Вы тут

У ложку з гаджэтам


«Страшную вестку прынёс я ў твой дом, Надзея! Кліч дзяцей!» Памятаеце гэтую фразу з фільма «Любоў і галубы»? Дык вось, і вестка непрыемная, і клікаць хутка не будзе каго... Сумныя лічбы абнародавалі нядаўна эканамісты з амерыканскага ўніверсітэта Дэлавера: калі ў 1990 годзе ў сярэднестатыстычнага чалавека секс быў пяць разоў на месяц, дык у 2010 годзе (больш позні час чамусьці ў даследаванні не фігуруе) яго колькасць скарацілася да трох за той жа «справаздачны перыяд». Інакш кажучы, уцех кахання ў нашым жыцці становіцца ўсё менш... Падавалася б, такога што, раней не было? («Калі ў вашай жонкі баліць галава, паспрабуйце прыкласці ёй да лба новыя італьянскія боцікі». Ведаеце, гэта ў многіх выпадках паспяхова спрацоўвала для абодвух бакоў. «Калі б кожны раз, калі я ўсведамляю, якой дурніцай я была, мне давалі б 10 рублёў, у мяне была б пастаянная крыніца пасіўнага даходу».) Але на гэты раз усё нашмат сур'ёзней, паколькі, на думку аўтара навуковай працы, пачуццёвыя адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі выцясняюць электронныя сродкі камунікацыі... («Мы апошняе пакаленне людзей, чые дзіцячыя фатаграфіі не былі зроблены пры дапамозе тэлефонаў».)


Прафесар разам з калегамі прааналізавала даследаванні, якія ахопліваюць лад жыцця чатырох мільёнаў чалавек з 80 краін на пяці кантынентах. А штуршком стаў выпадак, які адбыўся ў 2008 годзе на Занзібары — архіпелагу, які належыць Танзаніі. Тут у выніку аварыі быў пашкоджаны сілавы кабель, які забяспечваў падачу электраэнергіі з мацерыка на востраў. У выніку апошні на месяц застаўся без электразабеспячэння. («Самае шкоднае для нервовай сістэмы — гэта марудны інтэрнэт».) І вось гэта надзвычайнае здарэнне мела нечаканы працяг. Эканаміст з універсітэта Арэгона звярнуў увагу, што праз восем-дзевяць месяцаў пасля той аварыі на Занзібары назіраўся сапраўдны бэбі-бум: колькасць нованароджаных падскочыла на 15—18 працэнтаў. Ага, яшчэ зусім нядаўна з гэтай нагоды гаварылі проста: цемра — сябра моладзі... Самае цікавае, што гэты эфект датычыўся толькі электрыфікаваных населеных пунктаў. У вёсках, якія і дагэтуль былі без электрычнасці, не змянілася нічога, бо іх насельнікі як жылі да аварыі, так і працягвалі жыць. («Мне ніколі не будзе так весела, як людзям у рэкламе безалкагольнага піва».)

А вось тыя жыхары вострава, што прызвычаіліся карыстацца выгодамі цывілізацыі, мусілі праводзіць дома больш часу. А тэлевізар жа не працуе, смартфон не зарадзіш! Што яшчэ рабіць доўгімі цёмнымі вечарамі?!. («Адключылі інтэрнэт на дзесяць хвілін. Даведаўся, што зараз вясна, вывучыў пакоі ў доме, пазнаёміўся з бацькамі, даведаўся, што ёсць брат».) Інакш кажучы, вучоныя пацвердзілі сувязь паміж наяўнасцю ў сям'і тэлевізара і ўпадкам сексуальнага жыцця. («Планшэт быў вынайдзены для таго, каб людзі нарэшце перасталі сядзець у інтэрнэце і маглі ў ім ляжаць».) Апошняга, як высветлілі даследчыкі, як мінімум на шэсць працэнтаў робіцца менш.

Але на адзін толькі тэлевізар навукоўцы грашыць на спяшаюцца. Яны кажуць, што яшчэ большым забойцам сексу з'яўляюцца смартфоны. І пацвярджаюць свае высновы лічбамі: у ЗША людзі ў сярэднім праводзяць за імі 11 гадзін у дзень. («— У цябе кругі пад вачыма. — Гэта межы рэальнасці».) Гэта час і за інтэрнэтам, і за гульнямі, і за праслухоўваннем музыкі... («Калі твой мужык не афішуе вашы адносіны ў сацсетках, дык гэта не толькі твой мужык».) За апошнія тры гады ён павялічыўся на 1 гадзіну 32 хвіліны. Тое, што раней можна было патраціць на секс, цяпер выдаткоўваецца на стасункі з гаджэтамі, калі экран тэлевізара гасне... («У век супертэхналогій з намі побач часцей спяць тэлефоны, чым блізкія людзі».) Зносіны з жывымі прадстаўнікамі процілеглага полу замяняюцца віртуальнымі, многім становіцца больш цікава сачыць за імі, чым удзельнічаць у іх. («Перапоўнены аўтобус, людзей у салоне — як селядцоў у бочцы. Раптам з пярэдняй пляцоўкі чуецца ўсхваляваны жаночы голас: «Мужчына, што вы робіце? Мужчына, я ў вас пытаюся — што вы робіце?!» Усе пасажыры сціхаюць. Паўза... Нарэшце ўжо з задняй пляцоўкі аўтобуса даносіцца зацікаўлены мужчынскі голас: «Мужык, ну не тамі! Сапраўды, што ты там робіш?») Нехта шукае разрадкі ў фільмах «для дарослых». Ці знаходзіць? («Дэпрэсія — гэта калі прагляд стужкі «для дарослых» заканчваецца доўгімі роздумамі пра цяжкі лёс галоўнай гераіні».) Паказальная гісторыя адбылася нядаўна ў Мінску. У 45-гадовага мужчыны на балконе жылля ў шматкватэрным доме выявілі... парсюка. Смешна? Хутчэй наадварот. Грамадзянін растлумачыў, што набыў жывёлу на рынку і гадаваў у кватэры, бо пражываў адзін і яму было сумна...

І зусім іншая гісторыя пра 100-гадовую брытанку, якая выйшла замуж за абранніка, маладзейшага за яе на 26 гадоў. («Бачыў, як дзяўчына бегла па горадзе ў вясельнай сукенцы. Вось гэта я разумею — у актыўным пошуку».) Яны былі шмат гадоў знаёмыя. Жаніх адвёз нявесту да алтара на інваліднай калясцы пад песню АВВА. А жанчына сказала: «Быць нявестай — гэта проста ашаламляльна. Гэта каштавала столькі гадоў чакання, я магла б пачакаць і даўжэй». Што тут скажаш, олдскульная школа! («Трымаюся ад граху як мага далей, але не выпускаю яго з віду».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?