Вы тут

Тэлеканал СТБ раскрые таямніцы роднага краю і адправіць модніцу на вёску


Гледачы даволі доўга папракалі тэлеканал «Сталічнае тэлебачанне» ў адсутнасці свайго прадукту і падабенстве да расійскай кнопкі РэнТБ. Але ўсё зменіцца ў новым тэлесезоне ўжо з 1 лістапада: новы кіраўнік канала Ігар Луцкі і яго каманда падрыхтавалі маштабны рэбрэндынг, які будзе відаць і вонкава, і па змесце, анансавалі адразу дзве новыя прэм'еры, «перайгралі» ранішні эфір і цалкам абновяць сайт.

Больш падрабязна пра праекты і планы «Звяздзе» расказаў кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў СТБ Максім МЕТА.


— Адна з абвешчаных прэм'ер — дакументальны праект «Таямніцы Беларусі». Наколькі ён «доўгайграючы» і якія таямніцы наогул раскрые гледачам?

— Знята ўжо шэсць серый праекта, аднак колькі іх будзе ўвогуле, пакажа час. Дакументальныя праекты на беларускім тэлебачанні — штука дастаткова рэдкая, бо іх вытворчасць не толькі каштуе досыць дорага, але і патрабуе прыцягнення значнай колькасці рэсурсаў... Калі гаварыць пра фармат, мы стараліся распрацоўваць такія тэмы, якія нібыта ляжаць на паверхні, але глядзець на іх з нечаканага ракурсу, шукаць новы паварот. Напрыклад, гісторыя забойства Кенэдзі Лі Харві Освальдам — здаецца, пра яго ў свой час не гаварыў толькі лянівы, — але хто такі сам Освальд, як на яго паўплывалі два гады жыцця ў Беларусі і што гавораць сведкі?.. Мы знайшлі суперэксклюзіўных герояў, у тым ліку людзей, якія асабіста з ім сустракаліся, сябравалі, працавалі побач, — і ўпершыню на айчынным тэлебачанні, дый увогуле на тэлебачанні, з першых вуснаў мы даведаліся вельмі цікавыя рэчы. Не менш захапляльнымі атрымаліся і іншыя серыі праекта — пра таямніцы мінскага метро, пра лёс і загадкавы адыход з жыцця Яўгеніі Янішчыц, пра элітныя «наменклатурныя кватэры» — як і для каго яны размяркоўваліся ў Краіне Саветаў у 1920—1980-х гг... Падкрэслю, мы не робім стаўку на скандальнасць, гэта грунтоўныя, якасныя журналісцкія расследаванні. Таму, канешне, спадзяёмся, што праект стане цыклавым і атрымае працяг — але ўсё залежыць ад таго, ці спадабаецца ён гледачам. Уключыце тэлевізар ужо ў гэту пятніцу, паглядзіце, наколькі цікавай атрымаецца прэм'ера.

— У канцы тыдня «выстраліць» ваша рэаліці-шоу «Вёска. LІVЕ» — наколькі смелае, настолькі ж і натуральнае — нават дзіўна, што раней нікому не ўдавалася так паказальна сутыкнуць ілбамі вёску і горад.

— Насамрэч гэты жанр для нашага тэлебачання таксама дастаткова рэдкі, бо вымагае вялікай колькасці тэхнікі, часу, занятых у вытворчасці людзей... Мы, шчыра кажучы, спраўляліся даволі сціплымі сіламі. Цікавасць была якраз у тым, каб адшукаць вядучага з «незамыленым» позіркам на вёску. Зладзілі цэлы кастынг, у якім самай цікавай сярод амаль 20 прэтэндэнтак падалася Ліза Палішчук з гурта «Лас-Вегас» — і мы нічога не прыдумляем, калі кажам, што яна нічога не ведае пра вёску: яна такая гарадская дзяўчынка, якая ў роднай краіне далей за МКАД не выязджала, у яе няма ні дзядуль, ні бабуль з вёскі, і таму самыя звычайныя рэчы, большасці з нас знаёмыя з дзяцінства, для яе — дзіва дзіўнае. На здымачнай пляцоўцы мы працавалі без сцэнарыя наўмысна, ніякіх прапісаных рэплік — усе рэакцыі і эмоцыі абсалютна жывыя, народжаныя «на натуры». Ліза і яе наіўнае ўспрыманне вёскі ўваходзяць у клінч з Уладзімірам Субатам — гэта вопытны журналіст, мэтр, які глыбока ведае тэму і які дастаткова жорстка «троліць» прыгоды гарадской дзяўчынкі. Заўважу, у праграме яны ніводнага разу не сустракаюцца, Ліза працуе на палетках, Уладзімір каментуе падзеі ў тэлестудыі. І толькі ў фінале мусяць сустрэцца, што называецца, вочы ў вочы. Што з гэтага выйшла? 12 серый па 39 хвілін кожная, прэм'ерная — амаль гадзіна. Мы паспрабавалі закрануць розныя галіны аграпрамысловага комплексу (авечкагадоўля, вытворчасць сыру і іншых малочных прадуктаў, мясная вытворчасць, побыт звычайнай вясковай гаспадаркі), зрабілі геаграфію праекта як мага шырэйшай, аб'ехалі практычна ўсю краіну. Разлічваем на тое, што праграма будзе цікавай для аўдыторыі рознага ўзросту, — і зноў жа чакаем адваротнай сувязі, у тым ліку праз новы сайт СТБ.

— Чула, што будуць вялікія перамены ў ранішнім эфіры. У «Студыі добрага настрою» застануцца тыя ж вядучыя і захаваецца звыклая назва. А што зменіцца?

— «Раніца. Студыя добрага настрою» стартуе ўжо сёння, 1 лістапада, і будзе, бадай, самай заўважнай праграмай у плане абнаўлення. У нас новая студыя, якая размяшчаецца ў кінатэатры «Электрон», новыя дэкарацыі, новая графіка і мноства новых рубрык, цікавых для розных катэгорый гледачоў. Тэмы ўзялі максімальна разнастайныя, ад эканамічнага агляду да ежы або гаджэтаў — пра ўсё гэта вядучыя будуць расказваць у лёгкай, дзесьці забаўляльнай форме, але тым не менш праграма застанецца інфармацыйна насычанай і карыснай. Асабіста я перакананы, што, гледзячы нашу праграму, чалавек атрымае поўны інфармацыйны зрэз падзей у краіне і свеце і няма патрэбы шчоўкаць пультам.

Акрамя таго, ужо ў лістападзе мы будзем рабіць праграму «Раніца Беларусі» на РТР-Беларусь — пакуль што раз на тыдзень па суботах будзем закрываць дзве гадзіны эфіру ўласным кантэнтам. Новыя вядучыя — іх імёны мы пакуль не рассакрэчваем —- мяркую, шмат каго парадуюць.

— На ваш погляд, чым яшчэ варта было б разнастаіць эфір? Многія гледачы з настальгіяй прыгадваюць музычныя і забаўляльныя праекты СТБ...

— Мы будзем вельмі шчыльна назіраць за тым, як гледачы адрэагуюць на новыя праекты. Цяпер наша задача — запусціць ключавыя навінкі, а далей будзем прымаць рашэнні зыходзячы з глядацкай зацікаўленасці.

...Ці плануе СТБ зноў запусціць музычна-забаўляльныя праграмы, а можа, нават замахнуцца на ўласную кінавытворчасць? Кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў адказвае дыпламатычна: «У будучыні ўсё можа быць».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Восень. Перазагрузка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.