Вы тут

Салігорск прыкладае намаганні, каб гарадскія кварталы не патаналі ў смецці


Салігорск лідзіруе сярод гарадоў Беларусі па шчыльнасці забудовы і насельніцтва — на квадратным кіламетры пражывае больш як 11 тысяч чалавек. Камунальныя службы прыкладаюць шмат намаганняў, каб гарадскія кварталы не патаналі ў смецці.


— Найпершая наша задача — атрымаць як мага больш другасных матэрыяльных рэсурсаў для перапрацоўкі. Гэта пластык, шкло, папера, — расказаў выконваючы абавязкі дырэктара камунальнага нарыхтоўчага ўнітарнага прадпрыемства «ЭкаКомплекс» Валерый Ермаковіч. — У Салігорскім раёне дзейнічаюць тры асноўныя сістэмы іх збору. Кантэйнерная — гэта раздзельны збор адходаў у месцах, дзе яны назапашваюцца. Акрамя таго, нарыхтоўка вядзецца ў стацыянарных і перасоўных прыёмных пунктах, а таксама — з дапамогай тэхналагічнай сартавальнай лініі. Раздзельным зборам адходаў ахоплены Салігорск і ўсе населеныя пункты раёна.

У горадзе з прычыны вельмі шчыльнай забудовы ўладкаваць кантэйнерныя пляцоўкі бывае даволі складана. Таму прадпрыемства пачало ўстанаўліваць на ўнутраных дваровых тэрыторыях кантэйнеры заглыбленага тыпу. Адзін замяняе сабой шэсць звычайных кантэйнераў. Акрамя таго, у ім больш нізкая тэмпература, што замаруджвае працэсы гніення. Усяго ж на тэрыторыі горада і раёна больш за 1500 кантэйнераў для раздзельнага збору бытавых адходаў, у тым ліку 45 заглыбленых.

У мікрараёне Памесце Салігорска «ЭкаКомплекс» укараніла спосаб збору адходаў па галандскай сістэме ў рознакаляровыя поліэтыленавыя мяшкі. Жоўтыя прызначаны для пластыку, зялёныя — для паперы і кардону, сінія — для шкла. Па два камплекты раздалі домаўладальнікам. Вывозяцца адходы па графіку. Тара вяртаецца гаспадарам.

На базе прадпрыемства створаны рэгіянальны цэнтр па зборы зношаных шын. Жыхары горада і раёна маюць таксама магчымасць здаць элементы, якія змяшчаюць ртуць, энергазберагальныя лямпы, батарэйкі ў стацыянарныя пункты прыёму другаснай сыравіны. Працуе на прадпрыемстве і тэхналагічная лінія сартавання другасных матэрыялаў, дзе яны праходзяць дасартоўку па відзе і колеры. Другасную сыравіну прымаюць у трох стацыянарных прыёмных пунктах Салігорска, гарадскім пасёлку Чырвоная Слабада і ў вёсцы Дубеі. Калі ў кагосьці няма такой магчымасці, то нарыхтоўшчык забярэ яе машынай.

Сёлета ў жніўні арганізавалі платны збор бытавой тэхнікі ад насельніцтва, якая выйшла з ужывання. Цяпер усе ахвотныя могуць не толькі выслабаніць свае памяшканні ад рэчаў, якія перашкаджаюць, але і папоўніць сямейны бюджэт. За кожны кілаграм вагі ім выплачваецца па 25 капеек.

«ЭкаКомплекс» рэгулярна ладзіць акцыі па нарыхтоўцы другасных рэсурсаў сярод насельніцтва. Жыхары Салігорскага раёна актыўна ў іх удзельнічаюць. Каму ж перашкодзіць лішні рубель! Напрыклад, жыхарка пасёлка Чыжоўка ў красавіку здала ў перасоўны прыёмны пункт каля 300 кілаграмаў шкла і 50 кілаграмаў ПЭТ-бутэлек за адзін раз. І такіх сумленных людзей становіцца ўсё больш.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?