Вы тут

На Віцебшчыне трэба актывізаваць дзейнасць па нарыхтоўцы другасных рэсурсаў


Кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама патрабуе актывізаваць дзейнасць па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў. У прыватнасці, у першым паўгоддзі ў вобласці нарыхтавалі 37,2 тысячы тон — толькі 39 % ад гадавога плана.


Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў на пасяджэнні выканаўчага органа даў заданне актывізаваць працэс. Тым больш што тым, хто плённа займаецца адпаведнай дзейнасцю, гэта выгадна. У дзяржаве прадугледжаны адпаведны алгарытм, каб выдаткі акупляліся.

Што датычыцца нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў у насельніцтва, яе ажыццяўляюць 190 прыёмных пунктаў. 60 % з іх адносяцца да сістэмы спажывецкай кааперацыі, астатнія — да ЖКГ.

У рэгіёне ёсць добрыя прыклады таго, як зборам і перапрацоўкай займаюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Напрыклад, першымі ў Прыдзвінскім краі паасобны збор і перапрацоўку бытавых адходаў на перадавым узроўні арганізавалі ў Наваполацку. На Біямехзаводдзе бытавых другасрэсурсаў, які працуе з 2010 года, летась пачалі перапрацоўку пластыкавых бутэлек. Раней тут займаліся толькі сартаваннем, пасля прасавання сыравіну адпраўлялі на Магілёўшчыну для далейшай перапрацоўкі.

Але падлічылі, што больш выгадна вырабляць дробную пластыкавую фракцыю — ПЭТ-флэкс і шматкі. У былых складскіх памяшканнях размясцілі адпаведны вытворчы комплекс. Магутнасці дазваляюць перапрацоўваць прыкладна палову пластыкавай бутэлечнай тары, якую збіраюць у вобласці.

Кіраўнік прадпрыемства, дэпутат гарсавета Сяргей Сямёнычаў, у размове з карэспандэнтам «МС» дадаў, што ў выніку запуску лініі па вырабе пліткі і бардзюраў замест цэменту будзе выкарыстоўвацца палімер. Такім чынам, перапрацаваныя адходы дазволяць яшчэ больш зарабляць.

Тое, што немагчыма перапрацаваць, як вядома, адвозяць на палігоны. На жаль, ёсць факты, калі парушаюцца патрабаванні пры іх эксплуатацыі і ўтрыманні.

Як паведаміў старшы памочнік пракурора Полацкага раёна Віталь Патанейка, сёлета ўстанавілі факты захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў на палігоне і міні-палігонах для цвёрдых камунальных адходаў. Там жа былі адходы вытворчасці. Акрамя таго, былі ўстаноўленыя парушэнні ў пытаннях агароджвання аб'ектаў захавання цвёрдых камунальных адходаў. Зафіксавалі і факты складзіравання цвёрдых камунальных адходаў на пад'язных пуцях да такіх аб'ектаў, парушэнні пры правядзенні ізаляцыі адходаў. Дырэктару Жыллёва-камунальнай гаспадаркі Полацка ўнеслі прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў. Таксама па патрабаванні пракуратуры вінаватыя ў парушэннях прыцягнуты да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Выгадна, дык не ахвотна?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?