Вы тут

Барбер з Мінску расказвае пра сваю працу


Моднае цяпер слова прыйшло да нас з англійскай мовы. У перакладзе — цырульнік. А англійскае слова ўтворана ад лацінскага bаrbа, што ў сваю чаргу азначае «барада». Барбер — гэта чалавек, якому сучасны мужчына можа смела даверыць стрыжку, афармленне вусоў, барады або зрабіць сабе «каралеўскае» галенне. Сёння мы пазнаёмімся з барберам Аляксандрам Кудрыцкім з аднаго са сталічных барбершопаў і даведаемся пра самае цікавае ў яго працы.


— Стрыгчы я пачаў з 14 гадоў. Калі збіраліся з сябрамі ў двары, яны давяраліся мне, нягледзячы на тое, што былі і кур'ёзныя моманты. Аднойчы ў сябра пасля маёй чарговай аўтарскай стрыжкі ўся галава была ў шрамах і цякла кроў. Але ніхто не злаваўся, было весела. Калі я ўжо дакладна вырашыў, што хачу быць цырульнікам, бацькі, аднакласнікі, многія сябры круцілі галавой і казалі: «Гэта не мужчынская прафесія». Затое цяпер ніхто не дзівіцца і не асуджае, наадварот, распытваюць з цікавасцю і просяць запісаць іх да мяне, каб падстрыгчы бараду або зрабіць класную прычоску, — кажа Аляксандр.

Як стаць барберам? «Можна скончыць сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову па спецыяльнасці «Цырульніцкае майстэрства», а можна прайсці адпаведныя курсы. Глядзець на «Юцюбе» розныя відэаролікі, хадзіць на семінары, майстар-класы — таксама дапамога ў навучанні. Яшчэ адзін спосаб — папрацаваць памочнікам у дасведчанага спецыяліста. Важная ўмова — стараннасць, мэтанакіраванасць, і будзе плён», — раіць суразмоўнік.

Інструменты для барбера — важныя рэчы. Кожны работнік атрымлівае ў салоне фен і машынкі для стрыжкі, а вось астатняе трэба дакупляць самастойна. «З кожным разам разумею, што трэба ўсё больш, а кошт прылад для стрыжак зусім не нізкі». Дарэчы, якая розніца паміж назвамі «барбер» і «цырульнік»? Аляксандр кажа, што па сутнасці яе няма, але некаторыя адрозненні ў працы першых і другіх прысутнічаюць. У барбершопе аказваюць абмежаваны спектр паслуг — там працуюць выключна з мужчынамі: голяць небяспечнай брытвай, робяць стайлінг барады і вусоў. У некаторых асабліва модных установах таксама прадаюць аксесуары і нават адзенне для мужчын, а яшчэ могуць зрабіць татуіроўку або пірсінг.

— У нас працуе выключна мужчынскі калектыў, таму размовы паміж майстрам і кліентам ідуць на адпаведныя тэмы. Дарэчы, стасункі — неад'емная частка працы барбера. Для мяне не праблема пачаць размову з новым кліентам, але заўсёды гляджу, як настроены сам чалавек: адзін нясе станоўчую энергетыку і гатовы жартаваць, а другі пануры і закрыты, тады я разумею, што лезці не трэба, — гаворыць Аляксандр. — У нашым барбершопе праводзяцца сумесныя майстар-класы, часам мяне запрашаюць правесці семінар, падзяліцца вопытам, якога ў мяне набралася ўжо 16 гадоў. Напрыклад, калі на стрыжку барберу даецца гадзіна, я за гэты час і стрыжку раблю, і бараду стрыгу. Часта прыходзяць хлопцы з канкрэтным фота і кажуць: «Я хачу так». У большасці выпадкаў гэта можна паўтарыць і зрабіць усё крута, але бывае, што стрыжка не падыходзіць для канкрэтнай формы галавы або ў чалавека ад прыроды прабор на правы бок, а ён хоча на левы. Таму я прапаноўваю альтэрнатыву, пераконваючы, чаму лепш зрабіць па-іншаму.

У мяне стрыгуцца вядомыя спартсмены, спевакі, бізнесмены, музыканты, рэжысёры, простыя кліенты. Прыходзяць як хлопчыкі 11—12 гадоў, так і людзі за 50. Кожны дзень — новы вопыт, сяброўства, незабыўныя эмоцыі. Барбер — чалавек творчы, з тонкім густам і прасторавым мысленнем. Як і ў любым рамястве, трэба набірацца вопыту, не баяцца працаваць з людзьмі і пастаянна ўдасканальвацца. Я падтрымліваю стасункі са знаёмымі з розных краін і магу сказаць, што многія хваляць беларусаў за працаздольнасць і высокі ўзровень майстэрства.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Барбер — «укарачальнік» барады

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.