Вы тут

Гісторыя як антыдэпрэсант


Шчыра кажучы, я не фанат гістарычнай літаратуры. Аднак час ад часу ўсё ж цягне зазірнуць у мінулае, асабліва ў хвіліны роспачы і няўпэўненасці ва ўласных сілах. Прашчуры нібыта з дакорам узіраюцца ў цябе, і ты міжволі абуджаешся, бо мусіш быць моцны, каб не падвесці сваіх дзядоў, якія жылі, ваявалі, кахалі і паміралі менавіта дзеля цябе, дзеля твайго жыцця, з якім ты часам абыходзішся неахайна і непаважліва.


«Кнігазбор» — адно з тых нешматлікіх выдавецтваў Беларусі, якое рупіцца і дбае пра гістарычную і літаратурную спадчыну айчыны. Неабвержны доказ таму — серыя «Беларускі кнігазбор». Яскравай і знакавай кнігай з серыі з’яўляецца важкі том «Выбранага» Кастуся Тарасава. «Выбранае» склалі раман «Пагоня на Грунвальд», аповесць «Скарб Нясвіжскага замка», нарысы пад агульнай назвай «Памяць пра легенды», шэраг гістарычных эсэ і некалькі аўтабіяграфічных аповедаў вядомага аўтара твораў, прысвечаных нашай мінуўшчыне.

Кастусь Тарасаў адным сваім розумам (ён не меў гістарычнай адукацыі, па адукацыі — хімік) дайшоў да высновы, што толькі памяць пра мінулае ніколі не здрадзіць і не падмане, што толькі яна мае сэнс. Таму такімі глыбіннымі, шчырымі выглядаюць яго кнігі, дзеянне ў якіх адбываецца ў часе, дзе ніхто з нас не быў.

«Пагоня на Грунвальд» не мае патрэбы ў анансаванні і рэкламе. Не толькі таму, што твор неаднойчы выдадзены і вядомы шырокаму колу чытачоў. Ён прысвечаны гераічнаму змаганню нашых продкаў з агрэсіяй Тэўтонскага ордэна, які быў ушчэнт разбіты пад Грунвальдам злучаным ліцвінска-польскім войскам на чале з вялікім князем Вітаўтам і каралём польскім Ягайлам. Як вынікае з рамана, богаабранасць сталася для немцаў ідэяй дужа даўно. Час ад часу гэтая ідэя штурхала іх на заваёвы чужых зямель. Аднак твор моцны і цікавы не ўласна паказам бітвы пад Грунвальдам, а сцэнамі з жыцця звычайных людзей, бо князі — таксама людзі, такія ж, як усе астатнія, з тою ж чырвонай крывёй, з прагай кахаць і жыць. Шыкоўна выпісаны вобраз Вітаўта. Ён не лубачны, а сапраўдны. Аўтар не ідэалізуе і не шкадуе свайго героя — паказвае нечалавечую жорсткасць, з якой былі знішчаны сто пскоўскіх дзяцей, каб застрашыць горад. Увогуле жорсткасць суправаджала тагачаснае жыццё кожнага, як зараз папсовыя песні. Жыццё было яшчэ тое: кожны дзень вайна! Калі не мелі знешняга ворага, абавязкова знаходзілі ўнутранага, біліся брат з братам да смерці. Але і кахалі гэтак жа жарсна... Цяпер так не ўмеюць. Магчыма, з-за таго, што не адчуваюць хуткацечнасці ўласнага жыцця.

Аповесць «Скарб Нясвіжскага замка», як уяўляецца, — найбольш цікавы твор з усяго «Выбранага». Гэта гістарычны дэтэктыў — не горшы, а можа, лічу, нават лепшы за акунінскія раманы пра Эраста Фандорына. Сюжэт завязаны на знікненні 40 вазоў каштоўнасцяў, вывезеных з разрабаванага нясвіжскага замка ў снежні 1812 года расійскімі адміралам Чычагавым, генералам Тучковым 2-м і палкоўнікам Кнорынгам. Праз тры гады расследаваць справу па знікненні каштоўнасцяў у Нясвіж быў адмыслова накіраваны аўдытар Ваеннага міністэрства Андрэй Лунін — удзельнік вайны з французамі і ўладальнік Ветрына, ад імя якога і вядзецца расповед. Інтрыга ў тым, што віну за рабаванне нясвіжскага замка ўсе фігуранты адмаўляюць. Але для Луніна, здаецца, нават не настолькі важна знайсці тыя скарбы, як зразумець, чаму так адбываецца. І перад гэтым адступае нават дэтэктыўны сюжэт, поўны таямніц і небяспечных для жыцця галоўнага героя падзей, і нават унікальныя гістарычныя экскурсы ў мінулае князёў Радзівілаў, Напалеона, беларускіх афіцэраў, якія ваявалі на баку французаў…

Гістарычныя нарысы і эсэ закранаюць жыццё і дзейнасць лепшых прадстаўнікоў беларускай мінуўшчыны ад Рагнеды і Міндоўга да Касцюшкі і Каліноўскага. Асабліва ўдалым, пераканаўчым, хоць і неверагодным з’яўляецца аповед пра паходжанне расійскай імператрыцы Кацярыны І, якая ў сапраўднасці мела імя Марта Скаўронская, нарадзілася і вырасла ў цэнтры сучаснага Мінску.

Кніга «Выбранае» К. Тарасава — свайго кшталту антыдэпрэсант, выспятак ці штуршок да жыцця ад нібыта катастрафічнай жыццёвай драмы альбо трагедыі. Бо часта драмы гэтыя — мыльная бурбалка ў параўнанні з выпрабаваннямі, якія выпалі на долю нашых далёкіх продкаў.

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.