Вы тут

Прэзідэнт спадзяецца на паляпшэнне адносінаў Беларусі з ЗША


Пра гэта заявіў беларускі лідар на сустрэчы з памочнікам Дзяржаўнага сакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Ааранам Уэсам Мітчалам.


«Ужо сам факт вашага знаходжання ў сталіцы Беларусі гаворыць пра многае, — звярнуў увагу на пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка. — Асабіста я вельмі разлічваю, што гэта будзе сапраўды гістарычны візіт. Візіт, з якога пачнецца хай паступовы і павольны выхад з таго стану, у якім знаходзяцца беларуска-амерыканскія адносіны».

На думку кіраўніка дзяржавы, калі сказаць, што за апошні час не адбылося ніякіх зменаў у двухбаковых адносінах, то гэта будзе няпраўда. «Ды і, напэўна, ваш візіт высокапастаўленага чыноўніка Адміністрацыі Трампа быў бы немагчымы сёння. Так, сапраўды, адбыліся сур'ёзныя зрухі ў нашых адносінах, але я іх не назваў бы кардынальнымі зменамі, якіх патрабуе час у гэтым рэгіёне», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «У Беларусі праводзіцца палітыка суверэннай і незалежнай дзяржавы, негледзячы ні на каго. Мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі. І ў гэтых адносінах мы роўна набліжаны да ўсіх цэнтраў сілы нашай планеты».

Ён звярнуў увагу на тое, што нават у самыя складаныя часы для двухбаковых адносінаў Беларусь вельмі зацікаўлена ў добрых зносінах з ЗША. Аб гэтым Прэзідэнт гаварыў не аднойчы.

«Мы хочам быць не проста адкрыты для ўсяго свету, праводзіць адкрытую палітыку, мы хочам быць прадказальнымі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ніколі не змянялі гэтым прынцыпам, таму да нас нармальна ставяцца многія краіны свету, ды, напэўна, і Злучаныя Штаты ацанілі нашу шчырасць у гэтай палітыцы. Калі мы з вамі прасунемся ў нашых адносінах, я вам абяцаю, што беларусы ў вас будуць самымі надзейнымі, сумленнымі і шчырымі партнёрамі. Прынамсі, калі мы дамовімся, калі беларусы нешта вам паабяцаюць, нават у шкоду сабе, мы гэта выканаем».

Акрамя таго, Прэзідэнт назваў памочніка дзяржсакратара добрым спецыялістам па нашым рэгіёне, які выдатна ведае пра яго праблемы. «Мы ведаем ваша стаўленне да гэтых праблем. Думаю, што вы надаеце больш увагі іх вырашэнню, як вядучая краіна свету. Пры гэтым я хачу заявіць, што калі мы будзем запатрабаваныя ў вырашэнні самых складаных праблем у Еўропе, асабліва ва Усходняй, тут, на геапалітычным разломе, калі мы будзем запатрабаваныя, мы гатовыя да гэтага», — падкрэсліў беларускі лідар.

У адказ памочнік дзяржсакратара падзякаваў Прэзідэнту за цёплы прыём адзначыў, што шануе яго гасціннасць. «Я хацеў бы падкрэсліць тое значэнне, якое Злучаныя Штаты Амерыкі надаюць пытанню незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, — сказаў ён. — Мы выдатна разумеем глыбокія і блізкія ўзаемаадносіны вашай краіны і Расійскай Федэрацыі, якія склаліся гістарычна. І мы выдатна разумеем той поспех, якога вы дабіліся ў справе забеспячэння стабільнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, у першую чаргу — палітычнай, у Беларусі».

Памочнік дзяржсакратара таксама дадаў, што ўчора ён пагутарыў з міністрам замежных спраў і яго намеснікам, пасля чаго запэўніў Прэзідэнта, што ЗША бачыць вялікі патэнцыял у развіцці як дыпламатычных, так і эканамічных сувязяў паміж дзвюма краінамі.

У тэму

Асноўныя экспартныя пазіцыі Беларусі ў ЗША ў 2017 годзе: калійныя ўгнаенні, бясшвовыя трубы і профілі з чорных металаў, рэнтгенаўская апаратура, мэбля, пруткі гарачакачаныя ў бухтах з нелегіраванай сталі, дрот з нелегіраванай сталі, прылады на вадкіх крышталях, лазеры, льяныя тканіны, шкловалакно .

Імпарт быў прадстаўлены такімі пазіцыямі, як легкавыя аўтамабілі і кузавы, медыцынскія прыборы і абсталяванне, вакцыны і лекавыя сродкі, рухавікі ўнутранага згарання, марожаная рыба, электрагенератарныя ўстаноўкі.

У 2017 годзе экспарт паслуг дасягнуў самага высокага ў гісторыі беларуска—амерыканскіх адносін ўзроўню і склаў 569,2 мільёна долараў (129,8 % да 2016 года), імпарт — 81,2 мільёна долараў (113,2 %). У экспарце пераважаюць кампутарныя, тэлекамунікацыйныя і інфармацыйныя паслугі, доля якіх у агульным аб'ёме экспарту паслуг складае 90,8 %.

У студзені—жніўні экспарт паслуг склаў 427,6 мільёна долараў (127,6 % да студзеня—жніўня 2017), імпарт — 53,4 мільёна долараў (101,7 %).

За 2017 год з ЗША паступіла інвестыцый на суму 66,7 мільёна долараў (130,5 % да ўзроўню 2016 года), у тым ліку 55,1 мільён долараў прамых інвестыцый (тэмп росту — 114,4 %), з якіх 20,6 мільёна — прамыя інвестыцыі на чыстай аснове (тэмп росту – 137 %).

За студзень—чэрвень 2018 года з ЗША паступіла інвестыцый на суму 44,7 мільёна долараў (114,7 % да аналагічнага ўзроўню мінулага года), у тым ліку 40,8 мільёна прамых інвестыцый (122,1 %), з якіх 28,3 мільёна — прамыя інвестыцыі на чыстай аснове (163,1 %).

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.