню абгрунтаванне і пажаданне беларусаў аб жыцці ў асобнай дзяржаве, а не ў федэрацыі з іншымі народамі, як гэта было ў ХІХ стагоддзі, прагучала ў 1916 годзе з вуснаў Вацлава Ластоўскага на Лазанскай канферэнцыі народаў Расіі. Тут, як той казаў, словаў з песні не выкінеш. Бо Вацлаў Ластоўскі пасля пачатку вайны застаўся за нямецкай лініяй фронту, у Вільні. Калі высветлілася, што германскія ўлады не збіраюцца ісці насустрач пажаданням беларускіх палітыкаў мець уласную дзяржаву, што яны робяць стаўку на стварэнне Літоўскага каралеўства, у склад якога ўвайшлі б і землі заходняй Беларусі, Ластоўскі вырашыў, што Беларусі трэба дамагацца, каб быць цэлакупным, самастойным арганізмам у пасляваенным свеце.

Як гэта ні дзіўна гучыць, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі падобныя прапановы выставілі і тыя беларускія палітыкі, якія стаялі на пазіцыі падтрымкі савецкай улады і якія лічылі, што пачатак перамоў у Брэсце дае пачатак таму, каб рэалізаваць абвешчанае Кастрычніцкай рэвалюцыяй права народаў былой Расійскай імперыі на самавызначэнне аж да поўнага дзяржаўнага аддзялення.

Аднак ні Германія, ні Расія не прызналі беларускі фактар вырашальным... Таму дзеячы БНР вырашылі самастойна абвясціць незалежнасць сваёй краіны. Ды запоўніць гэту абвешчаную незалежнасць рэальным зместам яны аказаліся не ў стане. І абставіны былі супраць іх, і яны самі нарабілі шмат памылак.

Іншая сітуацыя складваецца, калі пасля 27 жніўня 1918 года быў заключаны дадатковы да Брэсцкага міру савецка-германскі дагавор. У першую чаргу крытыкі гэтай дамовы звярталі ўвагу на тое, што Расія абавязалася выплаціць Германіі 6-мільённую кантрыбуцыю. З другога боку, Чырвоная Армія пачала ачышчаць часова акупаваныя землі Беларусі яшчэ да заканчэння вайны. Германія была проста не ў стане ўтрымаць гэтыя землі. Да таго ж ёй патрабаваліся войскі для вядзення баявых дзеянняў на Захадзе. Жнівень 1918 года — чорны месяц Германскай імперыі, калі высветлілася, што вайна прайграная...»

Змена сацыяльных настрояў

Аляксандр Бурачонак:  «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, яго гістарычны факультэт, робіць нямала для перагляду ўжо існуючых пытанняў такой жудаснай тэмы, як Першая сусветная вайна, для ўвядзення новых фактаў ва ўжытак. Мы засяроджваемся на сацыяльным аспекце, у нас развіваецца школа сацыяльнай гісторыі Беларусі пад кіраўніцтвам дэкана, доктара гістарычных навук, прафесара Аляксандра Каханоўскага. Апошнім часам абаронена некалькі дысертацый, прысвечаных гэтай тэме. Праца Віктара Хаданёнка прысвечана сацыяльна-эканамічнаму становішчу насельніцтва на тэрыторыі неакупаванай Беларусі. Сёлета абаранілася Вольга Волкава, якая напісала цудоўную працу, прысвечаную акупацыйнай палітыцы на заходняй частцы тэрыторыі Беларусі на падставе нямецкіх крыніц, часткова беларускіх, літоўскіх.

Можна доўга спрачацца пра тое, якімі былі страты ў гэтай вайне. Але ў выніку не прыйдзем да агульнай лічбы. Які б калектыў ні сабралі, колькі б чалавек не паклікалі — можам наблізіцца да дакладнай ацэнкі, але адлегласць застанецца. Тэма бежанцаў уздымалася шматразова, але зноў і зноў у ёй ставілася шматкроп'е.

Я чытаю студэнтам спецкурс, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, ён засяроджаны не столькі на баявых дзеяннях, колькі на грамадзянскім насельніцтве. У першую чаргу трэба казаць, што змянялася псіхалогія гэтых жыхароў на тэрыторыі Беларусі. Калі ўзяць пачатак ХІХ стагоддзя, успомніць, колькі было сацыяльных узрушэнняў, але ў сялян усё адно захоўвалася вера ў добрага цара. Якімі б дрэннымі ні былі абставіны, яны ўсё адно верылі ў добрую ўладу. Але падчас такой сусветнай катастрофы гэтыя адносіны пачынаюць змяняцца. Менавіта змена настрояў, іншапалярная псіхалогія, якая пачала распаўсюджвацца на нашай тэрыторыі, стала адным з чыннікаў тых працэсаў, якія адбываліся ў палітычнай сферы. Уявіце, каб на тых жа пазіцыях стаялі іншыя людзі, верагодна, мы не маглі б казаць ні пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, ні пра абвяшчэнне БНР, ні пра БССР — можам толькі мадэляваць, што адбывалася б. Застаецца толькі ацэньваць тое, што страты і змены, і трансфармацыйныя працэсы адбываліся з-за змены псіхалогіі і сацыяльных настрояў».

Выходзіць з замкнёнага кола гісторыкаў

Андрэй Максімчык: «Я не зусім згодны з меркаваннем, што чагосьці мы не зможам падлічыць, зрабіць, выпрабаваць новыя падыходы да вайны і яе наступстваў. Мне здаецца, што сумеснымі намаганнямі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута гісторыі — і не толькі ўнутры гістарычнай карпарацыі, але і пры ўдзеле эканамістаў, сацыёлагаў, адміністрацыйнага рэсурсу — гэта можна зрабіць. Трэба далучаць нават праграмістаў, якія могуць задаваць пэўныя мадэлі для падлікаў, каб аблегчыць працу з крыніцамі. Толькі з такім падыходам мы зможам прасунуцца. Бо, калі цяпер паставім вялікую кропку і скажам, што тут няма перспектыў і тэм для даследаванняў, мы пакажам свой слабы бок.

Гэта сістэмная праца, якая патрабуе зацікаўленасці розных бакоў і пэўных капіталаўкладанняў — бо асноўны архіўны фонд засяроджаны не толькі ў Беларусі, не толькі ў Мінску. Так мы зможам надаць новае дыханне гэтай тэме. Прычым трэба пазбягаць юбілейнага фактару — патрэбна сістэмная праца, якая не павінна ўвязвацца ў комплекс мерапрыемстваў. Можна нават працаваць над стварэннем навуковых школ, якія будуць рыхтаваць даследчыкаў па тэме Першай сусветнай вайны. Трэба рухацца ў гэтым кірунку. І выпрацоўваць методыку падліку страт, штосьці супастаўляць. Гісторыкі жывуць у сваім крыху замкнёным свеце, мы лічым, што свае пытанні мы павінны вырашаць толькі сваімі сіламі — але гэта міждысцыплінарнасць, на маю думку, задае новыя ідэі, якія можна будзе абставіць архіўным каркасам дакументаў».

Міхаіл Смалянінаў: «Я таксама лічу, што даследаваць і ўдакладніць лічбы страт магчыма. Бо дагэтуль наша ўвага была скіраваная ў асноўным на буйныя аперацыі — Свянцянскі прарыў, Нарачанскую, Баранавіцкую аперацыі — толькі падчас іх загінула 250 тысяч чалавек. Аднак трэба мець на ўвазе і тое, што фронт тут стаяў два з паловай гады. Мне ўдалося папрацаваць у архівах са звесткамі пра тры беларускія палкі — я вывучаў баявыя журналы камандзіраў. Каб усе гэтыя звесткі падняць і падлічыць, патрэбна не адно дзесяцігоддзе і не адзін чалавек».

Анатоль Шаркоў: «Цяпер выходзіць кніга, прысвечаная захаванню памяці вайсковых пахаванняў. Яна будзе прэзентаваная 11 лістапада ва Усіхсвяцкім храме-помніку. Мы ўжо даўно рыхтуем мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю завяршэння вайны, прэзентацыя кнігі — толькі адно з іх. Плануем правесці літургію, адначасова адкрыць выстаўку авіяцыі Першай сусветнай вайны, падрыхтаваную намі сумесна з літоўскім бокам. У крыпце храма-помніка змяшчаюцца парэшткі салдат, у тым ліку Першай сусветнай вайны...»

Ці атрыманы ўрок?

Павел Сухарукаў: «Хтосьці можа сказаць, што гэта вайна — нават добра. Бо па сутнасці яна дала пачатак беларускай дзяржаўнасці. Аднак шматлікія ахвяры не сведчаць, што гэта добра. Таму важна гаварыць пра тыя наступствы, якія прынесла вайна».

Валянцін Мазец: «Думаю, галоўны ўрок у тым, што любыя спрэчкі, як міжасабовыя, так і міждзяржаўныя, трэба вырашаць не шляхам бойкі, а мірным шляхам».

Сяргей Траццяк: «Галоўны ўрок Першай сусветнай вайны ў тым, што з яе вынікаў не было зроблена ніякіх урокаў. У 1939 годзе чалавецтва зноў наступіла на тыя ж граблі. Але веру, што ў нашых сілах зрабіць так, каб гэта не здарылася чарговы раз».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Вялікая і невядомая

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.