Вы тут

Якія таямніцы хавае Гарадзенскае паселішча


Рэканструкцыя раскрывае новы воблік Старога замка, але спрэчкі вакол яе не заціхаюць

Галоўны канфлікт — як захаваць аўтэнтычнасць? Гэтым занепакоены не толькі самі беларусы, але і суседзі-палякі, якія лічаць замак часткай сваёй спадчыны. Польскія СМІ неаднойчы бралі пад сумненне ход рэканструкцыі гістарычнага аб'екта. Каб зняць гэтыя пытанні, беларускі бок запрасіў польскіх спецыялістаў пазнаёміцца з тым, што робіцца на месцы. Пасля сустрэчы яны вынеслі свой вердыкт — рэканструкцыя гарантуе захаванне аўтэнтычнай часткі Старога замка.


Як змяняецца выгляд

Больш за год таму пачалася рэканструкцыя галоўнага замка Гродна. І зараз відаць, якія змены адбыліся за гэты час. Шэры будынак паступова набывае рысы сапраўднага палаца. Галоўным элементам можна лічыць вежу над уваходнай аркай, якая будзе ўвянчана купалам. Асноўны фасад яе гатовы, зараз работы вядуцца на даху. Пабудаваны другі паверх галерэі. Ідуць работы па ўзнаўленні сярэдняй вежы і крапасной сцяны, якая будзе акружаць замак. Паколькі гэтая агароджа цягнецца па самым краі схілу, яго таксама ўмацоўвалі. Летам каля сцяны раскапалі фундамент мернай ізбы, на якім гэты гаспадарчы аб'ект пабудуюць наноў. Наогул раскопкі на старажытным замчышчы вядуцца вельмі грунтоўныя, тут ужо зроблена шмат знаходак і выцягнута з глыбінь стагоддзяў.

Налета ў планах завяршыць рэканструкцыю першай чаргі. Паралельна вядзецца праектаванне інтэр'ераў уваходнай групы.

Як захоўваецца старажытнасць

Менавіта з таго месца, дзе цяпер вядуцца работы па рэканструкцыі замка, і пачаўся горад. Старажытны аб'ект спалучае розныя эпохі — ад ХІІ да ХVІІІ стагоддзяў. Сляды тых часоў выяўляюцца як пры зняцці паверхневых пластоў будынкаў, так і пры раскопках. За год раскапалі больш за дзясятак драўляных пабудоў XІV стагоддзя. У адным з памяшканняў знойдзены рэшткі печы і фрагменты прадметаў побыту. Гэты кавалак старажытнасці ў далейшым будзе закансерваваны і стане часткай экспазіцыі.

Зараз нямала таго, што паднялі з глыбінь гісторыі, экспануецца ў фае замка. Тут можна ўбачыць жаночыя пярсцёнкі са сплаву свінца і бронзы, кераміку. Адна з першых знаходак — старажытная шахматная ладдзя. Дарэчы, падобная фігура была знойдзена ў 30-х гадах мінулага стагоддзя падчас раскопак заснавальнікам музея Юзафам Ядкоўскім. Сярод апошніх цікавых артэфактаў — цэгла з гербам «Стаўбы Гедыміна», які сустракаецца на манетах XІV стагоддзя.

Аднаўленчыя работы захаваюць элементы ўсіх гістарычных эпох, паведаміў галоўны архітэктар праекта Алег Шымбарэцкі. Напрыклад, у скляпіністай столі галерэі кладзецца «родная» цэгла. З боку крапасной сцяны знойдзены масіў часоў Вітаўта. Каб яго захаваць, адмовіліся ад ідэі скразнога прахода. Сюды будзе весці асобная лесвіца з першага паверха.

Пасля таго як выраўняюць былыя дымаходы, на столь будзе вернута старажытная тынкоўка.

У мэтах бяспекі

Разам з гэтым асобныя канструкцыі патрабуюць абнаўлення ў мэтах бяспекі, бо прыйшлі ў непрыдатнасць і знаходзяцца ў аварыйным стане. Асабліва гэта датычыцца праёмаў і перамычак. Усе яны ў расколінах, дэфармаваныя, таму будуць замацоўвацца. Некаторыя канструкцыі ўвогуле стаялі без фундамента проста на пяску і будаўнічым смецці і маглі спаўзці ўніз па схіле. Польскім экспертам прадэманстравалі відэаматэрыял, на якім відаць, як рабочы без усялякіх прылад здымае старую кладку, а яна літаральна сыплецца са сцяны. Такія канструкцыі трэба замяніць. Узнікаюць цяжкасці і з пракладкай камунікацый. Зразумела, што замак будаваўся без уліку інжынерных сетак, і зараз іх трэба «ўціскваць» у старажытны аб'ект.

Дарэчы, усе работы вядуцца пад наглядам Міністэрства культуры, узгадняюцца нават невялікія папраўкі. Самадзейнасці тут ніхто не дапускае. Па словах начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Аксаны Сматрэнкі, рэканструкцыя вядзецца згодна з нормамі нацыянальнага заканадаўства, а таксама з улікам вопыту аднаўлення аналагічных аб'ектаў у Польшчы і Літве. Пры неабходнасці знаходзяцца кампрамісныя рашэнні.

Эпоха Стафана Баторыя

Палякі невыпадкова цікавяцца рэканструкцыяй замка. Аб'ект абнаўляецца «пад эпоху» караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя, які ў XVІ стагоддзі ўзнавіў замак і надаў яму шыкоўнае аблічча. Палацы таго перыяду захаваліся ў Варшаве і ў Кракаве. Загадчык аддзела Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Міхал Міхальскі зазначыў, што Стафан Баторый — гэта асоба, якая займае важнае месца і ў беларускай, і ў польскай гісторыі. Гэтым выклікана і жаданне бліжэй пазнаёміцца з рэканструкцыяй, аб якой нямала пішуць польскія СМІ. Чыноўнік паведаміў, што ў польскага боку назапашаны значны вопыт работы па аднаўленні падобнага палаца і ён гатовы аказаць кансультацыйную дапамогу гродзенцам.

Спецыялісты з дзвюх краін пагаджаюцца, што перабудовы будуць даволі значныя. Замак захаваўся з планіроўкай, якую ён атрымаў у канцы XІX стагоддзя, калі тут размяшчаліся часці расійскай арміі. Па сутнасці, ён выглядаў як звычайная шэрая казарма. Зараз, падчас рэканструкцыі, планіроўка значна змяняецца, бо гэта будзе зусім іншы палац. А тое, што раскрываецца са старажытных часоў, па магчымасці будзе захавана. Разам з тым з'явяцца новыя аб'екты, якія былі тут некалі, але не дайшлі да сённяшняга дня. Адкуль даведаліся аб іх ранейшым існаванні?

Замак узнаўляецца згодна з гравюрай Макоўскага «Гродна. 1600 год». Гэта адзіны гістарычны дакумент эпохі Стафана Баторыя, які дае ўяўленне аб выглядзе палаца.

— Зразумела, што да гэтага аб'екта пільная ўвага, і наша задача, каб ён праіснаваў яшчэ доўга. Для гэтага робім усе магчымае, — адзначыў дырэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Вячаслаў ТАРАСЕВІЧ. — Мне здаецца, што людзі, якія не так глыбока ведаюць гісторыю, неспецыялісты, будуць проста любавацца гэтым аб'ектам і бачыць не былыя шэрыя будынкі ці рэшткі сцен, а палац, які будзе вабіць турыстаў.

Інтэр'еры і купал

Распрацоўка інтэр'ера — другі этап рэканструкцыі, і самы складаны. У многім гэта абумоўлена недахопам спецыялістаў. Таму ёсць намер прыцягнуць да работы з інтэр'ерам польскі бок. Асабліва што датычыцца работы з каменным дэкорам. Самі палякі гатовы весці перагаворы па аб'ёмах работы і прызначэнні пэўных спецыялістаў для дапамогі ў распрацоўцы інтэр'ера.

Падчас сустрэчы ўзнікла пытанне па форме купала, які ўвянчае ўваходную вежу. Ён увасоблены ў сучасным праекце згодна з гравюрай Макоўскага, бо іншых аналагаў у гісторыі, як вядома, не захавалася. Падчас распрацоўкі праекта разглядаліся і іншыя варыянты. У рэшце рэшт спыніліся на першапачатковым. Спецыяліст з Польшчы выказала сваё бачанне формы купала. На яе думку, ён занадта масіўны. Магчыма, гэта пытанне будзе абмяркоўвацца больш дэталёва падчас другой сустрэчы кансультацыйнай камісіі, якая павінна адбыцца на пачатку наступнага года ў Польшчы. Беларускі бок гатовы разгледзець прапановы польскіх спецыялістаў.

Алена КЛІМОВІЧ, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

— Падчас сустрэчы беларуска-польскай рабочай групы палякі згадзіліся, і мы гэта сумесна замацавалі ў пратаколе, што пры правядзенні работ захоўваюцца аўтэнтычныя часткі Старога замка. Такім чынам, прадстаўнікі міністэрства культуры Польшчы згаджаюцца, што работы вядуцца на прафесійным узроўні. Гэта здымае многія пытанні.

З польскім бокам існуе дагавор аб культурным супрацоўніцтве ў рамках міжведамаснай камісіі. Мы ім паказалі аб'ект, яго стан, у тым ліку і аварыйныя ўчасткі. Так, пры аднаўленчых работах выкарыстоўваецца сучасная цэгла. Але і ў мінулыя эпохі будавалі замак з тагачасных матэрыялаў. Чаму мы павінны рабіць падаражанне пад абшыўкай? Гэта дапушчальна там, дзе вядзецца кладка па ўзоры сцяны, як, напрыклад, у Крэўскім замку. На рэканструкцыі Старога замка мы, дзе магчыма, захоўваем аўтэнтыку, а дзе дапушчальна — выкарыстоўваем новыя тэхналогіі і будаўнічыя матэрыялы. Польскія спецыялісты, у тым ліку чатыры прафесары, прадстаўнікі міністэрства культуры, пагадзіліся, што праект навукова абгрунтаваны, і гатовы нам дапамагаць. А кансультацыі такога роду вельмі патрэбныя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.