Вы тут

Твар у твар


Сустрэча аўтараў і юных чытачоў адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падчас вочнага этапу праекта Нацыянальнага інстытута адукацыі «ЧтениеPRoДвижение». Камунікацыя школьнікаў — удзельнікаў праекта з асобамі, датычнымі да беларускага літаратурнага працэсу, прайшла ў фармаце няспыннага дыялогу.


Нягледзячы на розныя думкі і творы, якія гучалі, найбольш яскравай часткай імпрэзы былі менавіта дзеці, якія выстройваліся ў чэргі, каб задаць пытанні ўдзельнікам сесій. Цікаўнасць да працэсу стварэння твораў і ўнутранага свету творцаў выдавала імкненне спасцігнуць тое, што адкрывае для іх літаратура, навучыцца разумець і прапускаць праз сябе прачытанае. Ёсць нагода лічыць, што расце нераўнадушнае і зацікаўленае пакаленне чытачоў, а значыць, літаратурнаму працэсу ў найбліжэйшай будучыні дакладна не пагражае знікненне.

Каб зрабіць чытанне больш цікавым і карысным для дзяцей, стварыць пляцоўку для камунікацыі аўтараў і чытачоў мае на мэце інтэрнэт-рэсурс «Кнігасвет», які прадставіла Гульнара Юсцінская, начальнік аддзела дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Пра тое, што маладое пакаленне трэба заахвочваць да чытання, казала Валянціна Гінчук, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі. Папрокі ў нежаданні чытаць і развівацца моладзь чула ва ўсе часы, адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша, а сёння шмат залежыць ад пошуку новых фарматаў, найбольш цікавых для сучаснага чытача. Ці ад добрай кнігі, якая трапіць у рукі. Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, падкрэсліла значнасць літаратуры для развіцця кожнай асобы і грамадства ў цэлым.

Удзельнікамі праекта сталі вядомыя беларускія літаратары, выдаўцы, прадстаўнікі літаратурна-мастацкіх выданняў. Аб праблемах дзіцячай літаратуры павяла размову пісьменніца Алена Беланожка. Вядомыя пісьменнікі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастарнак расказалі, што найлепшая частка іх работы — гэта сустрэчы з чытачамі.

У канцы сесіі маладая пісьменніца Сафія Ворса правяла кароткую прэзентацыю сваёй кнігі «Горад аслеплых скрыжаляў», перакладзенай на беларускую мову Зояй Падліпскай. Аўтарка распавяла пра важнасць тэмы людзей з асаблівымі патрэбамі, да якой яна звяртаецца ў сваім творы, і запрасіла на сцэну інклюзіўны хор «Радасць душы».

Жыццё папяровай кнігі ў век інтэрнэту і электронных прылад абмяркоўвалі па прапанове кандыдата філалагічных навук Уладзіміра Капцава. Папяровая кніга не знікне, бо яна насамрэч больш надзейная за крохкую электроніку, упэўнены паэт Віктар Шніп. Акрамя таго, кніга ў руках, асабліва дзіцячая, дае магчымасць атрымліваць асалоду не толькі ад тэксту, але і ад самога працэсу чытання, лічыць паэт Арцём Кавалеўскі. Раіса Баравікова прысвяціла верш усім маладым людзям: у пранікнёным выкананні аўтара ён гучаў як запавет не губляць летуценнасці і імкнення наперад.

Пра культуру чытання і тэндэнцыі сучаснага літаратурнага працэсу разважаў старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў, а таксама іншыя пісьменнікі, навукоўцы, супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі і настаўнікі рускай і беларускай мовы і літаратуры. Апошнім дзеці адрасавалі пытанне: «Як у вас атрымліваецца праводзіць такія цікавыя ўрокі?» Але дзяліцца сакрэтамі настаўнікі не спяшаліся. Дыскусіяй кіравалі Святлана Захарава, дацэнт кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ, і пісьменнік і літаратурны крытык Анатоль Мацвіенка, які падкрэсліў: галоўныя ўмовы для паспяховага развіцця літаратурнага працэсу — гэта таленавітыя аўтары, іх творы і чытачы.

У канцы імпрэзы былі адзначаны ўдзельнікі праекта, якія прадставілі найбольш таленавітыя творчыя працы. Яны прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі, каб сустрэцца твар у твар з тымі, хто рухае сучасны літаратурны працэс.

Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.