Вы тут

Маўчанне Яўгеніі Пфляўмбаўм


Адзін мой знаёмы здзіўляўся, чаму тонкая, далікатная і такая цікавая паэтэса, як Яўгенія Пфляўмбаўм, маўчала, не публікавалася?


Чаму ў яе толькі тры зборнікі? Адзін, калектыўна выдадзены супольна з Зінаідай Бандарынай і Наталляй Вішнеўскай, «Вершы», выйшаў у 1926 г., а другі — «Сувой жыцця» пабачыў свет ажно ў 1989 г., трэцяя кніга «На захадзе сонца» з’явілася ў кнігарнях у 1992 г.?

Мой наіўны таварыш не разумеў, ці мо не хацеў разумець адну простую, нават школьную ісціну.

Быць беларускім паэтам у грамадстве, апанаваным сацыялістычным шчасцем, не самы бяспечны занятак.

Апалагеты такога шчасця часам цяжка разумеюць паэтычныя метафары. А раптам аўтар верша нешта задумаў не тое? А раптам ён — польскі, японскі ці які іншы шпіён? Можа, яго верш — гэта шыфр для закардонных ворагаў?

Безумоўна, лепей такога паэта заняволіць, выслаць, зрабіць бухгалтарам у якой-небудзь паўночна-прыморскай вёсцы. Хай лепш выводзіць у гросбуху зразумелыя знакі і лічбы.

Але ж паэт можа складаць вершы і там. Нават калі ён іх нідзе не запісвае, ён прамаўляе, шэпча радкі, ад яго ў гэты час можа выпраменьвацца энергетыка, варожая сацыялістычнаму шчасцю.

Лепей тады адразу ў расход.

Чым менш паэтаў, тым лепей.

Хай застанецца 4—5, ну, ад сілы, 10 творцаў, і хопіць.

Такіх лёгка падлічыць, пракантраляваць, перавыхаваць.

Многія беларускія паэты замоўклі. Адных, самых упартых і творча-самабытных, прымусілі.

Іншых, якія адкрыта дэкларавалі сваю прыхільнасць сацыялістычнаму шчасцю, у пераважнай большасці — гэтаксама былі закратаваныя. Навошта было чапаць шчырых у сваёй службе дзяржаве, творцаў? Нашто было, скажам, арыштоўваць і занявольваць першага беларускага савецкага паэта Андрэя Александровіча? Гэта ж якая крыўда: да 1937 года на старонках «Літаратуры і мастацтва», «Полымя рэвалюцыі» ты крыў направа і налева ворагаў савецкага ладу ад літаратуры, розных там Хадыкаў, Кляшторных, Зарэцкіх ды іншых Ізі Харыкаў з Шашалевічамі і раптам цябе арыштоўваюць! Якая пакута бачыць радасць на абліччах тых, нешматлікіх ацалелых, не пасаджаных табой пісьменнікаў (Кузьмы Чорнага, Пятра Глебкі, Петруся Броўкі), што ёсць хоць маленькая, але справядлівасць. Як гэта крыўдна — пазней даведацца, што калі Панамарэнка, падчас кароткачасовай пасляяжоўскай адлігі, прапаноўваў цябе адпусціць, амаль усе (колькі іх там заставалася) літаратары выступілі супраць!

Але нашто ж было такога чалавека арыштоўваць?

А каб ведалі.

Каб зналі, што на самай справе правілаў гульні тут няма.

Каб жылі з Дубоўкавым разуменнем таго, што «сядзем усе». Бо на самай справе не так і важна, які ты паэт, добры ці кепскі, правы ці левы, хваліў у 1923-м Троцкага альбо ганіў. Проста дастаткова тваіх вершаў. А калі яшчэ і на беларускай мове, тады ўвогуле ці варта здзіўляцца раптоўнаму начному стуку ў дзверы і фразе «Собирайтесь с вещами»?

Як можна складаць вершы, аддавацца напоўніцу сацыялістычнаму шчасцю, калі назаўтра арыштоўваюць палову тваіх сяброў, а напаслязаўтра — другую палову?

Як можна складаць радкі светлай радасці, прысвечаныя нашай слаўнай краіне, калі тыя калегі, якія пакуль што на волі, ламаюць сябе. Фактычна выварочваюць, кажучы метафарычна, суставы сваёй творчасці (каб затым ім гэтыя суставы трушчылі фізічна ў турмах НКУС)?

Трагедыя, калі арыштоўваюць Уладзіміра Дубоўку ці Язэпа Пушчу, але такая ж трагедыя, калі іх сябар, аўтар незвычайнай у сваёй творчай свабодзе, роспачнай дзёрзкасці паэмы «Калі асядае муць» Тодар Кляшторны публікуе ў «Чырвонай Беларусі» новыя творы, дзе выкрывае нацдэмаў, сваіх былых паплечнікаў?

Трагедыя, калі занявольваюць Валерыя Маракова, але не меншая жудасць, калі юная і таленавітая Эдзі Агняцвет (якой Маракоў у сваіх вершах прызнаваўся ў каханні) вымушана была, як камсамольская актывістка, выкрываць «ворагаў» сярод сваіх сяброў-літаратараў.

А як жыць з тым, што насілі ў сабе Пятро Глебка і Кандрат Крапіва, кожны з якіх на пачатку 30-х напісаў праграмныя артыкулы супраць закратаваных сяброўузвышаўцаў?

Што рабіць?

Тонкая, шляхетная Яўгенія Пфляўмбаўм прыняла адзінае, як ёй здавалася, правільнае рашэнне.

Яна замаўчала.

Стала невідзімкай.

Знікла з поля зроку Бэндэ-Кучараў-Александровічаў.

Валеры Маракоў, Янка Бобрык і Яўгенія Пфляўмбаўм гартаюць кнігі з бібліятэчкі «Маладняка». Мінск, 1925 г.

Каб не падстаўляць сябе, свайго мужа Максіма Лужаніна (на нейкі час, як вядома, рэпрэсаванага ў 1933 г.) і беларускую літаратуру.

Яе ўчынак — таксама своеасаблівая творчасць: гэта паэзія маўчання, адзін з яе, магчыма, самых балючых твораў.

Гэты эпас маўчання кожны аматар беларускай літаратуры можа напаўняць сваім зместам перажытага. Сваёй тугой, вымушанай нявыказанасцю, адчаем, смуткам і магчымым спадзяваннем.

Беларускі паэт павінен быць цярплівым, упартым, мець добрае здароўе і… доўга жыць. Толькі тады ён зможа хаця б напалову выказацца, як гэта зрабіў, скажам, сталінскі вязень Уладзімір Дубоўка альбо гераіня нашага артыкула.

Паводле спадарыні Яўгеніі, сапраўдная паэзія можа нараджацца, калі ёсць нейкая надзея, калі існуе хаця б ілюзія свабоды.

Таму яе першы зборнік выходзіць у светлыя нэпманаўскія часы, калі, здавалася, яшчэ крыху — і наша літаратура набудзе еўрапейскую моц і маштаб.

 Другая і трэцяя кнігі з’яўляюцца, калі ілюзія свабоды была настолькі моцнай, што здавалася ўжо явай.

Тады, у канцы 80-х — пачатку 90-х, яе паэзія стала сапраўдным адкрыццём. Яўгенія Пфляўмбаўм паэтэса?

Дзе яна была раней?

Чаму не друкавалася?

Можа, ёй не даваў гэта рабіць муж — Максім Лужанін? (Былі і такія несамавітыя здагадкі.)

Многіх захапляла акварэльная лёгкасць яе радкоў:

Сняжынкі бавяцца на ўзлёце,

Вітаючы сваю пару.

Калі ты нават на самоце,

Не аддавай душу маркоце, —

Найлепш вясёламу пяру.

У спадарыні Яўгеніі (і гэта дзіва, як для беларускага творцы) няма ні кроплі наракання, нейкай жальбы.

Яўгенія Пфляўмбаўм упэўнена: калі складаеш верш, нельга яго абцяжарваць тралейбусна-гастраномнай крыўдай, бо гэтым выказваеш сваю слабасць.

Сапраўдны паэт павінен заставацца моцным.

Прынамсі, такім выглядаць перад чытачом.

Калі хапіла сілы ўвесь гэты час маўчаць, то хопіць моцы не надакучваць сваімі жальбамі.

А калі:

…разнядужыцца сэрца,

У кратах б’ючыся сваіх,

Як быццам на сажань ад смерці

Ты ўласны свой чуеш уздых. —

Пакліч на ратунак былое.

Дыхні успамінам такім,

Што зрушацца сцены ў пакоі

І вецер усходзіцца ў ім…

Так, былое, часоў натхняльна-ўпартага Дубоўкі, свабодалюбівага Маракова, парадаксальнага Кляшторнага і Хадыкі, медытатыўнага Кузьмы Чорнага натхняе на стварэнне ў паэзіі новага, ажурналёгкага, арыстакратычна-вытанчанага.

Былое, часоў лютаванняў Бэндэ-Кучараў-Александровіча, мабілізуе не паддавацца здрадніцкай незадаволенасці штодзённасцю. Бо што наша сённяшняя незадаволенасць, сум і жальба ў параўнанні з 30-мі гадамі?

Сапраўдная арыстакратка беларускай паэзіі Яўгенія Пфляўмбаўм шчырая, светлая, унікальная і паводле лёсу і сваёй творчасцю вучыць пазбягаць базарна-фэйсбучнага крыку, ратаваць свой ветразь творчасці «ад мялін, / Ад зноў нераспрамененага неба».

Галоўнае, паводле паэтэсы, — ціха, спакойна, адмаўчаўшы неабходнае, пісаць, «як будуеш караблі», каб пасля на іх, караблях сваёй паэзіі, паплыць у тую краіну, дзе ўжо чакаюць даўнія сябры Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Тодар Кляшторны, Уладзімір Хадыка.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».