Вы тут

Месячнае святло Ван Цзянчжао


У арганізатараў творчага праекта “Светлыя знакі: Паэты Кітая” (цяпер серыя выходзіць у выдавецтве “Мастацкая літаратура”) усё большая ўвага скіравана на сучасную паэзію Кітая. Следам за зборнікам вершаў Ван Гачжэня пабачылі свет кнігі паэтаў XX стагоддзя – Сюй Чжымо, Вэнь Ідо…


Ван Цзянчжао, чыя кніга толькі што здадзена ў друкарню,  – самы блізкі да нас сучаснік у кітайскай паэзіі, якая ўпэўнена крочыць у Беларусь. Дзякуючы прадстаўленню яго вершаў на мове Купалы з’яўляецца ўнікальная магчымасць выпрацаваць і новую плынь у развіцці кітайскай мастацкай прасторы ў беларускай літаратуры. Калі пачнецца прачытанне па-беларуску Ван Цзянчжао, то ў нашых крытыкаў з’явіцца магчымасць параўноўваць развіццё кітайскай нацыянальнай паэтычнай школы з тымі здзяйсненнямі, якія спадарожнічаюць творчай рабоце сучасных беларускіх паэтаў. Можна будзе класці іх кнігі, іх публікацыі поруч… Можна будзе зазіраць у люстэрка і разважаць над адбіткамі рознага характару, рознай паэтычнай, мастацкай прыроды. Мастацкія пераклады тады цікавыя, тады адыгрываюць значную ролю, калі яны даследуюцца, вывучаюцца, параўноўваюцца. І будзем спадзявацца, што ў фармаце параўнальнага літаратуразнаўства Ван Цзянчжао прачытаюць беларускія крытыкі, беларускія літаратуразнаўцы ў параўнанні з паэзіяй Алеся Разанава, Вальжы Морт, Андрэя Хадановіча, Вольгі Гапеевай ці некага яшчэ з паэтаў-сучаснікаў.

Але ж пакуль што пра Ван Цзянчжао хаця б інфармацыйна… Нарадзіўся паэт у кастрычніку 1963 года ў горадзе Хучжоу правінцыі Чжэцзян. Усход Кітая… З гэтых мясцін – і паэт Мэн Цзяо, адна з зорак часін дынастыі Тан, заснавальнік сучаснай кітайскай літаратуры Лу Сінь, паэт-рамантык Сюй Чжымо… Ван Цзянчжао – кандыдат навук па гісторыі замежнай паэзіі. І яшчэ – доктар навук па гісторыі неапаэзіі Кітая. Прафесар Інстытута замежнай літаратуры Пекінскага універсітэта замежных моў. Аўтар манаграфій “Літаратурная дружба паміж Кітаем і Расіяй: руска-савецкая літаратура і літаратура Кітая XX стагоддзя”, “Мадэрнісцкая паэзія Кітая XX стагоддзя”, “Біяграфія Анны Ахматавай”. Ван Цзянчжао пераклаў на кітайcкую мову кнігі “Анталогія рускай паэзіі сярэбранага века”, “Лёс Расіі”, “Лірыка Аляксандра Блока”, “Выбраныя вершы Барыса Паплаўскага”, “Анталогія рускіх эмігрантаў XX стагоддзя”, “Лірыка Аляксандра Пушкіна”, “Поўны Збор вершаў Восіпа Мандэльштама”, “Самаўсведамленне”. Паэт і пераккладчык адрэдагаваў серыю кніг “Руская культура сярэбранага века”, “Руская думка”, “Збор твораў Марыны Цвятаевай” у пяці тамах, іншыя выданні, звязаныя з рускай паэзіяй. Як аўтар арыгінальных вершаў і перакладчык Ван Цзянчжао друкаваўся ў кітасйкіх літаратурна-мастацкіх часопісах: “Народная літаратура”, “Часопіс паэзіі”, “Кастрычнік”, “Часопіс паэзіі Зоркі”, “майстры”, “Горная кветка”, “Кітайскія пісьменнікі”. Вершы кітайскага майстра вершаскладання ўключаны болей як у 30 калектыўных зборніках, анталогіях.

“Паветрам блакітным растала/ цямрэча начы/ і скрозь месяца вушы/ спакушае паўночныя ліхтары,/ не набліжаецца – у/ сапраўднасці./ Да астатняй рабрыны Бога/ падобны/ нахабна паголены клён/ стаіць на парывістым,/ сіберным ветры…/ Цёмна-зялёныя паштовыя / скрынкі/ адна за адной мільгаюць па/ баках маставой./ Чакаюць аб’едкаў пачуццяў/ іх уздутыя жываты…” (“Снежаньскі госць”). Перакладчык – Мікола Мятліцкі. У вершах Ван Цзянчжао шмат снегу, шмат снежнага іскрыстага светаўспрыняцця. Але холад не забірае ўсю цеплыню слова. Хутчэй снег, спалучаны з прасвятленннем Месяца, снег, які паядноўвае зіму і вясну, прываблівае. Гэты “гук снегу” становіцца у Ван Цзянчжао такой самай сілы мастацкім сімвалам, вобразам, як Сонца ў Ай Ціна.

Над пераўвасабленнем вершаў Ван Цзянчжао на беларускую мову працавалі поруч з Міколам Мятліцкім Віктар Шніп, Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка. Дарэчы, Юлія Алейчанка – першапраходца. Яна пераклала вершы кітайскага творцы яшчэ раней для публікацыі ў “Літаратуры і мастацтве”. Дарэчы, і сам Ван Цзянчжао зазірае ў пратсору беларускай паэзіі. І зараз рыхтуе вялікую падборку беларускіх паэтаў у кітайскім літаратурна-мастацкім друку. На шчасце, дарога ідзе ў два бакі. Галоўнае цяпер – трываліць мост. Мост літаратурнай дружбы паміж мастацкімі Сусветамі Беларусі і Кітая.

Спадзяёмся, што новая кніга серыі “Светлыя знакі: Паэты Кітая” выкліча шырокі рэзананс і ў асяроддзі тых кітайскіх студэнтаў, магістрантаў, якія вучацца, працуюць у Беларусі. Хацелася б і ў іх асобах бачыць тых творчых людзей, хто нераўнадушны да развіцця беларуска-кітайскай літаратурнай дружбы.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.