Вы тут

Для тых, хто ў творчасці


Новыя выданні для аматарскіх калектываў мастацкай творчасці прадставіў нядаўна Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур 


Вокладка зборніка

Усім тром кнігам убачыць свет дапамог аддзел народнай творчасці, створаны ў цэнтры гэтым летам пад кіраўніцтвам фалькларыста Алеся Лозкі. Сам Алесь Юр’евіч, многім вядомы як аўтар “Беларускага народнага календара”, на гэты раз прадставіў сваю новую грунтоўную працу пад назвай “Святы Беларусі”. Навукова-папулярнае выданне распавядае пра гісторыю паходжання і сутнасць найбольш вядомых, папулярных народных, рэлігійных, дзяржаўных свят і святочных дзён беларусаў. Кніга можа быць карыснай пры падрыхтоўцы святочных імпрэзаў калектывамі народнай творчасці.

Алесь Лозка стаў рэдактарам і зборніка “Песенны масток”, у якім змешчаны 20 песень кампазітара з Браслава Альберта Белуся на словы паэта з Даўгаўпілса Станіслава Валодзькі, які родам з Астравеччыны. Амаль усе тыя песні таленавітых творцаў гучаць ужо на розных сцэнічных пляцоўках Беларусі, Латвіі ды іншых краін.

І трэцяя кніжка, якую былі рады атрымаць аматары харэаграфічных калектываў ад супрацоўнікаў аддзела народнай творчасці: нотнае выданне “Музычнае суправаджэнне ўрокаў беларускага народна-сцэнічнага танца”. У зборніку пададзены музычныя творы, апрацаваныя рознымі спецыялістамі, па трох раздзелах: музыка для практыкаванняў ля станка, на сярэдзіне залы і выканання эцюдаў. Дапаможнік рэкамендаваны канцэртмайстрам аматарскіх харэаграфічных калектываў.

Альберт Белусь выступае на прэзентацыі

Усе тры кніжкі былі бясплатна перададзены ў мастацкія калектывы Беларусі, беларускія гурты ў замежжы. Цяпер жа ў РЦНК ідзе праца над асобным навукова-папулярным выданнем “Творчыя калектывы беларусаў замежжа”, і першы том яго, мяркуецца, выйдзе ў 2019 годзе. Складаюць кнігу Алесь Лозка і Валянціна Грышкевіч, намесніца дырэктара РЦНК. Выданне рыхтуецца ў рамках падпраграмы “Беларусы ў свеце” дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016–2020 гады. Першы том распавядзе пра жыццё беларусаў за межамі Бацькаўшчыны ў розныя перыяды, развіццё там грамадска-культурных суполак, мастацкіх калектываў, дзейнасць творчых асоб — музыкантаў, спевакоў, танцораў, акцёраў, кампазітараў, пісьменнікаў, мастакоў, майстроў. Другі том плануецца прысвяціць непасрэдна вядомым творчым калектывам беларусаў замежжа. 

Алесь Лозка гаворыць: у працы, наладжванні сувязяў з творчымі суполкамі ў розных краінах складальнікам кнігі ў многім дапамагаюць беларускія Амбасады, а таксама ўласныя сувязі супрацоўнікаў цэнтра.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.