Вы тут

Водгулле трагічнага мінулага


Жахлівыя падзеі, што адбываліся ў розныя часы на тэрыторыі Беларусі, нагадваюць пра сябе праз гады. Небяспека ў сучасным свеце, усведамленне, што гісторыя ў рэшце рэшт паўтараецца, не даюць забыцца пра пакутлівае мінулае. Ды беларускі народ увогуле не забываўся. Асабліва на з’явы і падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Важкасць памяці ў агульнай трагедыі чалавецтва складае змест кнігі «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы», якая сёлета выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».


Ідэя стварэння навукова-папулярнага выдання такога кшталту ўзнікла пасля выхаду ў свет першай кнігі серыі, якая яшчэ не мае дакладнага наймення. Сама ж кніга называлася «Хатынь. Трагедыя беларускага народа». З’яўленне серыі даказала, што ў грамадстве ёсць патрэба гаварыць пра такія рэчы. Кіраўніцтва выдавецтва адзначае, што ў Беларусі шмат месцаў, звязаных з трагічнымі падзеямі. Таму ўжо ў наступным годзе плануецца выпуск каля шасці тэматычных выданняў.

— Мы павінны вельмі сур’ёзна ўспрымаць тое, што адбываецца цяпер у свеце. Ёсць падзеі, пра якія трэба нагадваць, каб падобнае больш не паўтарылася, — падкрэслівае дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч. — Хацелася б стварыць серыю кніг, каб не толькі нагадаць, але і сказаць праўду пра тыя жахлівыя месцы, якія былі і ёсць на тэрыторыі Беларусі. Мы часта ўспрымаем Вялікую Айчынную вайну менавіта як перамогу, але тут сышлося некалькі паняццяў: перамога і пакуты. Гінулі мірныя людзі, якія нават не былі на фронце.

Трасцянец — адно з найбуйнейшых у Еўропе месцаў масавага знішчэння людзей. Кніга апавядае пра трагічныя падзеі, якія адбываліся ў 1941—1944 гадах ля вёскі Малы Трасцянец Мінскага раёна. Гэтае месца стала апошнім прытулкам для жыхароў не толькі Беларусі, але і краін Еўропы. 206,5 тысячы ваеннапалонных і мірных жыхароў з СССР, Аўстрыі, Германіі і іншых дзяржаў загінулі тут. У кнізе маюцца гістарычныя звесткі пра вёскі Малы і Вялікі Трасцянец і іх ваколіцы, апісанне Трасцянецкага мемарыялу. Шматлікія ілюстрацыі і тэксты паказваюць, што адбываецца на тэрыторыі Трасцянца цяпер. Аўтарам кнігі стала загадчыца аддзела навукова-даследчай работы Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны Наталля Яцкевіч. Звесткі ў выданні падаюцца на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

— Згодна з задумкай кнігі, трэба было апісаць гісторыю Вялікага і Малога Трасцянца з XVI стагоддзя да нашых дзён, — распавёў рэдактар і суаўтар кнігі, вядучы навуковы рэдактар выдавецтва Міхаіл Нікіцін. — Што і было зроблена. Найперш дзякуючы дапамозе Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Але асноўны ўнёсак зрабіў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Адметнасць выдання ў тым, што яно змяшчае адначасова шмат розных фатаграфій і рэдкіх дакументаў, у тым ліку спіс забітых жыхароў, знойдзены ў архіве Мінскай вобласці. Ёсць у ім таксама нямецкая карта 1944 года, на якой адлюстравана вёска і суседнія паселішчы, размяшчэнне пабудоў. Выкарыстаны фотаматэрыялы з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фотакопіі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, а таксама фотаздымкі фатографа выдавецтва Анатоля Дрыбаса. Выданне «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы» прызначана для шырокага кола чытачоў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».