Вы тут

Па ўжыванні алкаголю на душу насельніцтва Беларусь на 27-м месцы ў свеце


Беларусь страціла свае пазіцыі па ўжыванні абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва. Сёння наша краіна знаходзіцца на 27-м месцы ў свеце і на 23-м — у Еўропе.


— Зніжэнне адбылося ва ўсіх краінах Еўропы, асабліва ў Беларусі, Расіі, Малдове. Методыка разліку (у параўнанні з 2010 годам) не мянялася. Аднак зараз падчас аналізу і падліку вельмі цесна супрацоўнічалі штаб-кватэра Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Белстат і Міністэрства аховы здароўя, — расказаў кіраўнік краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр БЕРДЫКЛЫЧАЎ. — Удалося атрымаць больш рэальныя ліч-
бы, чым раней, аднак усё роўна ў пэўнай ступені гэта ацэначныя даныя. Спрацавалі і абмежаванне рэкламы алкаголю, і меры, якія прымаюцца да нецвярозых кіроўцаў, прапаганда здаровага ладу жыцця.

У тройцы лідараў у Еўропе па ўжыванні алкаголю (даныя аналізаваліся за 2015—2017 гг.) знаходзяцца Малдова (15,2 літра), Літва і Чэхія. У Беларусі ў год ужываюць 11,2 літра абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва. Гэта менш, чым, напрыклад, у Расіі (11,7 літра), аднак больш за сярэднееўрапейскі паказчык, які складае 9,8 літра. Наша краіна па ўжыванні алкаголю знаходзіцца побач з такімі краінамі, як Вялікабрытанія (11,4 л), Фінляндыя (10,7 л), Данія (10,4 л). Нізкае ўжыванне алкаголю ў краінах Цэнтральнай Азіі — у Турцыі (2 л), Кыргызстане (6 л), Арменіі (5,5 л). Высокае — у Літве, Чэхіі, Германіі, Ірландыі — каля 13 літраў.

Па стане на 1 лістапада на ўліку ў нарколагаў знаходзіцца амаль 160 тысяч беларусаў з алкагольнай залежнасцю. Сярод іх амаль 36 тысяч жанчын і каля 15 тысяч непаўналетніх. Як адзначыў загадчык сектара наркалогіі арганізацыйна-метадычнага аддзела РНПЦ псіхічнага здароўя Уладзімір МАКСІМЧУК, у апошнія 5-6 гадоў назіраецца рост жаночага алкагалізму. У цэлым жа захваральнасць крыху зніжаецца (на 2,6 % за 2017 год), у тым ліку і сярод падлеткаў (на 1,1 %).

Штогод ад шкоднага ўздзеяння алкаголю ва ўсім свеце памірае каля 3 мільёнаў чалавек. У Беларусі ад спадарожных хвароб, выкліканых ужываннем алкаголю, штогод гіне каля 20 тысяч чалавек. Больш за 11 тысяч памірае ад сардэчна-сасудзістых хвароб, выкліканых ужываннем спіртнога, амаль 6 тысяч — ад траўмаў, больш за тысячу — ад цырозу печані, яшчэ столькі ж — ад розных лакалізацый раку, якія таксама ўзніклі ад злоўжывання алкаголем. Яшчэ паўтары тысячы беларусаў паміраюць ад выпадковага атручэння алкаголем і сурагатамі.

Уладзімір Максімчук нагадаў, што алкагольная слабасць розуму перавышае аналагічнае захворванне ад усіх іншых псіхічных хвароб, уключаючы шызафрэнію, і з'яўляецца прычынай злачынстваў:

— Палова смерцяў і траўмаў ад ДТЗ адбываецца ў стане алкагольнага ап'янення. Гэтак жа, як і 50 % забойстваў, 40 % рабаўніцтваў, 35 % згвалтаванняў. Каля 80 % пажараў здараецца па прычыне курэння п'яных.

Сярод сімптомаў алкагольнай залежнасці Уладзімір Максімчук назваў навязлівае жаданне ўжыць алкаголь, неабходнасць апахмяліцца, калі чалавек робіць гэта нават у сітуацыях, калі нельга (перад работай), павышэнне талерантнасці да алкаголю (для ап'янення патрабуецца ўсё большая доза), правалы ў памяці, пагашаны рэфлекс закусваць алкаголь і рост частаты яго ўжывання.

— Алкагалізм — гэта цяжкая хвароба, але калі своечасова, да наступлення псіхозаў, прыняць меры, то эфект ад лячэння ёсць, — кажа Уладзімір Максімчук. — Летась на стадыі рэмісіі з уліку знята 13 620 чалавек, гэта 7,9 %. Лячэнне ў стацыянары прайшлі амаль 33,5 тысячы чалавек.

Спецыяліст адзначыў, што метады лячэння алкагольнай залежнасці ўдасканальваюцца штогод, у Беларусі ўкараняюцца міжнародныя падыходы, праводзяцца заняткі з блізкімі хворых, у тым ліку іх вучаць, як уцягнуць хворага ў лячэнне.

— Калі раней існаваў тэрмін бяспечнай дозы алкаголю, то зараз у свеце прыйшлі да таго, што такой дозы не існуе, — любы яго прыём мае негатыўныя наступствы для здароўя, — заключыў Уладзімір Максімчук.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Больш не ў «лідарах»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».