Вы тут

Ці ўдасца пазбегнуць глабальнага фінансавага калапсу?


Дзесяць гадоў таму — у 2008-м — разгарнуўся сусветны фінансавы крызіс. Нагадаем, адразу крах пачаўся на іпатэчным рынку ЗША пасля крушэння аднаго з найбуйнейшых у свеце інвестыцыйных банкаў Lehman Brothers. Яго банкруцтва лічыцца зыходным пунктам глабальнага фінансавага крызісу. Зараз сусветная эканоміка апынулася пад новым ударам. Пры гэтым большасць краін, якія пацярпелі ад мінулага крызісу, дасюль не змаглі пераадолець яго наступстваў. Да такой несуцяшальнай высновы прыйшлі эксперты Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). У грунтоўным даследаванні арганізацыі былі прааналізаваны паказчыкі развіцця 180 дзяржаў свету. Калі чакаць чарговай «вялікай дэпрэсіі»?


Доўг — 182 трыльёны долараў

Сусветная эканоміка — на парозе чарговага фінансавага краху. Цяпер яго трыгерам абяцае стаць велізарны сумарны доўг краін свету. Напярэдадні крызісу 2008 года сярэднія суадносіны глабальнага доўгу да ВУП складалі 36 працэнтаў, а зараз — больш за 50 працэнтаў. Сума астранамічная — 182 трыльёны долараў. Міжнародны валютны фонд папярэджвае: калі фінансавую сістэму не ўдасца рэфармаваць, калапсу не пазбегнуць.

Эксперты арганізацыі канстатуюць: урады большасці краін правалілі практычна ўсе рэформы, якія патрабаваліся для абароны банкаўскай сістэмы — у першую чаргу ад рызыкоўных і неабдуманых дзеянняў фінансістаў, якія выклікалі магутную ланцуговую рэакцыю абвалу дзесяць гадоў таму.

У МВФ прызнаюць: нейкія ўрокі за мінулае дзесяцігоддзе рэгулятарам удалося спасцігнуць — гэта і павелічэнне банкаўскіх рэзерваў, і ўзмацненне жорсткасці нагляду за фінансавым сектарам, але, як адзначаюць у фондзе, прынятых мер аказалася недастаткова.

«Як правіла, рызыкі павышаюцца ў адносна спакойныя перыяды (як цяпер) — з нізкімі працэнтнымі стаўкамі і кантраляванай валацільнасцю. Але гэтыя рызыкі могуць распаўсюдзіцца на іншыя, неабароненыя часткі фінансавай сістэмы», — адзначаецца ў справаздачы.

Адной з крыніц новага крызісу можа стаць Кітай, дзе да пагрозлівых маштабаў пашырыўся сектар ценявога крэдытавання. Аб'ём гэтага сектара дасягнуў амаль сямі трыльёнаў долараў. У МВФ лічаць, што гэтая «бурбалка» здольная абрынуць эканоміку краіны і запусціць новы азіяцкі крызіс, аналагічны абвалу 1997 года. Яшчэ адна нагода для апаскі — рост міжнародных банкаў накшталт JPMorgan і Іndustrіal and Commercіal Bank of Chіna ў маштабах, якія перасягаюць найбуйнейшыя фінансавыя ўстановы напярэдадні крызісу 2008 года.

Спускавы кручок

Драматычныя падзеі ў сусветнай эканоміцы і гандлі адбудуцца ўжо налета, заявілі ў МВФ. Аб'ём глабальнага валавога ўнутранага прадукту знізіцца на 1,9 працэнта, а аб'ём міжнароднага тавараабароту скароціцца на 17 працэнтаў, падлічылі ў арганізацыі. Іншымі словамі, планета сутыкнецца з чарговым усёахопным крызісам, які па сваім напале і наступствах можа перасягнуць крызіс 2008—2009 гадоў. Штуршком да яго паслужыць гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем.

«Гандлёвыя войны страшныя не самі па сабе. Справа ў тым, што сусветная эканоміка ў прынцыпе саспела для чарговага поўнамаштабнага крызісу цыклічнага характару, — заўважыў у гутарцы з news.ru дырэктар Інстытута стратэгічнага аналізу ФБК Ігар Мікалаеў. — Што рабіць, такая сутнасць рынкавай эканомікі. Калі прасачыць з пачатку 1970-х гадоў, крызісы ў ёй адбываліся з перыядычнасцю ў 8-10 гадоў. У тым, што зусім хутка наступіць новы, асабіста я ніколькі не сумняваюся. На сусветных фондавых рынках цяпер назіраюцца адны суцэльныя «бурбалкі», асабліва вялікая — на амерыканскім».

Узмацненне гандлёвай напружанасці, геапалітычнай нестабільнасці і палітычнай нявызначанасці ў найбуйнейшых эканоміках, гаворыцца ў дакладзе, можа выклікаць «раптоўнае пагаршэнне настрояў інвестараў, справакаваўшы магутнае падзенне на сусветных рынках капіталу і рэзкае ўзмацненне жорсткасці глабальных фінансавых умоў». Паводле ацэнак МВФ, краіны з эканомікай, якая развіваецца (без уліку Кітая), рызыкуюць сутыкнуцца з адтокам капіталу ў аб'ёме больш за сто мільярдаў долараў на працягу чатырох кварталаў запар, што па маштабе супастаўна з сусветным фінансавым крызісам 2008 года.

У Кітаі фінансавыя ўмовы засталіся «ў цэлым стабільнымі» дзякуючы змякчэнню грашова-крэдытнай палітыкі цэнтральнага банка, заявіў МВФ. Як вядома, у кастрычніку Цэнтрабанк КНР рэзка знізіў рэзервовыя патрабаванні для банкаў, даўшы рынку ліквіднасць больш чым на трыльён юаняў. Рэгулятар абвясціў аб зніжэнні з 15 кастрычніка рэзервовых патрабаванняў для большасці банкаў — гэта ўжо чацвёрты такі крок сёлета.

Спускавым кручком крызісу дзесяцігадовай даўнасці паслужыў крах амерыканскага інвестыцыйнага банка Lehman Brothers, нагадвае эксперт. А зараз, перакананы ён, такім выступіць менавіта зацяжны гандлёвы канфлікт паміж дзвюма найбуйнейшымі эканомікамі свету. Нездарма асноўнай тэмай штогадовага пасяджэння МВФ, якое прайшло на Балі, цалкам чакана стаў пратэкцыянізм, піша іспанская газета ABC. Паводле ацэнак аналітыкаў фонду, у выпадку развіцця горшага сцэнарыя гандлёвых войнаў, развязаных прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, сусветная эканоміка панясе шкоду ў 1,52 трыльёна долараў. Гэта супастаўна з памерам ВУП Іспаніі ці Расіі. «На гарызонце з'явіліся аблокі», — вобразна выказаўся галоўны эканаміст арганізацыі Морыс Обстфельд.

Хваля дэфолтаў

Павышэнне ключавой стаўкі ў Злучаных Штатах можа справакаваць хвалю дэфолтаў у краінах, якія развіваюцца, прагназуе агенцтва Bloomberg. У такіх краін назапасіліся вялікія даўгі ў доларах, а ва ўмовах ператоку капіталу ў ЗША долар умацоўваецца і эканомікам, якія развіваюцца, становіцца складаней пагашаць валютныя крэдыты. Каб раздаваць даўгі, Аргенціна аформіла новую пазыку ў МВФ на рэкордную суму ў $57 млрд. Падобная сітуацыя ў Турцыі, ПАР і многіх іншых краінах. «Рынкі, якія развіваюцца і занадта моцна залежаць ад долара і імпарту нафты, — самыя ўразлівыя», — ацаніў сітуацыю старшы эканаміст ганконгскага Maybank Kіm Eng Хак Пінь Чуа.

Калі крызіс 2008 года пачаўся з іпатэчнай закрэдытаванасці фізічных асоб, то зараз пазычальнікамі выступаюць маштабныя бізнес-структуры. Апошнія дзесяць гадоў яны карысталіся мяккай грашовай палітыкай і актыўна нарошчвалі карпаратыўныя даўгі. Калі-небудзь гэтыя даўгі прыйдзецца аддаваць. Дзесяць гадоў таму сусветныя цэнтрабанкі пачалі змагацца з крызісам зніжэннем ключавых ставак. Ужыць той жа самы метад у 2018 годзе будзе нашмат складаней, папярэджвае галоўны эканаміст Swіss Re Іnstіtute Жан Хегелі. Справа ў тым, што цэнтрабанкі да гэтага часу не аднавілі ключавыя стаўкі да тых значэнняў, што былі да крызісу 2008-га. З-за гэтага апусціць стаўкі гэтак жа моцна, як дзесяць гадоў таму, проста не атрымаецца. Доля рынкаў, якія развіваюцца, у глабальным ВУП па парытэце пакупной здольнасці цяпер складае 60 працэнтаў, а напярэдадні крызісу было 45. Гэта сведчыць аб тым, што развітыя краіны так і не аднавіліся пасля ўдару 2008 года.

Нафта — яшчэ адзін фактар рызыкі. Чылі, Турцыя, Тайвань, Егіпет і нават Індыя з Кітаем моцна залежаць ад імпарту энерганосьбітаў. Калі «чорнае золата» падаражэе, выдаткі на яго закупку ў гэтых краінах моцна вырастуць. Некаторыя аналітыкі і ўвогуле чакаюць павышэння расцэнак да 100 долараў за бараль. Такі сцэнарый паскорыць наступленне фінансавага крызісу на рынках, якія развіваюцца.

Еўраскептыкі і «бурбалка»

У Італіі да ўлады прыйшлі папулісты і еўраскептыкі — і амаль адразу загаварылі аб магчымай адмове ад еўра і вяртанні да ліры. Прэса нават прыдумала новае слова для патэнцыйнага выхаду Італіі з ЕС — Quіtaly. Тут англійскае слова quіt (у перакладзе «выходзіць» або «адмаўляцца») аб'ядналі з Іtaly, гэта значыць з Італіяй. Па такой жа формуле прыдумана слова брэксіт. Дзяржаўны доўг Італіі перавышае 2 трлн еўра — гэта больш, чым у любой іншай краіны ў Еўрасаюзе. У адносінах да ВУП доўг складае 130 працэнтаў — яшчэ адзін антырэкорд італьянскай эканомікі. Незалежна ад таго, выйдзе Італія з ЕС або не, цесныя эканамічныя сувязі італьянскага бізнесу з астатняй Еўропай могуць пацягнуць на дно ўсе краіны Еўрасаюза.

Вялікабрытанія — яшчэ адна небяспечная кропка. Краіна быццам бы вырашыла пакінуць ЕС у сакавіку 2019 года, але так і не дамовілася з Еўрасаюзам аб умовах выхаду. Да гэтага часу не выключаны варыянт «жорсткага» выхаду, пры якім брытанскія кампаніі пазбавяцца ўсіх ільгот у Еўропе. Гэта негатыўна адаб'ецца на брытанскіх банках і эканоміцы ў цэлым, што пацягне за сабой «заражэнне» спалучаных эканомік Старога Свету.

Агенцтва Bloomberg знайшло краіны, якія выжылі ў крызіс 2008—2009 гадоў. Такімі дзяржавамі аказаліся Аўстралія, Канада, Швецыя і Нарвегія. З надыходам мінулага крызісу ў гэтых краінах не спыніўся рост эканомікі. Напрыклад, ВУП Аўстраліі безупынна расце цягам 27 гадоў. Аднак бум у эканоміцы надзьмуў «бурбалку» на мясцовых рынках нерухомасці. Дамы і кватэры ў буйных гарадах Аўстраліі і Канады б'юць рэкорды практычна штомесяц — толькі ў Сіднеі за 27 гадоў кошт квадратнага метра павялічыўся ў пяць разоў. Значная частка нерухомасці купляецца ў іпатэку, і, як вынік, разам з цэнамі расце закрэдытаванасць насельніцтва. Калі «бурбалка» лопне, самыя паспяховыя эканомікі на планеце могуць стаць новай крыніцай праблем.

МВФ прагназуе, што сусветнай эканоміцы для прадухілення «вялікай дэпрэсіі» прыйдзецца пераадолець многія выклікі. Экс-прэм'ер Вялікабрытаніі Гордан Браўн адзначыў, што глабальная эканоміка, як лунацік, рухаецца наўпрост у фінансавы крызіс. Небяспека новай «вялікай дэпрэсіі», на думку Браўна, у тым, што цяпер з ёй проста няма каму спраўляцца.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: У чаканні «вялікай дэпрэсіі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.