Вы тут

Вольга Нікольская: Дзеці любяць, калі дарослыя размаўляюць з імі на роўных


Дзіцячы пісьменнік заўсёды трансліруе ў творах сукупнасць успамінаў дзяцінства, дарослага досведу і прачытанага за жыццё. Твор можа атрымацца выключны. Але стварыць гісторыю, якая б зацікавіла дзіця, даволі няпроста, нават калі бацькі лічаць кнігу вартай для чытання. Падыход і да маленькага, і да дарослага чытача знайшла аўтар кніг для дзяцей Вольга Нікольская, пераможца сёлетняй Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» за кнігу «Выкраданне шэдэўра, ці Новыя прыгоды агентаў “КаўбаФірЖык”». Пісьменніца расказала карэспандэнту «ЛіМа» пра творчыя спробы і задумы, ролю класікі і сучасных каштоўнасцяў.


— У нейкім сэнсе напісаць добры твор для дзяцей больш цяжка, чым для дарослых. Чаму вы абралі менавіта гэты кірунак?

— Можа, і так… Як для каго. Хоць з класікі вядома, што для дзяцей трэба пісаць так, як для дарослых, толькі лепш… Мне асабіста пісаць для дзяцей лягчэй. Дарэчы, у мяне ўжо ёсць спроба празаічнага твора для дарослага чытача. Сёлета выйшла маё апавяданне пра каханне ў часопісе «Полымя». Яно пісалася не проста, больш складана, чым любая з трох кніг трылогіі пра агентаў «КаўбаФірЖык». Нагадаю іх назвы: «Мы — агенты “КаўбаФір”» (2011), «Прыгоды агентаў “КаўбаФірЖык”» (2014) і «Выкраданне шэдэўра, ці Новыя прыгоды агентаў “КаўбаФірЖык”» (2017).

— А як вы вырашылі, што ўжо можна пачынаць пісаць не толькі для дзяцей?

— Мабыць, у многіх аўтараў, якія пішуць для дзяцей, ёсць жаданне паспрабаваць сябе і ў «дарослай» літаратуры. У мяне яно было заўсёды. Яшчэ школьніцай я спрабавала пісаць рэцэнзіі, іх нават друкаваў «ЛіМ». Студэнткай і пасля пісала і друкавала рэцэнзіі на кнігі прозы ў «Полымі» і «Нёмане». Мае пераклады прозы з беларускай мовы на рускую друкаваліся ў тым жа «Нёмане» і ў «Нашем современнике» (Масква). Гэта была і ёсць вучоба ў «дарослых» пісьменнікаў... Апавяданне напісала пра няпростае каханне ўжо немаладых людзей (тэма кахання, здаецца, хвалюе кожную жанчыну).

А ўвогуле калісьці мне хацелася пісаць вершы. Асабліва ў пераходным узросце: шмат пачуццяў, эмоцый… Тады я чытала шмат паэзіі. Рознай. Але паэтычных здольнасцяў у мяне няма: у галаву прыходзілі толькі нейкія простыя выпадковыя рыфмы, не больш... Паэты — людзі асаблівыя, адрозніваюцца ад іншых пісьменнікаў. Паэты больш узнёслыя і нават, лічу, больш таленавітыя... Аднак кожнаму цяжка тое, што ён не ўмее і не можа. Вось і мне было цяжка…

— Чаму вы выбралі менавіта гэты шлях узаемадзеяння з дзецьмі? Можна ж было працаваць педагогам ці арганізатарам дзіцячых мерапрыемстваў.

— Сваю казку «Каўбас і Кефір», пра двух бяздомных катоў, якая потым перарасла ў першую кнігу трылогіі, прыдумала яшчэ ў школе, калі нам далі заданне напісаць сачынне на вольную тэму. Казка спадабалася настаўніцы, маім аднакласнікам і нават бацькам. Гэта натхніла. Надрукавала яе дзіцячая газета «Раніца», затым «Каўбас і Кефір» з’явіліся ў кнізе «Казкі дзяцей Беларусі» (2002 г.)… А потым, ужо дарослай, перачытаўшы дачцэ ўсе казкі з хатняй бібліятэкі і гэтую сваю, я стала прыдумваць яе працяг. Так склалася першая кніга «Мы — агенты “КаўбаФір”». Яна тады за адзін год выйшла двума выданнямі, агульным тыражом у 5 тысяч. Кнігі хутка разышліся, і гэта яшчэ больш натхніла.

— Чаму персанажы такія традыцыйныя? Не хацелі б звярнуцца да больш незвычайных або фантастычных вобразаў ці неяк пераўтварыць герояў трылогіі — катоў?

— У мяне з маімі героямі (а я з імі зжылася) шмат задум… Можа, яны яшчэ і ў космас паляцяць… Прыгод з імі можа здарыцца нямала. Але ўсе мы пішам на адны і тыя ж тэмы, на тэмы жыцця. Толькі кожны — пасвойму: хто — пра людзей, хто — пра жывёл. А жывёл, у прыватнасці катоў, любяць і дзеці, і дарослыя. І мне цікава на паперы «ператварыць» іх у людзей. Дарэчы, ілюстратар маіх кніг знакаміты мастак — Сяргей Волкаў — таксама вельмі любіць катоў. І ён у кнігах іх выдатна «ачалавечыў». Я збіраюся пісаць працяг прыгод маіх любімых катоў Каўбаса і Кефіра, сабакі Рыжыка, дзядулі Цімафея Іванавіча, які забраў іх, беспрытульных, выкінутых гаспадарамі на сметніцу, да сябе і вучыць спагадзе і дабрыні. І калі пісала сваю чацвёртую кнігу для дзяцей «Фей па імені Свецік» пра зубнога фея, нават сумавала па гэтых вобразах.

— Не было цяжкасцяў у паразуменні з ілюстратарам?

— У мяне з Сяргеем Анатольевічам усё атрымалася неяк лёгка. Ён паважаны і «дзіцячы», і «дарослы» мастак. Спрачацца з ім мне не дазваляе нават узрост і жыццёвы досвед. Але гэта і не было патрэбна. Сяргей Анатольевіч так ажывіў маіх герояў, што іншымі іх ужо не ўяўляю.

— Ці думалі пра мультыплікацыйныя перспектывы?

— Калі выступаю перад дзецьмі, яны таксама пра гэта пытаюць. Каб гэта залежала толькі ад мяне, мультфільм, мачыма, ужо выйшаў бы: была размова з мультыплікатарамі па іх ініцыятыве гады чатыры таму. Але… Пачакаем…

— Ці не лічыце, што дэтэктывы і прыгоды — самы просты шлях да дзяцей? Магчыма, для сучаснага чытача трэба ствараць штосьці адмысловае і філасафічнае, накшталт «Вожыка ў тумане»?

— Думаю, што дэтэктыў — вельмі цікавы шлях да сэрцаў дзяцей. Ды і дарослых таксама. Шмат падзей, незвычайнае дзеянне, дынаміка сюжэта… А «Вожык у тумане» ў дзяцінстве мне не падабаўся, здаваўся сумным. Тут нічога не паробіш: так успрымала. А вось мае дочкі яго любяць… Сучасныя дзеці ўжо крыху іншыя, чым была ў дзяцінстве я. Мяняецца час, цікаўнасці…

— Трэба мяняць падыход да сучасных дзяцей?

— Адназначна не адкажу: і так, і не. Дзіцячая класіка ў нас ёсць. Гэта святое і вечнае. Вядома, трэба ствараць і сучаснае — яркае, прывабнае, захапляльнае. А яшчэ бацькі павінны дзецям паказваць прыклад: чытаем, і вы чытайце. Аднак сёння многія дарослыя нярэдка самі нічога не чытаюць, а потым здзіўляюцца, чаму не чытаюць іх дзеці. Неабходна чытаць разам, сумесна ўсё абмяркоўваць.

— А што вы чыталі ў дзяцінстве і што, акрамя сваіх твораў, чытаеце сваім дзецям?

— Мая любімая дзіцячая пісьменніца — Астрыд Ліндгрэн. У дзяцінстве мяне цікавіла сутнасць паводзін адмоўных персанажаў. Яны больш характарныя. Карлсан — любімы герой. Падабаецца сваёй неадназначнасцю. Ён станоўчы, але паводзіць сябе не так, як нас вучылі бацькі. Добры, аднак хуліганісты. Як і мае знаёмыя хлопчыкі… І гэта прываблівае дзяцей. А яшчэ яны любяць, калі дарослыя размаўляюць з імі як з роўнымі… Вельмі важна пісаць кнігі для юных чытачоў так, каб, чытаючы іх, яны адчувалі сябе на роўных з табой, і памятаць: гэта — будучыя дарослыя. І пра Карлсана чытаю сваім дзецям, і пра Руслана і Людмілу, і пра палескіх рабінзонаў, і пра Піліпку-сынка…

— Як у творы спалучыць дыдактызм і захаванне свабоды выбару?

— Не ведаю, магчыма, і праз дзіцячы дэтэктыў. Дэтэктывы цікавыя і дзецям, і дарослым. Шкада, што ў нас пакуль яшчэ мала дэтэктываў для дзяцей.

— Працягваецца эпоха супергерояў. Анімэ, коміксы сваёй яркасцю ў пэўнай ступені дзяцей захапляюць больш. Ці бачыце ў гэтым праблему?

— Гэта крыху не наша гісторыя. Гэта заходні ўплыў. І часта не лепшы. Але мае персанажы часам тыя ж супергероі, толькі з нашай ментальнасцю. Можна імкнуцца да еўрапеізацыі, аднак трэба захаваць нашы духоўныя каштоўнасці. І не толькі іх…

— Што самі цяпер чытаеце? Вывучалі творы канкурэнтаў па Нацыянальнай літаратурнай прэміі?

— На жаль, часу не хапае. Спрабую сумясціць і працу, і творчасць. З намінантаў з задавальненнем чытала «Малпачку — дачку Нябеснага Дракона» Генадзя Аўласенкі. Нават пісала рэцэнзію на гэты твор. Спадабалася даволі незвычайнае аб’яднанне герояў з розных светаў. Але спецыяльна іншыя творы перад прэміяй не вывучала, будзе час — вывучу. Падабаюцца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Таццяна Сівец, Алена Стэльмах, Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мацвеенка, Міхась Пазнякоў, Раіса Баравікова… У нас шмат цудоўных дзіцячых пісьменнікаў… Добра, што адбываецца шмат сустрэч з творцамі. Але здараецца, настаўнікі заўважаюць, што, чытаючы многія кнігі сучасных аўтараў, не можаш вызначыць, чаму вучыць той ці іншы твор, ці ёсць у ім рацыянальнае, маральнае зерне? Вядома, ёсць вельмі супярэчлівыя творы розных эпох, але такое сустракаецца радзей. Усё ж такі дрэннае не пражыве доўга, яго забудуць. Час — лепшы суддзя.

 — Які дзіцячы твор для вас любімы ў нацыянальнай літаратуры?

— Напэўна, у многіх ёсць перыяд дзяцінства (у мяне ён таксама быў), калі чытаць не хочацца. Што б ні казалі бацькі, прымусіць дзіця чытаць немагчыма. Яно павінна само знайсці тую кнігу, праз якую з’явіцца прага да чытання. Добра, калі такое выданне ёсць у хатняй бібліятэцы. Для мяне гэта былі «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова і «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра.

 — Ці ўплывае, на вашу думку, класічная літаратура на сучасную?

— Класіка для мяне важная перш за ўсё, бо ў ёй «зацэментаваны» тыя каштоўнасці, якімі і павінны валодаць нашы дзеці: дабрыня, спагадлівасць, чуласць, любоў, жаданне дапамагаць... Упэўнена, што ўвогуле наша сучасная дзіцячая літаратура, і не толькі дзіцячая, нясе дабро. Гэта галоўнае. Каштоўнасці ў сучасным свеце змяняюцца, але мы імкнёмся прапагандаваць тыя, якія прывівалі бацькі. Беларуская дзіцячая літаратура мацуецца традыцыйным падмуркам. І гэта добра. Традыцыя — усяму аснова. Але разам з гэтым наша дзіцячая літаратура імкнецца існаваць у кантэксце падзей сённяшняга жыцця. Героі дзіцячых твораў павінны размаўляць на адной мове з сённяшнімі дзецьмі і жыць іх інтарэсамі.

— Ці выконвае сучасная беларуская дзіцячая літаратура выхаваўчую функцыю?

— Калі пісьменнік стварае любую гісторыю, у ёй існуе пэўны падтэкст — нечаму навучыць. Часам вельмі проста: дзе дабро, дзе зло, як, напрыклад, у народных казках, і гэта геніяльна! Народныя творы жывуць стагоддзямі. Аднак для сучаснай літаратуры ў нейкай ступені таксама добра, калі такога яўнага раздзялення няма, бо ў жыцці не бывае толькі чорнага або толькі белага. Думаю, дзецям важна паказаць, што герой, які можа аступіцца, заўсёды мае магчымасць змяніцца да лепшага. Калі гэта зразумела юнаму чытачу — цудоўна!

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.