Вы тут

Чым багата “Жытніца”?


Гурт народнай музыкі й песні з Клічаўскага раёна Беларусі з поспехам выступаў на фестывалі “Творчы кацёл народных культур” у Эстоніі


Заслужаны калектыў Беларусі ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” ў Эстоніі

Дзень нацый Эстоніі (Eestіmaa rahvuste paev) — гэта дзяржаўнае свята, якое яшчэ называюць: Дзень народаў Эстоніі. Яно адзначаецца ў нас 24 верасня: праходзяць кірмашы, майстар-класы народных майстроў, канферэнцыі, выступаюць творчыя гурты. Да свята быў прымеркаваны і XV фестываль культур нацыянальных меншасцяў паўночнага ўсходу Эстоніі (павет Іда-Вірумаа), што праходзіў 23 верасня ў горадзе Йыхві. З вітальным словам на пачатку гэтай імпрэзы пад назвай “Творчы кацёл народных культур” выступіў Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Эстонскай Рэспубліцы Вячаслаў Качанаў.

На такое шматнацыянальнае свята заўсёды з’язджаюцца прадстаўнікі нацыянальна-культурных суполак рэгіёну, якія паяднаны ў Круглым стале пры Міністэрстве культуры Эстоніі. Кожны раз на фестываль прыязджаюць і ганаровыя ўдзельнікі з-за межаў Эстоніі. Сёлета ж такім госцем быў заслужаны калектыў Беларусі ансамбль народнай музыкі й песні “Жытніца” з Арэхаўскага сельскага Дома культуры Клімавіцкага раёна. У рэпертуары самадзейных артыстаў — народныя беларускія песні ў апрацоўцы кіраўніка ансамбля, этнічнага эстонца Уладзіміра Ваакса (ён і заснаваў гурт у 1991-м), песні яго ўласнага сачынення, эстонская і беларуская музыка. Мы, беларусы Эстоніі, вельмі рады, што беларускі ансамбль стаў галоўным нумарам фестывальнага гала-канцэрта, у якім выступілі прадстаўнікі нацыянальна-культурных таварыстваў Іда-Вірумаа.

Мы даўно сябруем з Уладзімірам Вааксам, ягонымі артыстамі, ведаем: сёлета з 3 па 5 жніўня сямейны этнічна-эстонскі ансамбль “Ваакс”, які называюць ансамблем-спадарожнікам гурта “Жытніца”, па запрашэнні Саюза культурных таварыстваў Эстоніі паўдзельнічаў у Сусветным фестывалі культурных таварыстваў у горадзе Тарту. Той фэст праходзіў у плыні святкавання 100-годдзя Эстонскай Рэспублікі. Гурт “Ваакс” дзейнічае на базе Арэхаўскай дзіцячай школы мастацтваў, ягоная аснова — сям’я прафесійных музыкаў. Сам Уладзімір Георгіевіч — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама, ён жа й скрыпач. Гэтым інструментам валодаюць і сыны: Арцём і Георгій. Жонка ж, Алена Міхайлаўна, кіруе Арэхаўскай дзіцячай школай мастацтваў, яна ж і салістка-вакалістка ў абодвух гуртах. Пасля той паездкі расказвала журналістам з клічаўскай раёнкі, што гурт “Ваакс” даў канцэрт у невялічкім курортным горадзе Усць-Нарва: “У нашай праграме былі як творы эстонскай, так і беларускай нацыянальнай культуры. Сустрэліся мы і з актывістамі Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры” (г. Нарва), з якім даўно маем цесныя сувязі. Прыемна, што нашы сябры зноў запрасілі “Жытніцу” на адзін з форумаў у Эстонію, які мае адбыцца ў верасні”. Ну так і адбылося: мы зноў сустрэліся з таленавітымі сябрамі на эстонскай зямлі.

У плыні фестывалю “Творчы кацёл народных культур” прайшла й канферэнцыя “Наша спадчына — гэта дзе мінулае сустракаецца з будучыняй”. З дакладам выступіў Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Вячаслаў Качанаў.

Віктар Байкачоў, беларуская суполка “Сябры”, г. Нарва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».