Вы тут

Беларусі трэба выходзіць на паўмільярдны тавараабарот з Малдовай


Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Рэспублікі Малдова Паўлам Філіпам.


Спачатку кіраўнік дзяржавы падзякаваў Паўлу Філіпу за тое, што ён знайшоў час прыехаць у Беларусь і дадаў, што акрамя абмеркавання праблем у складзе Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, у яго ёсць магчымасць яшчэ раз зірнуць на Беларусь, паглядзець, дзе ёсць недапрацоўкі, а таксама знайсці новыя напрамкі супрацоўніцтва.

Беларускі лідар прывёў у прыклад супрацоўніцтва з Пакістанам: у пачатку бакі вызначылі некалькі канкрэтных напрамкаў для ўзаемадзеяння, працавалі па іх, а затым паступова дадавалі новыя праекты.

«Вядома, з Малдовай у нас супрацоўніцтва даўняе. Мы ўжо вызначыліся, па многіх напрамках ідзе супрацоўніцтва. У нас і таваразварот прыстойны, але на паўмільярда трэба выходзіць адназначна, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы маем такія магчымасці. Трэба дадаваць да тых традыцыйных напрамкаў нашага супрацоўніцтва напрамкі, якія адсутнічаюць».

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Гомелі. На ёй бакі абмеркавалі ў тым ліку і развіццё адносін з Малдовай. Пётр Парашэнка пазначыў уласнае бачанне развіцця гэтай краіны, у сваю чаргу беларускі лідар выказаўся за тое, каб для супрацоўніцтва не было перашкод. «Я атрымаў поўную падтрымку і запэўніванні, што Украіна заўсёды будзе спрыяць нашаму супрацоўніцтву», — адзначыў Прэзідэнт.

Таксама кіраўнік дзяржавы выказаўся з нагоды запуску авіярэйсу паміж Кішынёвам і Мінскам:

«Я ўпэўнены, што гэта будзе нармальны, загружаны рэйс. Нашы людзі туды з задавальненнем будуць лётаць, вашы будуць прылятаць да нас, асабліва ў плане бізнесу, новых кантактаў, ды і турызму, — сказаў ён. — Гэта новае акно магчымасцяў. Вось ён, дадатковы праект, пра які мы з вамі калісьці дамаўляліся. Нарэшце мы яго пачалі рэалізоўваць».

Беларускі лідар адзначыў, што пажадана, каб з Малдовай атрымлівалася дадаваць усё новыя і новыя напрамкі для супрацоўніцтва.

«Ваш візіт важны яшчэ тым, што вы можаце знайсці гэтыя напрамкі, калі гэта будзе цікавіць Малдову. Мы заўсёды адкрытыя, я яшчэ раз паўтараю: закрытых тэм для супрацоўніцтва з вашай краінай у нас абсалютна няма», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што супрацоўніцтва нашых краін грунтуецца не на дабрачыннасці — любыя двухбаковыя кантракты рэнтабельныя, яны выгадныя і Малдове, і Беларусі.

Беларускі лідар адзначыў, што Малдова выдатна дапамагае Беларусі з насеннем кукурузы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў нядрэнны ўраджай гэтай культуры сёлета — паўтара мільёна тон кукурузы было атрымана, прыбралі ўсё. Дзякуючы малдаўскаму насенню і сумеснай працы (працуе сумеснае беларуска-малдаўскае прадпрыемства — Аўт.), Беларусь атрымлівае вельмі важную культуру.

«Клімат мяняецца вельмі моцна, мы гэта заўважаем, таму вытворчасць насення кукурузы, наогул кукуруза для нас з'яўляецца практычна асноўным кормам», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў беларускага лідара, Беларусь і Малдова не прад'яўляюць адзін аднаму ніякіх папярэдніх умоў. Ён дадаў, што Беларусь успрымае Малдову такой, якая яна ёсць, разумее выбар асноўных арыенціраў, роўна як і Малдова разумее нашу краіну.

«У сувязі з гэтым у нас добрыя адносіны. Я хачу вас запэўніць, што так яно і будзе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У завяршэнне ён пажадаў дружалюбнаму і паважанаму народу Малдовы стабільнасці, спакою і руху да росквіту.

У адказ прэм'ер-міністр Малдовы адзначыў цёплы і радасны прыём. Ён дадаў, што падчас свайго візіту ў яго ёсць магчымасць дэталёва абмеркаваць усе сумесныя праекты.

Акрамя таго, Павел Філіп дадаў, што калі бакі кажуць аб супрацоўніцтве, аб дыпламатычных адносінах, простыя людзі глядзяць на гэта як на нейкую фармальную фазу, але на гэты раз народу прадэманстравалі канкрэтныя дзеянні. «Напрыклад, гэты прамы рэйс Кішынёў - Мінск, на якім я прыляцеў, быў адным з першых пасажыраў», — сказаў ён.

Прэм’ер-міністр таксама выказаў упэўненасць у тым, што рэйс будзе загружаны. Яшчэ ў прыклад канкрэтных дзеянняў ён назваў беларускія тралейбусы, якія ездзяць па вуліцах Кішынёва. Ён упэўніў, што і па іншых праектах справы ідуць добра.

У тэму

  • У 2017 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай склаў 220,5 мільёнаў долараў ЗША і ў параўнанні з 2016 годам скараціўся на 3 %, экспарт — 133,4 мільёна долараў (вырас на 12,8 %), імпарт — 87,1 мільён долараў (знізіўся на 20%). Сальда станоўчае ў памеры 46,3 мільёна долараў.
  • У студзені - жніўні 2018 года тавараабарот склаў 143,2 мільёна долараў (рост на 2,3 %), імпарт — 51,7 мільёна долараў (скараціўся на 4,8 %), беларускі экспарт у Малдову склаў 91,5 мільёна долараў і ўзрос на 6,9 %.
  • Аснову беларускага экспарту ў 2017 годзе склалі нафтапрадукты, цукар, трактары і седлавыя цягачы, лесаматэрыялы падоўжна—распілаваныя, кокс і бітум, плёнка з пластмас, шкловалакно.
  • З Малдовы імпартаваліся вінаградныя віны, абрыкосы, вішня, чарэшня, персікі, слівы, свежая кукуруза, каньячная прадукцыя, гіпс, дываны і падлогавыя пакрыцці, вінаград, гародніна замарожаная і кансерваваная, сокі з садавіны і агародніны.
  • Экспарт беларускіх паслуг у 2017 годзе склаў 5,8 мільёна долараў (112,4 % да ўзроўню 2016), імпарт — 4,4 мільёна долараў (120 %). Сальда станоўчае — 1,4 мільёна долараў.
  • За 2017 год у эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Малдовы на суму 800 тысяч долараў (300 тысяч — за 2016).

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».