Вы тут

Зніжкі для пажылых, каб зрабіць для іх больш даступнымі заняткі спортам


Зніжкі ці дысконтныя карткі для пажылых, каб зрабіць для іх больш даступнымі заняткі спортам ці паходы на культурныя мерапрыемствы. Пажылыя валанцёры, якія будуць адведваць такіх жа пенсіянераў, як і яны самі, калі тыя не могуць выйсці на вуліцу. Гэтыя і іншыя кірункі работы са старымі з мэтай захаваць у іх зацікаўленасць да жыцця плануецца рэалізоўваць у Беларусі ў межах стратэгіі актыўнага даўгалецця.


Дэмаграфічныя працэсы ў нашай краіне не адрозніваюцца ад аналагічных працэсаў у еўрапейскіх дзяржавах. Працягласць жыцця расце, аднак паўстаюць новыя сацыяльныя праблемы, якія трэба вырашаць. Гэта і пашырэнне сацыяльных паслуг для пажылых, і садзейнічанне актыўнаму даўгалеццю, і клопат пра інвалідаў. І вырашаць праблемы дзяржаўным і прыватным арганізацыям трэба супольна.

— Міжсектаральнае супрацоўніцтва ў сферы сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўжо працуе. З дапамогай нямецкіх калег мы ўкаранілі ў наша заканадаўства дзяржаўны сацыяльны заказ. І сёлета ўжо рэалізуецца 84 дагаворы, хоць пачыналі мы ў 2014-м з 34 дагавораў. 14 недзяржаўных арганізацый супрацоўнічаюць з Чырвоным крыжам, — заўважыў Аляксандр РУМАК, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны падчас Рэспубліканскага сацыяльнага форуму, на які чацвёрты раз сабраліся эксперты з розных куткоў Беларусі і Германіі, каб абмеркаваць шляхі пабудовы гуманнага інклюзіўнага грамадства.

З гэтага года запрацавала такая форма сацпаслуг, як замяшчальная сям'я для адзінокіх пажылых, якім патрэбна дапамога. Ужо 28 сем'яў заключылі дагаворы і ўзялі да сябе такога старога для сумеснага жыцця. «У 80—90 гадоў чалавек атрымлівае для сябе новую сям'ю. І гэта самая лепшая форма сацыяльнай падтрымкі. Таму што чалавек кожны дзень жыве з людзьмі, якія сталі яму роднымі, не ведае клопату», — дадаў намеснік міністра.

Ён таксама адзначыў, што пажылым трэба даваць магчымасць працаваць і далей. Мабыць, варта прапаноўваць ім праходзіць перападрыхтоўку па іншых спецыяльнасцях.

Важна ствараць пляцоўкі, дзе пажылыя маглі б праводзіць вольны час, сустракаючыся адно з адным. А для грамадзян з дыягназам дэменцыя, большасць якіх пражывае дома, а не ў сацыяльных установах, трэба развіваць паслугі суправаджальнага пражывання, упэўнены Аляксандр Румак. Дапамогу такога роду, дарэчы, атрымліваюць больш як 90 тысяч пажылых беларусаў, у тым ліку і людзі, якія пакутуюць на дэменцыю.

— Трэба даць магчымасць пенсіянерам і інвалідам арганізаваць сваё жыццё так, як яны хочуць, не звяртаючыся да стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання. Мы працуем над стварэннем альтэрнатыўных формаў, каб чалавек займеў падтрымку ў тым месцы, дзе ён хоча жыць, — падкрэсліў намеснік міністра.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Сям'я для 80-гадовых і зніжкі на спорт

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.