Вы тут

Пройдзе ХХХІ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ІFMС


ХХХІ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ІFMС пройдзе на пляцоўках Віцебска, Мінска і Гомеля

У першыя гады існавання ён праходзіў як нефармальная маладзёжная тусоўка, потым атрымаў даволі экзатычную назву Усесаюзны фестываль папулярнага танца «Белы сабака» і, па сутнасці, стаў той культурнай з'явай, якая дала штуршок да развіцця сучаснага танца ў нашай краіне. Праз трыццаць гадоў фестываль мае падтрымку Міністэрства культуры і Вялікага тэатра Беларусі, заслужаны статус міжнароднага, маштабную геаграфію ўдзельнікаў і штогод адкрывае для шырокай публікі новыя цікавыя імёны і кірункі харэаграфіі.


Асноўным мерапрыемствам харэаграфічнага форуму, які адбудзецца з 20 па 25 лістапада, стане конкурс сучаснай харэаграфіі. Як расказалі арганізатары, традыцыйна ён праходзіць па такой схеме: у няцотны год фэсту адбываецца нацыянальны беларускі конкурс, у цотны — міжнародны. Сёлета заяўкі на ўдзел у ім даслалі 63 краіны, у тым ліку Арменія, Італія, Германія, Польшча, Расія, Кітай, а таксама Куба, якая будзе прадстаўлена ўпершыню. «Калі б мы дапусцілі да ўдзелу ўсе заяўленыя пастаноўкі, іх агульная працягласць склала б 37 гадзін!» — называе ўражальную лічбу аўтар ідэі і дырэктар фестывалю, намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» па спецпраектах Марына Раманоўская. Аднак да гледача дойдуць толькі найлепшыя сярод найлепшых: пасля папярэдняга завочнага адбору вызначыліся 36 калектываў, якія прадставяць на суд міжнароднага журы ў закрытым туры 64 работы, а работы фіналістаў у трэцім, публічным туры конкурсу можна будзе ўбачыць 24 лістапада на сцэне канцэртнай залы «Віцебск». Пераможцы, акрамя ганаровых дыпломаў і звання лаўрэатаў, атрымаюць у дадатак грашовыя прэміі: Гран-пры ў памеры 5700 долараў ЗША, першая прэмія — 3500, другая і трэцяя — 2300 і 1200 адпаведна. Дадаткова будуць уручаны спецыяльныя прэміі «За сэнсавае напаўненне танца», «Постскрыптум» і прэмія імя Яўгена Панфілава — найлепшаму харэографу па версіі міжнароднага журы.

Леташняе 30-годдзе фестывалю вырашылі адзначаць маштабна: і сёлета таксама прадставіць як мага больш відовішчных і вялікіх спектакляў на віцебскай сцэне. Зрэшты, не толькі на віцебскай: ІFMС-2018 адкрыецца 20 лістапада на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў Мінску — пастаноўкай «Уверцюры Расіні», якую прадставіць італьянскі калектыў Sреllbоund соntеmроrаrу bаllеt. Яе ж 22 лістапада замежныя госці пакажуць у Гомелі, а 25 лістапада — у Віцебску. «У італьянскай трупы вельмі цікавая і дарагая пастаноўка, якая стала пераможцам нацыянальнага конкурсу, што міністэрства культуры Італіі праводзіла да 150-годдзя Расіні, — анансуе Марына Раманоўская. — Дэкарацыі зроблены ў выглядзе вялізнай шафы з мноствам палічак і шуфлядак, у кожнай з якіх — музыка Расіні. А сама шафа нібыта знаходзіцца ў пакоі кампазітара, і гледачы ў зале змогуць праз музыку і пластыку ўбачыць усё яго жыццё, усе захапленні і страхі...»

Акрамя таго, у «вялікай, шыкоўнай і пышнай» праграме сёлетняга фестывалю — спектакль «Калігула», пастаўлены паводле аповесці Альбера Камю Маскоўскім губернскім тэатрам пад кіраўніцтвам Сяргея Бязрукава (у 1,5-гадзіннай пластычнай версіі, дзе няма ніводнага слова, тым не менш іграюць драматычныя акцёры, сярод якіх узыходзячая зорка кіно Кацярына Шпіца), а таксама балет «Спячая прыгажуня» тэатра «Кіеў мадэрн-балет», у якім харэограф Раду Паклітару сумесна з швейцарскім мастаком-пастаноўшчыкам спалучыў эфектнасць класічнага балета і хараство дзіцячай казкі, перформанс «Паветра» ў пастаноўцы беларускай танцоркі і харэографа Вольгі Лабоўкінай і тры разнапланавыя спектаклі ад пермскага тэатра «Балет Яўгена Панфілава» — балет-сюіта Tоlstоу паводле твораў класіка, сучасны балет «Паноптыкум» і спектакль-трыб'ют «Зорка 62090», пастаўлены на музыку... Віктара Цоя.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.