Вы тут

Таццяна Сямёнава — пра рэдкую прафесію траблшутар стылю


«Каб адкрыць бізнес, я прадала кватэру», — упершыню для СМІ прызнаецца Таццяна Сямёнава, больш вядомая для тысяч сваіх падпісчыкаў як ТаnуаGоldMау. Блог яе жыцця кранае чытача да глыбіні душы, разбівае сэрца і выклікае лёгкія дрыжыкі. Яна прайшла праз агонь, ваду, а засталася ўсё такая ж. Бадзёрая, прыгожая, добрая да людзей.

Сёння Таццяна займае рэдкую нішу — траблшутар стылю. Спецыяльна для «Звязды» яна расказала пра ценявы бок моды, пра тое, што можна замарозіць красу і адчуваць сябе ў 50 прыгажэйшай, чым у 20. Чаму і маршчыны, і лішні кілаграм — гэта індывідуальнасць, якая ў цане? Ці ёсць любоў да новай жонкі былога мужа, іх дзяцей? Мужчыны могуць пайсці заварыць гарбаты, бо гутарка пойдзе пра тое, як маці адной выхаваць з сына сапраўднага байца па жыцці. Цікава?


Шэрая моль — стан душы, не гардэроба

Яна адмовілася ад вучобы ў Шчукінскім вучылішчы тады, калі конкурс на месца складаў больш за сотню чалавек. Дачка славутага савецкага архітэктара, Таццяна Сямёнава расла ў казачнай атмасферы: дзверы дома былі адчынены для таленавітых мастакоў, музыкантаў, а сэрца — для тэатра і мастацтва. Яна пайшла па слядах бацькі, стаўшы архітэктарам. А далей шэраг адукацый: мастацтвазнавец, эканаміст, псіхолаг. Сёння Таццяна вяжа ўнікальнае адзенне, ладзіць выстаўкі. «Траблшутар стылю. Гучыць страшнавата. Што гэта такое і з чым яго есці?» — пытаю.

«Усё ў жанчыне залежыць ад душы. Як яна адчувае сябе? Унутрана заціснутая праблемамі, жанчына не можа да канца зразумець, якая яна. А вы заўважалі, як у кіно паказваюць пакаёвак, абслуговы персанал? У іх уніформа колеру «моль». Незаўважная, — адказвае гераіня. — Накрытыя сваімі праблемамі, мы становімся падобныя на гэтую самую моль — нас не відаць. У такім стане не сустрэнеш каханне, не пабудуеш поспех. А калі вырашаеш унутранае, здымаеш блокі, няўпэўненасць —
становішся яркай. І робіш тое, што, можа, хацела рабіць заўжды, але былі бар'еры. Гэта і ёсць траблшутар стылю. Дапамога не толькі ў афармленні сябе знешне, а афармленні як асобы. Пошук стылю як індывідуальнай сілы, стрыжня, які кожная з нас выпакутавала».

Мода Таццяну цікавіць не як тое, што сёння носім кеды з шубай, заўтра — звярыныя і змяіныя прынты, і заўсёды — паліто колеру «вярблюд». Не, мода як вечнае, гармонія, змяшэнне фарбы і фактуры, як легендарная Марына Абрамовіч з уменнем камбінаваць фантастычныя ўпрыгажэнні, як сакрэт маладосці ў старасці ад мадэльера Віўен Вествуд.

Мода на маршчынку, лішні кілаграм

«Сёлета Канстанцін Панамароў робіць паказ калекцыі шуб. Ён запрасіў у мадэлі — увага! — не юных дзяўчат, а жанчын майго ўзросту, мяне ў тым ліку, — кажа Таццяна. — Я атрымаю захапляльную пробу пяра — упершыню выйду на дэфіле. Цяпер свет рухаецца да чаго? Мадэль не павінна быць маладой, прыгожай. Не, толькі індывідуальнай! Гэта канцэпцыя адзення для нас з вамі, не завоблачнае штосьці, а паўсядзённае, даступнае».

Так званы бодзі-пазітыў, калі любіш кожную маршчынку і лішні кілаграм, даўно выйшаў на першае месца ў ЗША і Заходняй Еўропе. Легендарны брэнд бялізны Vісtоrіа's Sесrеt перажывае не лепшыя часы: іх рэдкай красы мадэлі з дасканалымі фігурамі не падобныя да рэальных жанчын, якія і павінны купляць гэтую прадукцыю. Адышлі ў нябыт і страшныя часы, калі модныя часопісы дэманстравалі анамальна худых дзяўчат. Сёння трэнд на апетытных, спартыўных, а галоўнае, здаровых. Амерыканская мадэль Іскра Лоўрэнс, набраўшы вагу, атрымала мільённую аўдыторыю фанатаў. Бо яна цяпер не стандарт, не штампоўка гламурнай прэсы. І ў Беларусь гэта прыходзіць.

«Цяпер у модзе натуральная краса. Вы думаеце, гламур памёр ці проста затаіўся?» — цікаўлюся.

«Чалавек будзе шкадаваць толькі пра тое, што мала любіў, мала падарожнічаў і мала чытаў. Бо гэтыя заняткі — работа душы. Яны застаюцца з намі, а нанасное сыходзіць. Але цалкам гламур, мішура не адамруць. Гэта абумоўлена культурным асяродкам. На жаль ці на шчасце, ёсць градацыя, натуральны адбор. Індывідуальнасць заўжды ў цане. Яе могуць ненавідзець, асуджаць, любіць. А гламур застанецца для чырвонай дарожкі. Без гэтага таксама нельга. Проста ён не павінен запаўняць усё жыццё. Нават калі ў цябе ёсць сабаліная шуба, дрэнны тон ісці ў ёй выкідваць смецце. Вопратка павінна быць дарэчы. І важны мінімалізм. Японцы кажуць: «Мэбля, запаўняючы жыллё, перашкаджае». Мы прыходзім да таго, што пазбаўляемся ад лішняга, якое цягне назад. Усюды павінен быць дастатковы мінімум, які можна перадаць людзям. Бо чалавек смяротны і, як правіла, смяротны раптоўна. А што пакінеш пасля сябе, акрамя пылу? Лепш пакінуць добрую памяць. Учынкі, творчасць, дабрадзейнасць неўміручыя», — упэўнена Таццяна.

«Ці можна выглядаць каралевай у таннай сукенцы з рынку?» — цікаўлюся. «Я хачу вам сказаць, калі я вучылася ў школе, у нас была форма! Аднолькавая як моль (смяёмся), і тым не менш мы ўмудраліся праяўляць сваё «я»: каўнерык, фальбонка, прышпіленая кветачка. Любую самую простую рэч можна абыграць. Мільён спосабаў завязаць хусцінку, вузел.
Я маўчу пра завушніцы, бранзалеты, — дзеліцца Таццяна. — Стыль любіць розум і фантазію».

«Сёння актуальныя шоў-румы. У Мінску іх колькасць расце ў геаметрычнай прагрэсіі. У вас рэдкі погляд на стыль і моду. Вы вяжаце на замову калекцыйныя рэчы, адпраўляючы іх па ўсім свеце. Вы плануеце адкрыць нешта падобнае?» — пытаю. «У мяне было жаданне рабіць строі для оперы. Тэатральныя, — чую ў адказ. — Гэта мая старая мара. Не шоўрум, не мас-маркет. Адзенне, я сказала бы, у стылі дзягілеўскіх сезонаў. Прыгожа, незвычайна, шыкоўна. Гэта не гламур, а мастацтва. Вось такія рэчы я рабіла б з асалодай».

Падлога з кветак і фінансавая здрада

Праз блог Таццяна Сямёнава раскрывае голую праўду свайго лёсу, не тоячы ні смешнае, ні балючае. Яна дзеліцца гісторыяй кахання, калі кветкі ўсцілалі ўсю падлогу, успамінае і трагічны яе канец. Моцныя ўдары, узлёты, падзенні. Сёння Таццяна апісвае тэхнікі супакойвання, вынесеныя з ёгі, сакрэты медытацыі, даравання, прыняцця, важныя ў рабоце траблшутара стылю. Яна заўжды адказвае на пытанні, хоча дапамагчы, бо сама не раз была ў стане адчаю:

«Дачцэ паўгода, мы засталіся з ёй адны, сын паехаў. А я дамаўляюся з адной блізкай мне сям'ёй пра сумесны бізнес. Прадаю кватэру, здымаю маленькую двухпакаёўку, усе грошы да капейкі — у справу. Гэту сям'ю я ведала шмат гадоў і асабліва любіла маці свайго знаёмага. Яна была надзвычайная жанчына, і ад яе я многае даведалася пра жыццё. За некалькі месяцаў грошы павялічыліся ў разы. І адной цудоўнай раніцай тэлефаную абмеркаваць рабочыя пытанні, а ні адзін тэлефон не адказвае. Людзі зніклі, растварыліся разам з усім заробленым. Смешна, сумна, дзіўна, страшна».

Таццянін бізнес быў звязаны з будаўніцтвам з прычыны яе архітэктурнай адукацыі. «Божа, добра што ўзяў грашыма», — успамінае яна яўрэйскую мудрасць. Калі губляеш, аказваецца пасля, што гэта была плата за будучыню. Лёс праверыў Таццяну на ўстойлівасць: колькі яна можа вытрымаць, не згубіўшы дзіцячую радасць жыцця і агонь у вачах? І гераіня ўспамінае Таццяну Акунеўскую, актрысу часоў Сталіна, якая адбыла несправядліва тэрмін у турме, выйшла, да смерці іграла на падмостках, захавала і розум, і красу, і бадзёрасць. Таццяну выхоўвалі на прыкладах такіх жанчын.

«Мой бацька — я так магу сказаць! — быў вялікі чалавек. Столькі людзей дагэтуль мне піша, тэлефануе. Бо калі ён бачыў талент, то заўжды дапамагаў і даваў старт. На схіле яго дзён я не адыходзіла ад ложка, ловячы дыханне, апошнія словы. «У кожным чалавеку ёсць і душа, і камяні. Развівайце душу, будзьце велікадушныя», — даваў ён апошні наказ. Мне б хацелася тым, што я пішу, можа, камусьці дапамагчы раней зразумець важнае, натхніць. Не прэтэндую на тое, што я разумнейшая за усіх», — сумна ўсміхаецца гераіня.

«Таццяна, больш за ўсё чытачоў здзіўляе ваша блізкае сяброўства з новай жонкай былога мужа, іх дзецьмі. Гэта як называецца?» — пытаю. «Гэта закон нашай сям'і — усіх прымаць. Мая мама была маленькая, калі адчыніліся дзверы, увайшоў нейкі хлопец і сказаў, што ён яе брат, — смяецца Таццяна. — Амаль як у фільме: «Добры дзень, я ваша цётка». Аказваецца, у майго дзеда да вайны была іншая сям'я. Бабуля пра гэта не ведала. Калі тая яго жонка памерла, дзед прывёў у хату свайго сына. І бабуля абняла яго, і выхоўвала, і любіла. Дзеці — вялікая радасць».

«З пялёнак гаварыла сыну: «Ты можаш усё». Ніколі ні за што не сварылася. Крычаць на дзіця — злачынства. Памятаю, мы гулялі, ён замучыўся. Яму было ўжо шэсць гадоў, і я несла яго на руках, ён заснуў. Іду, цяжка, думаю: «Родны мой, адпачывай. Мама можа несці цябе колькі заўгодна». Нельга пералюбіць дзіця, — упэўнена Таццяна. — Будавалі нейкія хаткі проста ў кватэры, спалі ў іх, гулялі, выдумвалі гісторыі пра іншыя сусветы. Я марыла, каб ён вырас чалавекам без межаў. І сёння магу сказаць, што нашы думкі ствараюць будучыню нашых дзяцей. Трэба памятаць, што, як у казцы Добраму малайцу прызначаны выпрабаванні, так і ў жыцці хлопчыку трэба нырнуць у цяжкасці з галавой. Я адпусціла сына ў далёкую краіну зусім юным. Невыносна балюча было жыць у разлуцы доўгія гады. Але мацярынскі эгаізм — трымаць хлопчыка каля сваёй спадніцы».

Таццяна Сямёнава змалку верыла, што самае яркае жыццё пачнецца ў яе цяперашнім узросце: «З дзяцінства ў мяне няма страху сталасці. Абсалютна. Ніколі! Наадварот, я ведала, што гэта будзе перыяд росквіту. Памятаю, мы адпачывалі ў Юрмале з бацькамі і мамінай сяброўкай, якая паказала мне ёгаўскія практыкаванні, іх я раблю дагэтуль. І ў той момант у мяне здарылася азарэнне. Мне 15, ёй — 45. Я думаю: «Божа мой! Яна ж дзяўчынка!» Вось! Узросту не існуе! Белы прыбалтыйскі пясок, шэзлонг, ногі ў вадзе. Заход сонца. І я, юная, прыдумваю, што ў 50 вярнуся сюды пісаць маю кнігу».

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Мода як вечная гармонія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».