Вы тут

Нельга забі(ы)ць


«(Не)расстраляныя» — працяг праекта па вяртанні ў сучасную культуру імёнаў і твораў рэпрэсаваных беларускіх паэтаў. У рамках праекта ствараюцца песні на вершы паэтаў, што загінулі ў 1937 годзе.


Праект пачаўся летась — да 80-годдзя «чорнай ночы беларускай культуры» з ініцыятывы прадзюсара Сяргея Будкіна. У выніку з’явіўся музычны альбом «(Не)расстраляная паэзія». 12 сучасных беларускіх гуртоў і выканаўцаў падрыхтавалі музычныя кампазіцыі на вершы расстраляных паэтаў. Алесь Дудар, Ізі Харык, Юлій Таўбін, Валерый Маракоў, Анатоль Вольны, Юрка Лявонны, Уладзіслаў Галубок, Зяма Півавараў, Тодар Кляшторны, Цішка Гартны, Майсей Кульбак, Міхась Зарэцкі… Забытыя і амаль забытыя творы гэтых літаратараў сталі песнямі. Музыканты знайшлі нямала актуальных для сябе вершаў, што здолелі стаць асновай для сучасных кампазіцый.

Праект не абмежаваўся толькі падрыхтоўкай музычнага альбома і суправаджаўся шэрагам асветніцкіх мерапрыемстваў, да якіх падключыліся навукоўцы, даследчыкі, паэты. На працягу мінулай восені ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі кожнаму з герояў праекта былі прысвечаны адкрытыя лекцыі. У выніку кампанія «(Не)расстраляная паэзія» выклікала інтарэс у самых шырокіх колах грамадства і стала заўважнай падзеяй у беларускай культуры.

Упэўніўшыся, што ў сучасным грамадстве ёсць зацікаўленасць у такім вяртанні нашай гісторыі і культурнай спадчыны, арганізатары вырашылі зрабіць працяг і задумалі выданне ўнікальнай кнігі, у якую ўвойдзе 18 гісторый пра рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, больш за сто выбраных твораў і каля сотні архіўных фотаздымкаў, частка з якіх будзе апублікаваная ўпершыню. Да кнігі з аб’ёмам больш за 300 старонак далучаць дыск з песнямі.

«Мы хочам, каб творы закатаваных пісьменнікаў ведалі, а іх твары пазнавалі. Перакананы: каб дасягнуць такой мэты, варта працаваць на ўсіх узроўнях успрымання і рабіць гэта густоўна, прыгожа і па-сучаснаму», — кажа кіраўнік і прадзюсар праекта Сяргей Будкін. Сродкі на выданне кнігі збіраюцца талакой, на краўдфандынгавай аснове.

 Зараз у Мінску і абласных гарадах Беларусі ідзе чарговы цыкл лекцый. Ужо прайшлі вечарыны, прысвечаныя жыццю і творчасці Сяргея Астрэйкі, Вацлава Ластоўскага, Сяргея Мурзо, Цішкі Гартнага, Юркі Лявоннага, Майсея Кульбака і Міхася Зарэцкага. У Брэсце ёсць магчымасць паслухаць лекцыю пра Уладзіслава Галубка, у Гомелі чакаецца расповед пра Алеся Дудара. Наперадзе дзве лекцыі ў Мінску — пра Сяргея Фаміна і Васіля Шашалевіча.

«Чорная ноч беларускай культуры» здарылася з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі ў мінскай унутранай турме НКУС былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікаў інтэлектуальнай эліты БССР — літаратары, дзяржаўныя дзеячы, навукоўцы.

Надзея КУДРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.