Вы тут

На форуме ў Магілёве


У складзе дэлегацыі Самарскай вобласці, што ўдзельнічала ў V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, былі актывісты абласной суполкі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”


Вакальны ансамбль “Каданс” на галоўнай канцэртнай пляцоўцы форуму: на Плошчы Зорак у гістарычным цэнтры Магілёва

Мне заўсёды падабаюцца сумесныя дзеі, што ў аснове сваёй нясуць аптымізм, скіраваныя на творчасць, супрацу. І такім крытэрыям, на мой погляд, адпавядае V Форум рэгіёнаў Беларусі ды Расіі, што праходзіў 10–12 кастрычніка ў Магілёве. Абласны цэнтр да таго ж і “Моладзевая сталіца Беларусі-2018”: такі статус ён атрымаў па рашэнні аргкамітэта адпаведнага рэспубліканскага конкурсу. Чарговы форум, нагадаю, праходзіў пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ды Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі, быў скіраваны на пашырэнне супрацы між дзяржавамі, умацаванне эканамічнай інтэграцыі.

Многія СМІ паведамлялі: у мерапрыемствах форуму паўдзельнічала каля 2000 чалавек, больш за 20 губернатараў рэгіёнаў Расіі. Самарскую вобласць прадстаўляла афіцыйная дэлегацыя на чале з Губернатарам Дзмітрыем Азаравым. А творчую дэлегацыю вобласці, якую ўзначальвала прэзідэнт Самарскай абласной арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская, запрасіў Магілёўскі аблвыканкам. “Наш творчы дэсант у Магілёве атрымаўся салідным, — распавядае Ірына Міхайлаўна. — У ім былі шматразовы лаўрэат міжнародных, усерасійскіх фестываляў і конкурсаў беларускі вакальны ансамбль “Каданс” (мастацкая кіраўніца Іна Сухачэўская) і пяць яркіх майстроў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці вобласці”.

Салісткі вакальнага ансамбля “Каданс” з творам “Мядзведзь з каляскай”, падораным адміністрацыі Заводскага раёна Мінска

“Каданс” прадстаўлялі сем салістак: Анастасія Гуркіна, Марына Кірылава, Арына Камісарава, Вераніка Кузняцова, Алена Нагорнава, Крысціна ды Іна Сухачэўскія. Гурт паўдзельнічаў у канцэртнай праграме “Садружнасць культур — садружнасць народаў” на галоўнай канцэртнай сцэне Плошчы Зорак у гістарычным цэнтры Магілёва. Ля Самарскага падворка ў “Горадзе майстроў” гурт гэтак зладжана спяваў і таньчыў, што і Старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка, і Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч не змаглі ўтрымацца, далучыліся пад песню “Золотая ярмарка” да вясёлага карагоду. Вялікую цікавасць да магілёўскіх выступленняў гурта праявіў і Дзмітрый Азараў. Ён 11 кастрычніка знайшоў час, каб разам з Аляксандрам Фяцісавым, віцэ-губернатарам Самарскай вобласці, ды Кацярынай Кузьмічовай (яна выконвае абавязкі Старшыні Самарскай губернскай думы), паглядзець выступленне калектыву. Пасля канцэрта Губернатар выказаў падзяку Ірыне Глускай, артыстам “Каданса” за годнае прадстаўленне вобласці на форуме. “Было вельмі прыемна, што Губернатар цікавіцца выступам, падтрымлівае нас, і ў знак удзячнасці мы яму падарылі папуры з рускіх народных песень”, — дзеліцца ўражаннямі Арына Камісарава.

Ва ўсе дні працы выставы-кірмашу “Горад майстроў” “Каданс” часта выходзіў на пляцоўкі, падтрымліваў яркімі выступамі настрой гасцей і ўдзельнікаў форуму — разам з іншымі творчымі калектывамі Беларусі ды Расіі. “Было прыемна чуць словы падзякі ад жыхароў і гасцей Магілёва за нашы выступленні, — гаворыць мастацкая кіраўніца гурта Іна Сухачэўская. — Наш калектыў сапраўды набыў свой унікальны творчы почырк: мы хораша спалучаем вакальныя нумары з арыгінальна пастаўленай пад іх харэаграфіяй”. “Каданс” цяпер — гэта плён калектыўнай працы як маладых салістак, улюбёных у песню, так і дзвюх мастацкіх кіраўніц: Алена Кірылашава стаяла ля вытокаў калектыву, а Іна Сухачэўская прадаўжае творчую эстафету. Абедзве — прафесійныя педагогі па класе вакалу. Шырокі рэпертуар дае магчымасць кожнаму слухачу знайсці песню па душы: народную, духоўную, эстрадную ці аўтарскую. Песню шырока вядомую ці рэдкую, лірычную ці гарэзную. Кожная з удзельніц гурта, які сёлета адзначае 10?гадовы юбілей, выступае і з сольнымі нумарамі.

У першы дзень знаходжання ў Беларусі самарцы наведалі Мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле” і ўсклалі кветкі ў памяць пра загінулых салдат. “Менавіта на Буйніцкім полі байцы Савецкай арміі выяўлялі цуды гераізму, якія не сплывуць у Лету ніколі…” — тое апісаў у сваім рамане “Жывыя і мёртвыя” пісьменнік Канстанцін Сіманаў. Засталіся ў захапленні беларускі з Самары і ад наведвання Магілёўскага заасада. “Уразіла беларускае сафары: маленькі цягнічок вёз нас у непасрэднай блізкасці ад жывёл — зуброў, аленяў…?— дзеліцца ўражаннямі Алена Нагорнава, студэнтка Самарскага абласнога вучылішча культуры й мастацтваў. З вялікай цікавасцю самарцы знаёміліся і з нацыянальным беларускім падворкам, што побач з заасадам. На свае вочы пабачылі, як працавалі раней кавалі, ткачы, ганчары, сталяры, пчаляры… А ўвечары былі на Гала-канцэрце “Мы разам — мы вместе!” у Палацы спорту “Магілёў”.

Фота на памяць: заслужаны беларускі вакальны ансамбль “Каданс” і беларускі народны фальклорны ансамбль “Вербіца

Шмат цікавага пра беларускі сялянскі побыт, звычаі, традыцыі, нацыянальныя касцюмы і абрады беларусы Самарскай вобласці даведаліся ў Магілёўскім музеі этнаграфіі — гэта філіял Магілёўскага краязнаўчага музея. Дарэчы, там сабрана самая вялікая калекцыя традыцыйных беларускіх строяў з розных раёнаў і вёсак. Вялікая ўвага ў музеі надаецца народным рамёствам, традыцыйным для сялянскіх вёсак і беларускіх гарадоў мяжы XІX і XX стагоддзяў. Госці ж радаваліся, што маюць магчымасць пазнаёміцца з самабытнай беларускай культурай і звычаямі, пагутарыць з мясцовым людам. “Беларусы — гасцінныя, таварыскія, добрыя людзі, да таго ж і цярплівыя, хоць і не хаваюць сваіх эмоцый,?— дзеліцца ўражаннямі Вераніка Кузняцова, студэнтка 5 курса Самарскага дзяржаўнага сацыяльна-педагагічнага ўніверсітэта. — Трапляліся нам людзі ветлівыя — і як быццам заўсёды ў іх добры настрой. Нам было прыемна выступаць перад такімі ўдзячнымі гледачамі. Так што выконваць песні на беларускай мове, жывучы ў Расіі — гэта адно. А паглядзець жыццё беларусаў, пазнаёміцца з іх культурай непасрэдна ў Беларусі — гэта іншыя, больш яркія адчуванні”.

Самарскі рэгіён у “Горадзе майстроў” у Магілёве прадстаўлялі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па напрамках: лозапляценне — Андрэй Мітрафанаў, качанне — Таццяна Скляр і Аляксей Мальцаў, роспіс па дрэве — Алена Мурадава, выраб нацыянальнай лялькі — Любоў Мальгіна. Кожны з іх рыхтаваўся як найлепш прадставіць сваю прадукцыю, так што выстава-продаж карысталася вялікім поспехам.

У Мінск, да сяброў 

12 кастрычніка на галоўнай сцэне прайшла цырымонія ўручэння сертыфікатаў удзельнікаў V Форуму рэгіёнаў. “Аднак на тым наша “беларуская праграма” не закончылася: у творчай дэлегацыі маршрут вяртання дадому быў праз Мінск,?— гаворыць Ірына Глуская. — Адміністрацыя Заводскага раёна сталіцы сардэчна сустракала як дэлегацыю Самарскага рэгіёна, так і сваіх непасрэдных партнёраў — суполку “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. З начальнікам упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райадміністрацыі Аляксандрам Крымскім і загадчыкам сектара культуры Дзмітрыем Сямёнавым скаардынавалі мы планы па далейшай супрацы ў гандлёва-эканамічнай, адукацыйнай сферы. Ёсць намер наладзіць партнёрства адной са школ Заводскага раёна з самарскай школай №124, запрашаць творчыя гурты з раённых устаноў культуры для ўдзелу ў нашых беларускіх фестывалях на самарскай зямлі. Запрасілі мы партнёраў у Самару на імпрэзы, прысвечаныя Параду Памяці 7 лістапада”.

Сёлета Заводскі раён адзначае 80?гадовы юбілей, таму Ірына Глуская набыла ў майстра па лозапляценні Андрэя Мітрафанава твор “Мядзведзь з каляскай” ды падарыла раёну. І Андрэя Гервасіевіча, кажа, тым парадаваць, і партнёраў. Цяпер той Мішка — паўнапраўны “жыхар” Мінска. Мядзведзь, як вядома, адзін з сімвалаў Расіі, а мядзведзь з каляскай, лічыць Ірына Міхайлаўна, з часам можа стаць адным з сімвалаў працавітых жыхароў Заводскага раёна.

Яшчэ творчая дэлегацыя з Самарскай вобласці атрымала майстар-клас ад беларускага народнага фальклорнага ансамбля “Вербіца”, мастацкі кіраўнік якога — Аляксандр Свірскі. У рэпертуары гурта прадстаўлены асноўныя жанры беларускай народнай песні. “Сустрэча з “Вербіцай” заўсёды натхняе, — згадвае мінскія сустрэчы Марына Кірылава. — З гуртом я пазнаёмілася 5 гадоў таму, калі была мая першая паездка ў Беларусь у складзе “Каданса”. І тады ўжо ўлюбілася ў творчасць таленавітых людзей. З першага погляду, з першае ноты любога чалавека бяруць яны ў палон — усе добрыя і адкрытыя, таму сэрца й не можа не адгукнуцца на іх беларускія песні. Затым для нас ладзілася цікавая аглядная экскурсія па Мінску, Нацыянальным гістарычным музеі. Мы ўдзячныя за тое дырэктару Нацыянальнага гістарычнага музея Паўлу Сапоцьку і яго дружнаму калектыву. Яшчэ — адміністрацыі, работнікам кафэ ўнівермага “Беларусь” за смачныя беларускія стравы й гасціннасць. Шчыра дзякуем і дырэктару Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вользе Антоненцы: за сувенірную прадукцыю й кнігі, перададзеныя ў фонд беларускай суполкі”.

Падводзячы вынікі візіту ў Беларусь творчай дэлегацыі, яе кіраўніца Ірына Глуская кажа: план выкананы на 90%: “Вельмі прыемна, што ў ходзе форуму падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Самарскай губернскай думай і Магілёўскім аблсаветам дэпутатаў. Да таго ж Губернатар Самарскай вобласці Дзмітрый Азараў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж рэгіёна. Радуе нас, што пашыраюцца сувязі паміж Самарай і абласнымі цэнтрамі нашай гістарычнай радзімы. Кіраўнік Самары Алена Лапушкіна і старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж гарадамі ў гандлёва-эканамічнай, сацыяльна-культурнай і гуманітарнай сферах. Так што Магілёў стаў для Самары трэцім — нароўні з Гомелем і Віцебскам — беларускім горадам-партнёрам. І гэта цудоўна!” 

Ад імя актывістаў беларускай дыяспары Ірына Міхайлаўна выказвае вялікую падзяку Губернатару рэгіёна: за вернасць слову і справе. Тлумачыць: “Нам, грамадскім лідарам, вельмі складана бывае цяпер узаемадзейнічаць з чыноўніцкім апаратам. На жаль, у апошнія гады нас успрымаюць чамусьці толькі як нейкія забаўкі ці культмасавы сектар — і не больш за тое. Але ж мы можам быць і народнымі дыпламатамі, вельмі карыснымі, нават незаменнымі ў міждзяржаўных зносінах, у тонкіх пытаннях умацавання міжнацыянальнай згоды. Ці можа нехта рызыкне ўслых сказаць, што яны сёння неактуальныя, другарадныя?.. А вось у нашага новага Губернатара маштабы супрацоўніцтва з нацыянальнымі грамадскімі суполкамі — сапраўды дзяржаўныя. І галоўнае: ёсць да нас увага і разуменне”.

Падвёў вынікі форуму й сам Дзмітрый Азараў: “Уся праведзеная на форуме праца — гэта моцны падмурак для развіцця адносінаў паміж нашымі краінамі, рэгіёнамі. Гэта шмат у чым будзе ўмацоўваць тое сяброўства, якое ёсць паміж Расіяй і Беларуссю. Гарантамі ж супрацоўніцтва з’яўляюцца нашы Прэзідэнты, якія па-сапраўднаму паважаюць адзін аднаго, сябруюць і забяспечваюць цеснае ўзаемадзеянне паміж Расіяй і Беларуссю, між брацкімі народамі краін, спалучаных сотнямі тысяч лёсаў, жыццяў”.

Мікалай Бойка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».