Вы тут

Выставачны праект «ZBOR Іn Progress» праходзіць у Мінску


«Беларусь і сучаснае мастацтва» — тэма, што яднае адразу некалькі плоскасцяў, у якіх могуць выказвацца не толькі гледачы і мастацтвазнаўцы. Але тэма патрабуе нават філасофскага разгляду. Пазачасовага — як сама Беларусь і само мастацтва. І вось пункт у прасторы і часе, дзе яны сыходзяцца...


Жан­на Грак:  ін­ста­ля­цыя «На­сцен­ны ма­лю­нак».

Умоўна можна яго вызначыць па месцы правядзення выставачнага праекта «ZBOR Іn Progress», адпаведна, — гэта галерэя сучаснага мастацтва «Ў». Але гэта было б занадта проста для сучаснага мастацтва. І па факце аказваецца, што Беларусь можна шукаць па ўсім свеце (як творцаў, што яе прадстаўляюць ці пра яе ствараюць). І за праектам ZBOR фактычна можна было сачыць ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Бо насамрэч тое маштабнае даследаванне гісторыі сучаснага мастацтва Беларусі ахоплівае гадоў 30 як мінімум, калі гэтае мастацтва стала вырывацца вонкі нягледзячы на гатоўнасць (ці негатоўнасць) айчыннага грамадства з ім сутыкацца.

Цяпер, канешне, можна называць канкрэтную дату, калі пачаў паўставаць выставачны праект ZBOR: даследчыцкая платформа KALEKTAR была створана групай мастакоў і куратараў у 2014 годзе, каб праз сеціва прадстаўляць беларускае мастацтва, што ствараецца цяпер. Але ж глеба рыхтавалася даўно — асобнымі аўтарамі ці ў супольнасці. Ды і сузаснавальнікі платформы KALEKTAR Сяргей Кірушчанка і Сяргей Шабохін добра вядомыя тым, хто ў Беларусі ходзіць на сучасныя выстаўкі. Іх было ўжо шмат за дзесяцігоддзі — яркіх і спрэчных, канцэптуальных і часам адчайных — калі мастацтва імкнулася, як люстэрка, адлюстраваць нас жа сённяшніх, паказаць адбіткі, зафіксаваныя творцамі з пільным поглядам на людзей ды на жыццё. І ніхто ж не абяцаў, што гэты погляд будзе «адфоташоплены». Ні ў якім разе! — заклікалі мастакі. Толькі непрыхаваны (але мы не заўсёды бачым сябе ў параднай форме?) і лепш, каб канцэптуальны. Ох!..

Не, куратары праекта «Zbor іn progress» Максім Тымінько і Андрэй Дурэйка выдатна ведаюць, што гэта такое. І справядліва разлічваюць, што глядач будзе цягнуцца ўслед за імі, уздымаць свой узровень разумення мастацтва. Недзе так і ёсць: нашых творцаў, што практыкуюць сучаснае мастацтва, разумеюць (і з задавальненнем прымаюць на жыхарства і з выстаўкамі) у розных краінах. І з умоўным «зборам» беларускага сучаснага мастацтва ўжо азнаёміліся нашы суседзі ў Польшчы і ва Украіне (пасля чаго рэзананс і адзнакі былі асабліва значнымі). І вось Радзіма... Нібыта прымяраліся і наважваліся, рызыкавалі і шукалі месца пад сонцам. Тое, што яно ў прынцыпе цяпер ёсць, — ужо прагрэс, бо калі нейкія галерэі заяўляюць сучаснасць як прыярытэт, гэта гаворыць пра тое, што запыт на яе ёсць. Мастакі ідуць!

Іх нямала. Для выстаўкі ў Мінску творы адбіралі, каб прадставіць найбольш важныя тэндэнцыі, у якіх выяўляюцца беларускія мастакі. Мінская выстаўка прадстаўляе больш чым пяцьдзясят творцаў, якія жывуць і працуюць як у нашай краіне, так і за яе межамі. Разам — больш за дзвесце работ, што былі створаныя з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён у розных кірунках. Але ёсць такія творы, з якімі складана пазнаёміцца наўпрост, але неабходна, і дапамагае вялікі экран і медыяпрэзентацыя: арыгінальныя відэатворы больш чым дваццаці аўтараў, рэдкія дакументальныя відэаматэрыялы асобных перформансаў і мастацкіх акцый. І як ва ўсім гэтым разабрацца з ходу, калі не ведаў (назіраў) перадгісторыю? Таму прадумана і суправаджэнне праекта: сустрэчы з мастакамі, лекцыі, дыскусіі, куратарскія экскурсіі па экспазіцыі, якая прадоўжыцца да канца лістапада.

Але найбольш важна нават не гэта, таму што любая экспазіцыя мае ўласцівасць закончыцца. Сам праект будзе працягвацца ўсё адно і скрупулёзна фіксаваць і замацоўваць у гісторыі імёны і творы праз стварэнне анлайн-калекцыі, якая фарміруецца праз экспертныя ацэнкі і меркаванні. Яна ўжо змяшчае больш за 150 твораў. І тут не мае значэння, у якой частцы свету жыве аўтар. Тут яны ўсе беларускія, тут яны працягваюць весці дыялог з тымі, хто застаецца ў галоўнай прасторы, якую сучаснае мастацтва імкнецца ўдасканальваць. А яно, якое б ні было — іранічнае ці інтрыгуючае, гучнае ці спрэчнае, — усё адно пра нас. Не падменіш. Не падманеш...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.