Вы тут

Чаму замежныя турысты мінаюць прыгранічную аграсядзібу


Бераставіцкі раён сам па сабе невялічкі — усяго 700 квадратных кіламетраў, таму і аграсядзіб тут няшмат — пальцаў адной рукі хопіць, каб пералічыць. Такое становішча абумоўлена не толькі адсутнасцю цікавых гістарычных мясцін і ландшафтаў. Як высветлілася, ёсць праблема ў прыёмцы на аграсядзібах замежных турыстаў.


«Людзі едуць з-за мяжы, а мы не паспяваем аформіць ім дакументы...»

Паколькі тэрыторыя раёна цягнецца ўздоўж дзяржаўнай мяжы, значная частка знаходзіцца ў пагранічнай зоне. А тут ёсць свае асаблівасці. Для прыёмкі і размяшчэння замежнікаў неабходна мець спецыяльны дазвол. Гаспадар аграсядзібы Дзмітрый Гетнер сутыкаецца з гэтай праблемай даволі часта.

— Бывае, што турысты едуць цераз мяжу і хочуць прыпыніцца ў аграсядзібе на некалькі дзён. Але за такі кароткі тэрмін мы не паспяваем аформіць дакументы. Гэта адбівае ахвоту ў замежнікаў, і яны едуць далей, — кажа Дзмітрый.

Пастаянныя госці ведаюць такую асаблівасць пагранічнай зоны і заказваюць месцы загадзя. Напрыклад, расіяне, якія плануюць правесці тут навагоднія канікулы, зрабілі гэта ўжо зараз.

— Мы самі заказваем гэты пропуск, — працягвае гаспадар, — едзем у пагранічны атрад, падаём дакументы, аплачваем. Я чуў, што з гэтага года замежнікі могуць аформіць дазвол праз інтэрнэт, але гэтым ніхто пакуль не скарыстаўся. Для таго каб зрабіць гэта мне, патрэбны копіі пашпартоў. Высылаць сканы пашпарта ніхто не згаджаецца. У той жа час пяць дзён для афармлення — гэта даволі працяглы тэрмін, які не спрыяе заезду турыстаў на выхадныя, напрыклад.

Сутыкнуўся Дзмітрый і з такой праблемай, як рэклама. Палякі, па яго словах, выказваюць жаданне прыехаць і адпачыць на гасціннай беларускай зямлі, але аграсядзібу праз пошукавыя рэсурсы ў суседняй краіне чамусьці немагчыма знайсці. Добра было б, каб Бераставіцкі раён, нараўне з Гродзенскім, таксама падпаў пад бязвізавы рэжым, лічыць Гетнер. Умовы для адпачынку турыстаў тут таксама ёсць.

«Ахова прыроды палохае нас штрафамі...»

Алена і Дзмітрый Гетнеры не адразу прыйшлі да агратурыстычнага бізнесу. У Бераставіцы сям'я мела сваю справу — дрэваапрацоўчы цэх. Як і многія гараджане, вырашылі пабудаваць лецішча ў глыбінцы, каб пажыць удалечыні ад цывілізацыі. У гэты час маладога прадпрымальніка заўважылі прадстаўнікі «Аграпрамбанка» і прапанавалі прыняць удзел у новай справе. Якраз была складзена праграма развіцця аграэкатурызму і адкрыта крэдытная лінія на льготных умовах. Алена з мужам падумалі і згадзіліся. Згодна з умовамі крэдытавання, атрымалі некалькі гектараў зямлі і завялі даволі істотную гаспадарку.

Важнай умовай для развіцця новай справы Дзмітрый лічыў наяўнасць вадаёма. Каб не ісці насуперак закону, які не дазваляе будавацца ў прыбярэжнай зоне, знайшоў іншы выхад — спачатку пабудаваў дом, а потым узяўся за стварэнне ўласнага вадаёма.

— Тут нічога не было, — ківае ў бок возера гаспадар, — быў кавалачак лесу, кустоўе, але мы з Аленай дамагліся, узялі дазвол, каб стварыць тут вадаём. Спачатку адзін выкапалі, потым другі. Так з'явілася мясціна пад назвай «Ціхія сажалкі». Зараз мы іх аб'ядналі і маем даволі вялікае возера.

Дарэчы, сажалка прыносіць не толькі задавальненне. Хоць возера і прыватнае, сюды часта наведваюцца прадстаўнікі прыродаахоўнай службы. Па словах гаспадара, яны забараняюць лавіць тут рыбу і пастаянна пагражаюць штрафамі.

— Пакуль не штрафавалі, але спасылаюцца на законы, якія датычацца агульнага стану забароны на лоўлю рыбы, а там не прапісаны ўмовы па прыватных сажалках, вось яны і кантралююць нас. А мне, напрыклад, трэба падчас нерасту адлавіць самак і перасадзіць у іншы вадаём, каб драпежныя рыбы малькоў не паелі. Чаму інспектары павінны ўказваць, як гаспадарыць? — абураецца Дзмітрый.

Такі падыход, на яго думку, неправамерны. Ён, як гаспадар, сам сабе не нашкодзіць. Тым больш што вада для яго — адзін з галоўных фактараў выбару месца. І з гэтым звязана цэлая гісторыя.

«Дзеду было пад 80, а ён нічым не хварэў...»

З даўніх часоў у гэтых мясцінах стаяў адзіны хутар і апошні тут жыў стары дзед па мянушцы Бабёр. На гэта жытло і натрапіў неяк Дзмітрый Гетнер падчас грыбнога палявання. Зайшоў да дзеда, пазнаёміўся, пагутарыў. Даведаўся, што старому амаль 80 гадоў, але на здароўе не скардзіцца, хоць у назе з вайны асколак сядзіць. Нават у бальніцы ні разу не быў. Пазней Дзмітрый яго ўсё ж адвёз да ўрача, бо ў дзеда забалеў зуб. Дык у бальніцы нават карткі яго не было. Дзед сцвярджаў, што толькі дзякуючы крынічнай вадзе ён і захаваў сваё здароўе.

— Яго хатка амаль згніла, бо мясцовасць тут балоцістая, і я прапанаваў яму прадаць хутар у абмен на дом у вёсцы. Усяго некалькі кіламетраў адсюль, — расказвае Дзмітрый. — Кажу: вы ўжо сталы чалавек, да вас там хутчэй і доктар падыдзе, і вяскоўцы даглядзяць, не тое што тут, у лесе. І дзед, хоць не адразу, але згадзіўся. Я купіў яму ў вёсцы дом, яшчэ і грошай даў...

Стары хутар разабралі, а сюды перавезлі з Белавежскай пушчы бацькоўскі дом, другі паверх і тэрасу дабудавалі самі. Між тым аддалены маёнтак мае і зваротны бок, звязаны з ляснымі драпежнікамі. Літаральна на днях воўк прабраўся ў авечую загарадку і зарэзаў пяць жывёлін. І такая сітуацыя не адзіная за перыяд работы. Занепакоены гаспадар нават думае адмовіцца ад авечага статка, бо ўтрымліваць яго даводзіцца на адлегласці ад сядзібы.

«Хацеў узяць слова, каб нас пачулі...»

Алена і Дзмітрый не аднойчы выходзілі пераможцамі абласнога конкурсу на найлепшую аграсядзібу. Прадстаўлялі вобласць на рэспубліканскім узроўні. Падчас такіх цырымоній Гетнеры прымалі ўдзел у сустрэчах гаспадароў аграсядзіб з кіраўніцтвам турыстычнай галіны. Дзмітрый расказаў, што не аднойчы спрабаваў агучыць праблему па афармленні дазволу для замежных турыстаў. Ён лічыць, што ведамствы павінны дагаварыцца паміж сабой, каб прыгранічныя аграсядзібы маглі прымаць турыстаў з-за мяжы на любы тэрмін — і кароткі, і доўгі, як пажадае сам госць.

Дарэчы, яшчэ нядаўна ў прыгранічную зону ўваходзіла значная частка Гродзенскага раёна, у тым ліку і Аўгустоўскі канал. Пасля таго як гэтыя перашкоды былі зняты, тэрыторыя перажывае сапраўдны турыстычны росквіт.

— Хацелася б, каб была даведзена да канца і справа па ўстаноўцы знака «аграсядзіба».
На конкурсе паабяцалі, што такі знак нам установяць, і нават узгаднялі ўзоры, — распавядае Дзмітрый. — Але чамусьці гэтага не зрабілі, знак не ўстаноўлены. Хоць нам ён вельмі патрэбны, бо не кожны адшукае сядзібу ў такім зацішным кутку.

Валянцін Арцюхевіч, загадчык сектара спорту і турызму Бераставіцкага райвыканкама:

— Гэты від сельскага бізнесу не стаіць на месцы. Бераставіцкія аграсядзібы не толькі радуюць гасцей, але і паляпшаюць аблічча вёсак. Напрыклад, аграсядзіба «Ляўшова» створана на месцы былога ФАПа.

Зараз тут гаспадараць Сяргей і Алена Зешуты. А яшчэ некалькі гадоў таму стаялі закінутыя будынкі фельчарска-акушэрскага пункта. Апусцелы аб'ект зарастаў бур'яном і лебядой. Маладыя гаспадары, можна сказаць, вярнулі да жыцця не толькі будынак, але і вёску. Цяпер, калі заканадаўства легалізавала правядзенне масавых мерапрыемстваў, юбілеяў, карпарытываў, вяселляў, гэты рух актывізаваўся. Многія аддаюць перавагу менавіта аграсядзібам.

Цудоўны куток стварылі гаспадары «Дваранскага гнязда», дзе адноўлены былы панскі маёнтак і захаваўся старажытны парк. Уся тэрыторыя аздоблена малымі архітэктурнымі формамі, скульптурамі, клумбамі, фантанам, што спрыяе правядзенню тут тэматычных фотасесій і выязных рэгістрацый шлюбу.

Увогуле патэнцыял для пашырэння агратурызму ў нас ёсць. Ужо зараз рыхтуюцца дакументы на афармленне некалькіх новых аграсядзіб.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ці ёсць дазвол на адпачынак?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».