Вы тут

Жывяць таленты “Жывіцу”


На маёй малой радзіме, у Рэчыцкім раёне, да мастацкай самадзейнасці далучаны й тыя, каму за 80 і нават за 90 гадоў


Людміла Грызунова з Міколам Котавым

Пашчасціла мне пазнаёміцца з сябрамі клуба “Жывіца”, які плённа працуе ў Рэчыцкім гарадскім Палацы культуры. Гэта творчая суполка, у якой раскрываюць свае таленты людзі розных узростаў і прафесій. Яны захапляюцца народнымі рамёствамі, мастацтвам, песнямі. Некаторыя пішуць вершы, песні. Пра тое — і радкі сяброўкі клуба “Жывіца” Ніны Скараход: “Цяжка тут на кім спыніцца, —/ Усе таленты ў “Жывіцы”./ Тут і песні, і буклеты,/ І свае ж у нас паэты”. Прычым апантаныя самадзейнай творчасцю артысты не толькі, як кажуць, сябе забаўляюць — едуць выступаць у вёскі Гомельшчыны, радуюць канцэртнымі праграмамі гараджан. У вёсках Рэчыцкага раёна сябры “Жывіцы” хораша, з шанаваннем народных абрадаў і традыцый святкуюць Савін дзень, Варварын дзень, Багач. Іх удзел у жніўных, Калядных святах таксама заўсёды да месца, прыўносіць іскрынку весялосці.

Такой актыўнасці клуба можна пазайздросціць, бо многім ягоным сябрам, аказваецца, далёка за 70: па 85 і нават 90 гадоў. Прыйшлі ж некаторыя ў “Жывіцу” яшчэ, самі жартуюць, у дапенсійным савецкім мінулым. Ва ўсіх за плячыма доўгія гады працы, багаты прафесійны досвед. Таму ў клубе і ўзніклі асобныя суполкі кулінараў, працаўнікоў на ніве культуры і псіхолагаў, салістаў, паэтаў, майстроў народнай творчасці, тэатралаў, захавальнікаў народных абрадаў і традыцый, дзяцей вайны… Прычым кожны, расказвалі мне, імкнецца падзяліцца з іншымі сваім уменнем, сакрэтамі майстэрства. Скажам, былы тэхнолаг-кулінар Зінаіда Рыгораўна Антоненка праводзіць кулінарныя майстар-класы, былая культработніца і псіхолаг Алена Валянцінаўна Цэйко працуе з дзецьмі ў праектах “Дзяцінства без насілля”, майстар народнай творчасці Валянціна Савельеўна Жаўцілава ладзіць майстар-класы па вырабе абрадавых лялек і лялек-мотанак. Свае маршруты, месцы прыкладання сіл і ў былых сведкаў вайны: яны дзеляцца ўспамінамі пра сваё ваеннае дзяцінства ў школах і гімназіях раёна.

Людміла Грызунова

Да клубнай дзейнасці актывісты “Жывіцы” падключаюць сваіх дзяцей і ўнукаў. І моладзь пачала сустракацца, рэалізоўваць задумы. Узнік клуб эстэтычнага й патрыятычнага выхавання “Сям’я” — ён працуе ў цесным кантакце з “Жывіцай”: гэткае творчае аб’яднанне, якім кіруе Людміла Грызунова. Мне прыемна было пабыць на рэпетыцыі, пазнаёміцца з Людмілай Уладзіміраўнай. Гэта энергічны чалавек, яе перапаўняюць творчыя планы, да таго ж аддана мая калега, як і я, найперш традыцыйнай беларускай культуры. Сама піша сцэнары, сама рэжысуе гарадскія народныя святы. Нават уласны майстар-клас праводзіць — расказвае пра народныя святы, традыцыі, абрады ў палескіх вёсках.

Цяпер мае землякі-сябры з “Жывіцы” рыхтуюцца святкаваць юбілей клуба: яму 25 гадоў. Днём нараджэння лічыцца 1 кастрычніка, ды, ведаю, святочныя імпрэзы “Жывіца” распачне ў лістападзе. З тае пары, як рэчыцкі клуб “Жывіца” пасябраваў з нашым Тэатрам фальклору “Матуліна хата” (што ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска), мы пачалі разам ладзіць сустрэчы, канцэрты, браць удзел у сумесных абрадава-карагодных дзеях. Запрашалі ў “Матуліну хату” пагасцяваць паэтаў з Рэчыцы, носьбітаў традыцыйнай культуры, вясковыя таленты. Я падарыў сябрам сваю кніжку з песнямі “Ад Дняпра, Прыпяці да Матулінай хаты”. Цяпер “Жывіца” ды “Матуліна хата” разам рыхтуюць да выдання кнігу — пра народныя традыцыі, каб зафіксаваць каштоўны досвед багатага духоўна-культурнага жыцця беларусаў, спрыяць яго зберажэнню, пашырэнню і ў гарадскіх умовах.

Асабіста для мяне тыя, хто жывіць талентамі “Жывіцу” — землякі, сябры. А Рэчыца, дзе створаны клуб, — родны мой горад, як і родная тамтэйшая вёска Гарывада. У Рэчыцы, помніцца, у цяжкія пасляваенныя гады пасвіў я коз, калі вяртаўся са школы. Там прыслухоўваўся, як спяваюць спелыя каласы пшаніцы, а велічны Дняпро нібыта падпявае ім сваімі хвалямі. Матуля вучыла мяне якраз у Рэчыцы любіць працу. І там я пачаў зарабляць на хлеб — на фанерна-мэблевым камбінаце, а ў вольны час танцаваў у ансамблі завадскога Палаца культуры. Так, з танцамі, потым, як кажуць, выйшаў у людзі. З тае пары штораз, як прыязджаю на малую радзіму, то заўсёды ўспамінаю дзяцінства, юнацтва. А мае землякі заўсёды мяне цёпла сустракаюць.

Мікола Котаў, харэограф, кіраўнік Тэатра фальклору “Матуліна хата” 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.