Вы тут

Час, калі прырода спрыяе творчасці


Фота Анатоля Дрыбаса

Калі даць веры народнай прыкмеце (калі да палавіны кастрычніка з бярозы лісце не ўпала, то снег ляжа позна), то хутка нам чакаць снегу, бо лісце ападала, здаецца, як ніколі хутка і прыгожа! Рознакаляровая лістота шамацела пад нагамі, і нават дарослыя не маглі стрымацца, каб не пашабуршаць спецыяльна, ідучы па вуліцы пад яркім сонцам... Цяпер ідуць дажджы, думаецца, менавіта ў такое надвор’е пісьменнікі пішуць свае лепшыя творы, натхненне і свежыя думкі прыходзяць да навукоўцаў, вынаходнікаў, настаўнікаў, кухараў... Прырода спрыяе, яна заўсёды дзейнічае на чалавека станоўча, трэба толькі адчуць яе ў сэрцы. Калі ж гэта адбудзецца, наступным крокам душы стане клопат пра прыроду, імкненне захаваць яе, “ачысціць”...

Для таго, каб паспяхова вырашаць экалагічныя праблемы, важна валодаць найбольш поўнай і аб'ектыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, упэўнена Вераніка Коласава. У нашай краіне гэтыя задачы дапамагае выконваць Нацыянальная сістэма маніторынгу навакольнага асяроддзя, якой сёлета споўнілася 25 гадоў (“Назіраючы за прыродай, захоўваць яе”). Пра работу НСМНА, дасягненні, спецыфіку і гісторыю вы даведаецеся, прачытаўшы гэты матэрыял.

Тэма балот не згубіць сваёй актуальнасці яшчэ доўгі час, але было і інакш – усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму балоты ў натуральным стане не лічыліся нечым каштоўным: іх асушалі з мэтай здабычы торфу, вядзення сельскай або лясной гаспадаркі. Велізарныя грошы былі ўкладзеныя ў меліярацыйную кампанію 1960-1970-х гадоў, якая замест багатага ўраджаю і прыросту лесу прынесла бясконцыя пажары і глабальнае змяненне клімату. Ліквідаваць наступствы неабдуманых дзеянняў даводзіцца сёння, пра гэта раскажа Кацярына Цітова (“Не расці кукурузе на балоце”).

У апошнія гады сталі звыклымі рэпартажы аб падтапленні цэнтральных вуліц сталіцы. Пасля рэстаўрацыі калектара "цэнтр" патопы на Нямізе спыніліся, аднак пачалі "плаваць" іншыя вуліцы – Рэвалюцыйная і Камсамольская. А спецыялісты МНС, праводзячы маніторынг на працягу 10 гадоў, выявілі каля 150 месцаў падтаплення ў Мінску! У чым прычына, дазнавалася Аксана Яноўская (“Вада ў горадзе”).

Новыя нязвыклыя віды раслін і жывёл літаральна атакуюць нашу краіну. Белаакацыевая ліставая галіца ўжо занесеная ў Чорную кнігу інвазійных відаў жывёл Беларусі. Гэта казурка пашкоджвае ліставыя пласцінкі белай акацыі. Лісце пры гэтым засыхае і ападае, што рэзка зніжае дэкаратыўныя якасці раслін. Праблему тлумачыць Алег Сінчук, старшы выкладчык кафедры заалогіі, малодшы навуковы супрацоўнік НІЛ прыкладных праблем біялогіі біялагічнага факультэта БДУ, а таксама Кацярына Грышчук, студэнтка біялагічнага факультэта БДУ (“Амерыканскі галаўтваральнік”).

А ці насушылі вы ліпы, каб зімовымі вечарамі рабіць цудоўныя напоі? Калі да кубачка чорнай гарбаты дадаць ліпу, мёду, то пачынаецца... казка для сэрца і страўніка! Ліпа не толькі цешыць вока незвычайнай прыгажосцю, але і прыносіць шмат карысці. Таму яе часам і называюць скарбонкай паўфабрыкатаў. З даўніх часоў славіцца гэта дрэва добрым лекарам. Прастудзіўся, ператаміўся – абавязкова дапаможа, падтрымлівае думку продкаў Таццяна Маісеева, біёлаг, навуковы супрацоўнік Інстытута лесу НАН Беларусі (“Скарбонка паўфабрыкатаў”).

У апошнія гады мы ўсё часцей чуем пра неабходнасць адаптацыі людзей да змены клімату. Але якія канкрэтныя крокі? Што можа зрабіць чалавек ці жыхары аднаго горада, каб прыстасавацца да новых умоў і адначасова не дапусціць далейшага пагаршэння экалагічнай сітуацыі? Адно з важных і неабходных рашэнняў заключаецца ў сучасным горадабудаўніцтве, перакананыя эколагі. Падтрымліваюць іх і архітэктары. Ужо існуе перадавы вопыт адаптацыі аб'ектаў архітэктуры да наступстваў змены клімату. Шырока прадстаўлены інавацыйныя тэхналогіі ў сферы павышэння энергаэфектыўнасці забудовы, транспарту і іншых гарадскіх інфраструктур, якія ўкараняюцца ў беларускую практыку. (Вольга Пралюк “Экалогія архітэктуры”).

Акрамя гэтага, вы прачытаеце, як барысаўскія юныя эколагі змагаюцца за чыстае асяроддзе («Зялёная школа»), а таксама пазнаёміцеся з новай рубрыкай «Кніжная паліца». У ёй вы даведаецеся аб новых творах сучасных аўтараў, якія распавядаюць пра экалогію, пра бестурботнасць і абыякавасць людзей, пра праблему выбару і адказнасці за свае ўчынкі, за жыццё блізкіх людзей і за наш агульны дом – Зямлю. Вольга Ціткова, загадчыца дзіцячай бібліятэкі №16 г. Мінска, выбрала ў гэтым выпуску аповесць нямецкай пісьменніцы Гудрун Паўзеванг "Воблака" (падставай для напісання гэтага твора паслужыла трагедыя на Чарнобыльскай АЭС) і твор Ціматэ дэ Фамбэля "Тобі Лалнэс" пра стаўленне сучаснага чалавека да прыроды, які прынёс французскаму пісьменніку сусветную славу.

На “Уроках у запаведніку” Анастасія Рыжкова раскажа шмат новага і цікавага пра «амаль хатнюю» крыжанку (“Усім вядомая качка"). Маша Зялёная не пакіне нас без парады ("А што ў халадзільніку?"), а Генадзь Аўласенка, пісьменнік (у тым ліку і дзіцячы!), паэт і драматург, парадуе нас пастаяннай рубрыкай "Батанічны сад", паколькі застаецца не толькі біёлагам у душы і па адукацыі, але і аматарам прыроды, пра якую ён нястомна расказвае як у сваіх творах, так і ў навукова-папулярных артыкулах.

На постэры ў кастрычніцкім нумары "РП" вы ўбачыце фота вялікага стракатага дзятла (аўтар – Дзяніс Іўковіч).

Шмат новага, цікавага і займальнага вы сустрэнеце на старонках нашага часопіса! Купляйце, падпісвайцеся і абавязкова беражыце "Родную прыроду"!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».