Вы тут

21-гадовая стыліст расказвае аб сваёй прафесіі


Вольга Дзмітрэнка — малады спецыяліст у сферы прыгажосці. У 21 год дзяўчына ўпэўнена, што выбрала прафесію па душы. Яна працуе ў прэстыжным сталічным салоне цырульнікам-візажыстам, прымае ўдзел у розных праектах, фотасесіях, знаёміцца з мэтанакіраванымі людзьмі, падобнымі на яе. Да таго ж Вольга — увасабленне жаноцкасці і вытанчанасці. Таму не дзіўна, што пагутарыць пра цікавую прафесію стыліста мы вырашылі менавіта з ёй.


— Жаданне стаць ім прыйшло ў шостым-сёмым класе, калі я заблытала грэбень у валасах сваёй сяброўкі і мне прыйшлося выстрыгчы ёй амаль паўгрывы. (Усміхаецца.) Пасля, бліжэй да восьмага класа, я вызначылася, што хачу звязаць сваё жыццё з цырульніцкім майстэрствам. Матывавала дапамога мамы, якая адкрыла мой талент — прыгожа маляваць. Для паступлення ў Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж трэба было абараніць малюнак, што і атрымалася: 9 балаў былі маімі. Увайшла ў лік шчасліўчыкаў і пасля дзявятага класа пачала навучанне. Атрымала прафесію «мастак-мадэльер» (сёння «стыліст»). Лічу, што трэба прайсці менавіта такую школу, каб стаць добрым майстрам. Яшчэ трэба рэальна ацэньваць свае здольнасці. Талент павінен прысутнічаць, гэтаму нельга навучыцца. Плюс каледжа ў тым, што ты пачынаеш усё з нуля, з самой гісторыі выяўленчага мастацтва, ты пашыраеш свой кругагляд, цябе заўсёды падтрымліваюць выкладчыкі. А на навучальных курсах гэтага няма, чалавеку даюць асновы тэхнікі, стрыжак, і — ідзі працуй! У мяне зараз ёсць кліенты, якія звяртаюць вялікую ўвагу на ўстанову, у якой навучаўся майстар.

Ужо на трэцім курсе Вольга пайшла ў звычайную цырульню са звычайнымі, штодзённымі патрэбамі людзей. Не дзеля грошай, бо паслугі там былі вельмі таннымі нават па мінскіх мерках, а каб даказаць сабе, што можа. А на чацвёртым курсе яна ўжо без залішняй сарамлівасці прапанавала свае паслугі аднаму са сталічных салонаў.

— Так, я ўладкавалася ў салон прыгажосці класа люкс, дзе патрабаванні кліентаў, кошт за выкананую работу, якасць паслуг значна вышэйшыя. Гэта было нялёгка, але я паставіла сабе высокую планку, разумеючы, што толькі так можна крочыць далей. Укладала ў сябе інвестыцыі ў выглядзе набытых новых уменняў, навыкаў, разумення таго, чаго хочаш ад сябе як ад спецыяліста, — кажа Вольга. — Мне падабаецца тое, што я ствараю прыгажосць і раблю людзей больш шчаслівымі. Не трэба чакаць вынік некалькі месяцаў, гадоў, я бачу яго адразу, і гэта прыносіць задавальненне. У мяне фіксаваны графік, мая работа займае важнае месца ў жыцці, і гэта не напружвае, а наадварот. Калі працую — адпачываю. Нават у вольныя дні намагаюся ўдзельнічаць у розных цікавых праектах, вывучаю рынак майстар-класаў, хаджу на семінары. Шматгранны вопыт заўсёды зараджае пазітыўнымі эмоцыямі і новымі адкрыццямі. У салоне, дзе я працую, таксама праводзім майстар-класы, адзін з якіх мой — па ўкладцы валасоў у хатніх умовах. На яго з лёгкасцю можна запісацца і наведаць навучанне, дастаткова сачыць за інфармацыяй у сацыяльных сетках. Удзельнічаю я і ў розных фотапраектах. Напрыклад, вокладка часопіса «Вясельны сезон» — мая работа. Яшчэ тэлепраект «Галерэя прыгажосці», публікацыі мод, заснаваныя ў Беверлі Хілс, — гэта толькі пачатак. А наконт таго, ці трэба быць стылісту майстрам у адной сферы або ўніверсальным работнікам, мой адказ — усё індывідуальна. Думаю, лепш быць прафесіяналам у адным рэчышчы, чым усюды, але сераднячком. Калі ты хочаш быць запатрабаваным — трэба кожны дзень працаваць над сабой, не адставаць ад моды, сачыць за трэндамі, быць «на хвалі», як кажуць. Мінус адзін — гэта праца, дзе трэба шмат стаяць, таму трэба займацца спортам, трымаць сябе ў тонусе.

Не магла не спытаць суразмоўніцу пра прафесійныя табу. Цікава было даведацца, ці можа Вольга адмовіцца зрабіць хітовую стрыжку, калі яна чалавеку, на погляд майстра, не пасуе?

— Заўсёды трэба шукаць кампраміс. Кліенту павінна быць камфортна ў рабоце са стылістам. Перад тым як аказаць паслугу, напрыклад па фарбаванні валасоў, мы робім тэст на адчувальнасць да фарбы. Калі ёсць алергічная рэакцыя, маем права кліенту адмовіць. Дарэчы, я супраць бытавых фарбавальнікаў. «Скупы плаціць двойчы», — заўсёды так кажу, калі дзяўчаты прыходзяць, каб выправіць тое, што яны зрабілі дома фарбавальнікам з мас-маркету.

Адна з работ Вольгі.

А што наконт трэндаў? На што трэба звярнуць увагу дзяўчатам, а ад чаго варта адмовіцца?

— Сёння модна наступнае: калі гэта стрыжкі — то мінімалізм, калі афарбоўка валасоў — натуральнасць, калі макіяж — нюд, прыгожы свежы колер твару. Не трэба рабіць «усяго і пабольш», трэба гарманічна расстаўляць акцэнты: або вочы, або вусны. У маім штодзённым макіяжы прысутнічаюць туш для броваў, туш для павек, BB крэм, трохі румян і — дастаткова. За валасамі таксама трэба сачыць: рабіць маскі, падбіраць правільныя шампуні, кандыцыянеры, па магчымасці не сушыць фенам. Для мяне знешні выгляд — вельмі важная рэч. Лічу, што тое, як выглядае стыліст, — гэта ў пэўным сэнсе рэклама, а на дрэнную кліенты не пойдуць.

Размова з Вольгай Дзмітрэнкай — сведчанне таго, што можна і трэба любіць сваю працу. Гэта так важна для кожнага з нас. Таму парада ўсім: не марнаваць час, а шукаць сваё прызначэнне, якое зробіць нас шчаслівейшымі і адкрые безліч новых магчымасцяў.

Дар'я Шлапакова, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ.

Загаловак у газеце: Шчасце тварыць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.