Вы тут

Споўнілася 70 гадоў туркменскаму празаіку, паэту Агагельды Аланазараву


Калегу па творчым цэху павіншавалі і пісьменнікі Беларусі — у адрас шаноўнага юбіляра паляцелі прывітанні з выдавецтва «Мастацкая літаратура», ад рэдакцый літаратурна-мастацкіх выданняў нашай краіны, ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. Павіншавала з юбілеем туркменскага літаратара і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Аўтар дзясяткаў кніг, выдадзеных у Ашхабадзе і іншых гарадах свету, аўтар публікацый у перыядычным друку на туркменскай і яшчэ многіх мовах народаў свету, Агагельды Аланазараў стварыў мастацкі партрэт Туркменістана. І рупіўся, і працягвае рупіцца аб гэтым добрых паўвека. Толькі ў Мінску выдадзены па-беларуску тры кнігі вершаў туркменскага паэта. Перакладчыкі яго твораў — Раіса Баравікова, Віктар Гардзей. Адна з апошніх кніг — «Вясёлая азбука» — пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». У часопісах, газеце «Літаратура і мастацтва» надрукаваны паэзія і проза А. Аланазарава ў перакладах Міколы Мятліцкага, Юліі Алейчанкі, Ірыны Качатковай.


І сам туркменскі літаратар у розныя гады праяўляў увагу да беларускага мастацкага свету: пераклаў на сваю родную мову вершы Паўла Марціновіча, Валянціна Лукшы, Леаніда Шырына. Неаднойчы выступаў у беларускім друку з інтэрв'ю, гутаркамі па гісторыі беларуска-туркменскіх сувязяў, па адносінах нашых літаратур і культур, нашых народаў. У 2017 годзе Агагельды Аланазараў удзельнічаў у Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час», які па традыцыі праходзіць у Мінску ў лютым.

Дазваніўшыся да юбіляра ў Ашхабад, вось што ўдалося ад яго пачуць:

«Вельмі люблю Беларусь і беларусаў. Шмат з кім з іх сябраваў і сябрую. У свой час, яшчэ ў 1980-я, пазнаёміўся з беларускім публіцыстам Міколам Калінковічам, які жыў і працаваў у Туркменістане, выдаў у Ашхабадзе некалькі сваіх кніг. Сябраваў я і з ураджэнцам Магілёўшчыны — паэтам Міхасём Карпенкам, які быў галоўным рэдактарам адной з абласных газет нашай рэспублікі — «Ташаузской правды». Па меры сваіх сціплых сіл і надалей буду развіваць беларуска-туркменскія літаратурныя адносіны. І заўсёды рады ў Ашхабадзе беларускім гасцям. Калі беларусы прыязджаюць на традыцыйную кніжную выстаўку ў нашу краіну, гэтыя дні для мяне з'яўляюцца сапраўдным святам!»

Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: Прывітанне ў Туркменістан

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.