Вы тут

Чвэрць стагоддзя без пацукоў і прусакоў


Час, калі ўсе адходы жыццядзейнасці выкідаліся ў смеццеправоды, гамяльчане нават забылі. Разам з намеснікам генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб'яднання «ЖКГ Гомельскай вобласці» Алегам Спірыдонавым успамінаем, калі тое было. Не адразу, але па паперах знаходзім дату. Работу па закрыцці смеццеправодаў у Гомелі пачалі яшчэ ў 1994, а закончылі ў 2011 годзе. Столькі часу спатрэбілася, каб пераканаць жыхароў усёй вобласці ў відавочных плюсах. Няма смеццеправода — няма смуроду гніення і хлоркі, прусакоў і пацукоў, пажараў ад недакуркаў і грукату сярод ночы. Толькі сталыя людзі сёння прыгадаюць, як сістэматычна яны забіваліся і патрабавалі спецыяльнага тэхнічнага абслугоўвання, каб чысціць і дэзынфікаваць. Зніклі гэтыя з'явы з жыцця, цяпер толькі бульба ці каляскі захоўваюцца ў памяшканнях вакол гэтай прылады сумнеўнай зручнасці.


Тэхнікі, якая іх абслугоўвала, на Гомельшчыне цяпер няма адпаведна. Замест яе набыта новая, прыстасаваная пад так званыя еўракантэйнеры. Пры пагрузцы смецце з іх практычна не высыпаецца. Кантэйнер падкатваецца да машыны, тая сама адкрывае накрыўку і справа зроблена.

— Гомель — першы горад у Беларусі, у якім смеццеправоды ўвогуле зніклі, — падкрэслівае Алег Спірыдонаў. — Потым і па вобласці ўсе заварылі. Але ж галоўная мэта сёння — максімальна падзяляць і перапрацоўваць смецце. Гэта ж другасныя рэсурсы. Пры карыстанні смеццеправодам гэта немагчыма. Сёння жыхары Гомельшчыны прызвычаіліся да таго, каб выкідаць смецце ў розныя кантэйнеры. Большая частка гэта робіць.

Цікаўлюся, ці сутыкаліся пры барацьбе за экалогію з супрацьлеглымі меркаваннямі.

— Канешне, — кажа Алег Віктаравіч. — Працэс пераканання доўгі, але таго варты. Былі супраць у асноўным асобныя людзі, якія прызвычаіліся да смеццеправодаў, і сталыя, каму зусім цяжка выходзіць з дому і несці смецце на пляцоўку. Але ж сёння ўсе пляцоўкі — у крокавай даступнасці.

Сапраўды, блізка ад свайго дома я налічыла пяць. У залежнасці ад таго, у які бок іду, там і выкідаю смецце. Дарэчы, усе пляцоўкі ўладкаваны, агароджаны. Канешне, здараецца, што іх перакульваюць, але ж вельмі рэдка.

Дзеці сёння актыўна ўключыліся ў дзейнасць па раздзяленні смецця: кампанія вясёлых янотаў у сродках масавай інфармацыі робіць сваю справу. Многія бацькі гавораць, што малыя цяпер не дадуць выкінуць смецце не ў тую скрыню, што яму адпавядае. Думаю, яны здольны пераканаць і бацькоў, і дзядоў, што клопат аб будучыні планеты варты яшчэ аднаго заваранага смеццеправода.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота Вольгі АНУФРЫЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.