Вы тут

Псіхалогія стабільнасці. Вясковая настаўніца пра дзяцей, адзнакі і рыбалку


Сельская моладзь часта марыць перабрацца ў сталіцу: больш магчымасцяў, а значыць, і шанцаў знайсці сваё месца ў жыцці. Таццяна СЫМАНОВІЧ не з ліку такіх людзей. Настаўніца пачатковых класаў і педагог-псіхолаг ужо 14 гадоў працуе ў Пяршайскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, што пад Валожынам, і рада, што лёс занёс яе сюды.


Прафесію Таццяна выбрала, натхніўшыся прыкладам уласных школьных настаўнікаў. Успамінае, што ёй вельмі пашанцавала: у яе выкладалі добрыя педагогі. Любімым прадметам у дзяўчыны ў дзяцінстве была матэматыка. Але з ёй не звязала жыццё, бо заўсёды думала, што ведае дысцыпліну на недастатковым узроўні. Гэта, дарэчы, адзіны прадмет, па якім у Таццяніным школьным атэстаце стаяла «добра» — па астатніх было «выдатна».

Пасля заканчэння Мінскага педагагічнага каледжа яе накіравалі ў Пяршайскую школу настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. А потым Таццяна стала выкладаць у пачатковых класах. З якім узростам працаваць складаней, адказаць адназначна нельга, гаворыць педагог.

— Калі працуеш у старшых класах, больш часу адымае падрыхтоўка да ўрокаў. Кожны год трэба перачытваць вялікія творы, каб успомніць усе дэталі і быць гатовай адказаць на пытанні вучняў. А з малодшымі школьнікамі складаней у плане дысцыпліны. Заўважыла, што калі перайшла працаваць у пачатковую школу, стала павышаць голас, — дзеліцца назіраннямі суразмоўніца.

Адзнакі, лічыць Таццяна, не самае галоўнае. Дзіця варта накіроўваць на атрыманне ведаў і ацэньваць іх аб'ектыўна. Калі школьніку паставілі «восем», а ён ведае на «пяць», гэта горш для самога вучня: трэба, каб ён асэнсоўваў свой узровень. «Яшчэ і з бацькамі даводзіцца работу праводзіць, каб яны не патрабавалі зашмат ад дзіцяці. Ціск шкодны для псіхічнага здароўя школьніка. Але, як правіла, такім бацькам складана гэта растлумачыць. Напрыклад, у сітуацыі, калі мама была выдатніцай, а сын — не, ёй няпроста змірыцца з гэтым».

— А што рабіць, калі дзіця не хоча вучыцца?

— Пастарацца зацікавіць. Я хлопчыкам кажу: будзеце непісьменнымі, адправіце дзяўчынцы, якая падабаецца, паведамленне з памылкамі, а яна будзе з вас смяяцца. А калі не навучыцеся лічыць, вас у краме могуць падмануць. Мне, дарэчы, падабаецца, што капейкі вярнуліся: дзецям зручней з імі лічыць.

Ідэі для ўрокаў Таццяна шукае ў інтэрнэце, падглядае падчас курсаў. Для вучняў малодшых класаў, кажа, найлепшы варыянт — заняткі ў гульнявой форме: такія падабаюцца нават слабым школьнікам.

Настаўніца стараецца быць у курсе таго, чым цікавіцца малеча. «У мяне пляменніца іх узросту, таму, калі што, у яе пытаюся, — усміхаецца. — Але я сучасныя мульцікі не зусім разумею, прывыкла да тых, на якіх сама вырасла, «Ну, пачакай!» напрыклад».

На думку Таццяны, для педагога важныя такія якасці, як добрасумленнасць, эмпатыя і асабліва справядлівасць. «Самае галоўнае — ставіцца да ўсіх аднолькава. Вядома, у мяне ёсць любімчыкі, але я іх стараюся не вылучаць».

У якасці педагога-псіхолага Таццяне даводзіцца разбіраць розныя пытанні. Напрыклад, праводзіць заняткі па інтэрнэт-бяспецы, прафарыентацыі. Бацькі ў кабінет псіхолага звяртаюцца, каб праверыць дзіця на гатоўнасць да школы, папрасіць папрацаваць з малымі над павышэннем самаацэнкі.

Сярод абавязкаў таксама наведванне сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Педагог з сумам заўважае: некаторыя з іх патрабуюць пільнага нагляду, бо ў бацькоў праблемы з алкаголем. Але як толькі яны кідаюць піць, сітуацыя наладжваецца.

Закранаем матэрыяльны бок прафесіі. Некаторыя настаўнікі расчароўваюцца пасля атрымання першага заробку. Таццяна прызнаецца: гэта не пра яе. «З-за грошай ніколі не расстройвалася. Колькі атрымала, столькі і размеркавала. Я не зайздрошчу тым, хто больш зарабляе».

Прынамсі, на ўласнае жыллё ў настаўніцы пакрысе сабраць атрымалася: купіла кватэру ў Валожыне.

Вольнага часу, адзначае Таццяна, не так і шмат, а калі ёсць, любіць пачытаць мастацкую літаратуру і з'ездзіць да мамы ў вёску Сасноўцы Валожынскага раёна — на сваю малую радзіму. Суразмоўніца дзеліцца: для яе палоць грады і вырошчваць памідоры — сапраўдны адпачынак. Таксама ёй, як вясковаму чалавеку, падабаецца хадзіць у грыбы, збіраць ягады і ездзіць на рыбалку.

На пытанне, чаму вырашыла застацца жыць у райцэнтры, а не скараць сталіцу, Таццяна адказвае: выбрала стабільнасць. «Я прааналізавала: Валожын — невялікі гарадок, дзе я рэальна магу купіць сабе кватэру. Да таго ж усё неабходнае для жыцця тут ёсць: кінатэатр, басейн, рэстараны». А яшчэ настаўніца любіць Валожын за цішыню і спакой, якія яна не гатова прамяняць на шумны Мінск.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, фота аўтара

Мінск — Валожынскі раён — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».