Вы тут

Настаўніца матэматыкі вядзе б'юці-блог


Падавалася б, настаўнік матэматыкі не павінен асабліва разбірацца ні ў чым, акрамя формул і лічбаў, але Кацярына Кананчук імкнецца данесці ўсім іншае... Яна нарадзілася ў Мазыры, але на вучобу паехала ў Мінск, цяпер выкладае ў сталічнай гімназіі № 8. У Кацярыны Аляксееўны ёсць не зусім звычайнае хобі — яна вядзе б'юці-блог у сацыяльнай сетцы «Інстаграм». Сёння суразмоўніца раскажа нам аб сваім захапленні, якое стала для яе не толькі прыемным баўленнем часу, але яшчэ і выдатнай нагодай для новых знаёмстваў.


— Мая маці — настаўніца матэматыкі, таму я, лічыце, патомны выкладчык гэтага прадмета. Заўсёды яго разумела.

І зноў жа мама яшчэ ў дзяцінстве «прыклала руку» да майго захаплення касметыкай: яна страшэнна любіла яе. Усе шафкі дома былі забіты рознымі слоічкамі, цюбікамі, пэндзлікамі. Але ў гэтым была перавага і для мяне. У школу ўсім забаранялася фарбавацца, але калі твая мама — настаўніца, то табе дазвалялася крышачку больш, чым астатнім...

— Як даўно пачалі весці б'юці-блог?

— Першыя спробы былі пяць гадоў таму, але тады яны не скончыліся поспехам. Свядома пачала падыходзіць да гэтай справы каля двух гадоў таму, калі стварыла блог, які вяду і цяпер. Спачатку, вядома, мяне пераследавалі розныя цяжкасці, напрыклад, ахоп аўдыторыі быў невялікі, і з гэтай нагоды нават хацелася ўсё кінуць. Цяпер вельмі задаволена, што не зрабіла гэтага.

— А як да вашага занятку ставіцца сям'я, сябры?

— Амаль усе — выдатна, падтрымліваюць. Некаторыя, вядома, пытаюцца, навошта гэта мне, кажуць, што ў нас за такое хобі ніхто не плаціць і плаціць не збіраецца. Але я, хутчэй, раблю ўсё для душы. Дарэчы, мама любіць патэлефанаваць мне і сказаць: «Каця, час выкладаць новы пост. Каця, трэба напісаць пра тое, ты забылася расказаць пра гэта. Каця, адкажы на каментарый». Яна хвалюецца за блог больш, чым я сама. Але ж занятак гэты досыць няпросты. Мала таго, што трэба не забыцца расказаць пра ўсе навіны, адказаць на каментарыі і падзяліцца досведам, трэба рабіць усё ў час і пажадана ў добрай якасці. Я вельмі здаволена, што мама так мяне падтрымлівае.

— Можа, у яе таксама ёсць свой блог?

— Пакуль што няма.

— А якая рэакцыя на ваша хобі ў вучняў?

— Вучаніца неяк сказала, што перастане чытаць мой блог, калі я пастаўлю ёй «двойку». Не самае прыемнае пачуццё... Насамрэч відаць, што яны жартуюць, так што дрэнныя адзнакі, калі што, можна ставіць смела.

— Планы на будучыню?

— Думаю разам з сябрам запусціць праект, які будзе нагадваць гэткі часопіс у інтэрнэце. У ім плануем размяшчаць інфармацыю не проста накшталт «глядзіце, я купіла новы слоічак з касметыкай», а падрабязна расказваць, для чаго яна прызначана. З апісаннем складу, каб кожны змог падабраць нешта для сябе. Вельмі спадзяюся, што праект сябе апраўдае.

Настасся СУРЫНАВА, вучаніца 11 класа гімназіі № 8 г. Мінска.

Загаловак у газеце: Хобі ў падтрымку хараства

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.