Вы тут

Казахстан — перспектыўны, стратэгічны і надзейны партнёр для Беларусі


Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі падчас сустрэчы са старшынёй Сената Парламента Рэспублікі Казахстан Касымам - Жамартам Такаевым.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што няма неабходнасці казаць пра беларуска-казахстанскія адносіны, паколькі гэта адносіны блізкіх дзяржаў. «Мы заўсёды будзем гэтай палітыкі прытрымлівацца. У нас вельмі сяброўскія адносіны з вашым Прэзідэнтам, мы шмат чаму вучымся адзін у аднаго», — адзначыў ён.

Беларускі лідар нагадаў, што Беларусь многае запазычыла ў Казахстана, напрыклад,  у сферы права. «Асабліва ў першыя часы майго прэзідэнцтва, ды і ствараючы канстытуцыю мы перашуфлявалі многія канстытуцыі, пачынаючы ад Францыі і Казахстана, і многае запазычылі ў плане нарматворчасці», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама ахарактарызаваў адносіны парламентаў дзвюх краін як добрыя, роўна як і адносіны паміж іх кіраўнікамі. Прэзідэнт падзякаваў старшыні Сената за тое, што той знайшоў час прыехаць у Беларусь на сустрэчу Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. «Карысная гэтая канферэнцыя, я нават не чакаў, што ад яе можа быць такая карысць. Бачныя пазіцыі розных краін, асабліва якія супрацьстаяць адна адной», — заявіў ён.

Беларускі лідар таксама дадаў, што літаральна праз некалькі дзён яны зноў сустрэнуцца ў Астане на саміце АДКБ, каб абмеркаваць шматлікія пытанні, у тым ліку — рэфармаванне гэтай арганізацыі, узмацненне яе ролі ў міжнародных справах у гэты няпросты час. Паводле яго слоў, у Астане будуць шукаць адказы на пытанні складанай міжнароднай абстаноўкі.

Гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам кіраўнік дзяржавы назваў вельмі добрымі, рост тавараабароту — пад 40 %, аднак гэта, на яго думку, не тое, што можа быць паміж нашымі краінамі. «У нас няма ніякіх забароненых тэм і насцярожанасці ў дачыненні да вытворчасці і бізнесу, вашых людзей, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы прапанавалі, здавалася б, самыя нерэалізуемыя рэчы для Казахстана ў плане стварэння сумеснай вытворчасці на базе Гомсельмаша, уваходжанне ў капітал вашай краіны. І пастаўкі ўзаемныя — гэта ўжо не пытанне гандлю. Мы больш глыбокія маем адносіны. Мы павінны разумець, што ў гэтым напрамку мы будзем дзейнічаць, калі ў вас будзе на гэта воля».

Словам, беларускі лідар адзначыў, што Беларусь будзе развіваць з Казахстанам самыя цесныя і добрыя адносіны. Ён падкрэсліў: Казахстан — вельмі перспектыўны, стратэгічны і надзейны партнёр для нашай краіны.

У адказ старшыня Сената падзякаваў Прэзідэнту за магчымасць сустрэчы, нават нягледзячы на ​​вельмі шчыльны графік. Ён адзначыў, што казахстанская дэлегацыя правяла перамовы са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам, было падпісана пагадненне аб стварэнні падкамісіі па інавацыйным развіцці. «Я думаю, гэты дакумент вельмі карысны з пункту гледжання стымулявання ўсіх выканаўчых органаў, некамерцыйных арганізацый да больш цеснага супрацоўніцтва менавіта ў гэтай важнай сферы з Беларуссю, паколькі вы дасягнулі вельмі вялікіх поспехаў», — сказаў ён.

Што тычыцца Мюнхенскай канферэнцыі, то старшыня Сената павіншаваў беларускага лідара з бліскучай прамовай. Ён адзначыў, што і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства вельмі высокага меркавання пра выступ Прэзідэнта. Касым - Жамарт Такаеў назваў выступ адкрытым і дзелавым, можна сказаць, шчодрым на вельмі сур'ёзныя сігналы ў адрас міжнароднай і еўрапейскай у прыватнасці супольнасці.

У тэму

  • Па выніках 2017 года тавараабарот Беларусі і Казахстана склаў 690,8 мільёна долараў і павялічыўся ў параўнанні з 2016 годам на 64,8 %. Экспарт тавараў у Казахстан склаў 594,3 мільёна долараў (рост на 63,3 %), імпарт з Казахстана — 96,5 мільёна долараў (рост на 74,2 %). Сальда гандлю станоўчае ў памеры 497,8 мільёна долараў.
  • У студзені — жніўні 2018 тавараабарот склаў 610,5 мільёна долараў і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года на 44 %. Беларускі экспарт склаў 539,2 мільёна долараў (павялічыўся на 45,8 %), імпарт — 71,3 мільёна долараў (рост на 31,3 %). Сальда станоўчае ў суме 467,9 мільёнаў долараў.
  • Асноўнымі пазіцыімі беларускага экспарту сталі малако і малочныя прадукты, грузавыя аўтамабілі, трактары і седлавыя цягачы, мяса і мясапрадукты, мэбля, цукар, збожжаўборачныя камбайны, нафтапрадукты, шпалеры, лекі, шыны.
  • Аснову імпарту тавараў з Казахстана склалі пастаўкі нафтапрадуктаў, каменнага вугалю, алюмінія, нафтавых газаў, пракату з нелегіраванай сталі, баваўнянага валакна, труб з чорных металаў, апаратуры сувязі, меднага лому, сульфатаў, рэек, дынь і кавуноў, ферасплаваў.
  • Аб'ём знешняга гандлю паслугамі з Казахстанам на 2017 год склаў 181,2 мільёна долараў і ў параўнанні з 2016 павялічыўся ў два разы. Пры гэтым экспарт паслуг дасягнуў 138,4 мільёна долараў і павялічыўся ў 2,1 раза, імпарт — 42,8 мільёна долараў (рост на 76,5 %). Сальда абмену паслугамі станоўчае ў памеры 5,6 мільёна долараў.
  • За студзень — ліпень 2018 аб'ём знешняга гандлю паслугамі склаўся ў памеры 78,8 мільёна долараў і павялічыўся ў параўнанні з узроўнем аналагічнага перыяду 2017 года на 2,3 %. Экспарт паслуг — 48,4 мільёна долараў (знізіўся на 12,7 %), імпарт — 30,4 мільёна долараў (рост на 40,8 %). Сальда станоўчае ў суме 18 мільёнаў долараў.
  • У 2017 годзе ў эканоміку Беларусі з Казахстана паступіла 4 мільёны долараў інвестыцый (рост да ўзроўню 2016 года ў 4,2 разы), у тым ліку прамыя інвестыцыі склалі 3,5 мільёна долараў (рост у 4,6 раза).
  • У першым паўгоддзі 2018 года аб'ём казахстанскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі дасягнуў 6,1 мільёна долараў (рост у 6,6 раза), з іх прамыя інвестыцыі — 6 мільёнаў долараў (рост у 9 разоў).

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч і старшыня Сената Парламента Казахстана Касым-Жамарт Такаеў падпісалі пратакол верхніх палат парламентаў дзвюх краін аб стварэнні падкамісій па развіцці супрацоўніцтва ў інавацыйнай сферы.

«Я лічу, што гэты дакумент — позірк у будучыню, бо традыцыйныя галіны, канешне, развіваюцца, але гэта могуць быць тры-пяць працэнтаў росту ў год, а патрэбны прарыў. Інавацыйны кірунак — гэта навукаёмістыя і ў меншай ступені матэрыялаёмістыя вытворчасці з высокай доляй дабаўленай вартасці дзякуючы інтэлектуальнаму кампаненту», — заявіў журналістам пасля цырымоніі падпісання Міхаіл Мясніковіч.

Напярэдадні ў верхняй палаце беларускага парламента адбыліся перагаворы з казахстанскай парламенцкай дэлегацыяй па шырокім коле двухбаковых адносін — гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным, гуманітарным супрацоўніцтве. Старшыня Савета Рэспублікі таксама падзякаваў казахстанскім калегам за ўвагу да этнічных беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі Казахстана. Ён адзначыў, што Савет Рэспублікі ўдзяляе вялікую ўвагу падтрымцы сувязяў з суайчыннікамі за мяжой. «Мы звяртаем на гэта ўвагу і нам неабыякавы стан нашых суайчыннікаў за мяжой. Мы пра іх памятаем і адсочваем пытанні, якія іх хвалююць», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».