Вы тут

Няздзейсненыя мары


Постаць Максіма Гарэцкага выклікае вялікую цікавасць у сучаснікаў. Трагічны лёс, загадкавасць асобы ды непаўторная мастацкая і навуковая спадчына стварылі той вобраз аўтара, пра які хочацца даведацца нашмат больш, чым дазваляюць цяпер інфармацыйныя рэсурсы. А мэты, мары і ідэалы, дзеля якіх жыве чалавек, характарызуюць яго нават лепш, чым учынкі. Менавіта пра жыццёвыя і творчыя памкненні пісьменніка выданне «Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам» (Мастацкая літаратура, 2018). Укладальнікі — Радзім Гарэцкі і Віктар Шніп.


У зборнік, прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння М. Гарэцкага, увайшлі ўспаміны, выбраныя аповесці, апавяданні і нататкі. Мастацкая частка кнігі носіць назву «Скарбы жыцця». Яе склалі «Літоўскі хутарок», «Габрыелевы прысады», «Усебеларускі з’езд 1917-га года», «Максімава зязюля», «Дзве душы», «На імперыялістычнай вайне» і «Скарбы жыцця» (фрагмент). Раздзел «Вянок памяці» складаецца з успамінаў братоў Гаўрылы і Парфіра, дачкі Галіны і менш падрабязных нататак Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай, Андрэя Сухога, Алеся Вечара, Юркі Гаўрука, Міколы Улашчыка ды іншых.

Амаль кожнае апавяданне напоўнена смуткам з-за страты брата, сябра, творцы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца таму факту, што М. Гарэцкі не паспеў здзейсніць мару свайго жыцця — скончыць эпапею «Камароўская хроніка». Не абмінаецца і стаўленне да створанага пісьменнікам. Вылучаецца адна з найяскравейшых вартасцяў яго твораў: вобразы і героі вельмі блізкія любому беларусу. Гэта, напрыклад, адзначыў Міхась Ганчарык ва ўспамінах пра першае ўражанне ад прачытання «Руні». Нават апісаная лазня з кнігі апавяданняў, якая ў кожным кутку краіны са сваімі асаблівасцямі, склалася ў адзін вобраз нечага знаёмага і роднага для любога селяніна.

Галоўны апавядальнік, бясспрэчна, — брат Гаўрыла Гарэцкі, для якога М. Гарэцкі быў яшчэ і настаўнікам. Ды і хто, як не брат, змог бы падрабязна расказаць пра хату, дзе нарадзіўся і вырас Максім, дзе пачалася яго дарога да прыгожага слова. Ужо ў дзяцінстве ён любіў выдумляць гісторыі і, бывала, палохаў сваіх малодшых братоў і сясцёр.

Шмат Гаўрыла Гарэцкі распавёў пра сацыяльны аптымізм пісьменніка, прычына якога — родныя карэнні творчасці, што сягаюць у перадрэвалюцыйнае мінулае беларускага селяніна. Пісьменнік быў упэўнены, што праз рэвалюцыю беларускі народ прыйдзе да шчаслівага жыцця, а адлюстраваць у літаратуры складаны шлях ад прыгону да прынцыпова іншага жыцця у рэшце рэшт стала марай. Адлюстраваннем гэтага павінна была стаць «Камароўская хроніка».

Шмат увагі аўтар успамінаў удзяляў мэтанакіраванасці брата, уласцівай яму на працягу ўсяго жыцця, якое было прысвечана беларускай літаратуры, а таксама агульнаграмадскай неабходнасці — выданню падручнікаў. Цікавы факт: ён вельмі любіў рускую літаратуру, у заходнееўрапейскай вылучаў Бальзака, а «Новую зямлю» Якуба Коласа лічыў лепшым творам беларускай. Гаўрыла Гарэцкі падкрэсліваў: «Максім марыў аб часе, калі беларуская проза пазбавіцца вузкіх рамак этнагарфізму, правінцыялізму, дробнай мясцовай тэматыкі і запазычанняў, выйдзе на шырокія прасторы сусветнай літаратуры, глыбокага псіхалагізму, паказу ў малым, сваім, мясцовым вялікага, усялюдскага, гуманістычнага, прагрэсіўнага». Дарэчы, зародкі такой прозы ён бычыў у творах Кузьмы Чорнага.

Успаміны дачкі Галіны Гарэцкай — шчырыя і эмацыянальныя, але ў той жа час разважлівыя апавяданні пра асяродак пражывання сям’і. Ас абліву ю ўвагу яна аддала маці Леаніле Чарняўскай, якая пражыла дастаткова доўгае жыццё. Храналагічна паслядоўны расповед напаўняецца жыццём дзякуючы дробязям. Напрыклад, апісанне вясёлага дня падарожжа, які змяніўся сумам і горыччу з-за звестак пра смерць Максіма Горкага. Галіна Гарэцкая апісала бацьку як сур’ёзнага, патрабавальнага да сябе і іншых, але чуллівага і сціплага чалавека.

Выданне каштоўнае тым, што прапаноўвае чытачу самому паразважаць над звесткамі. Кніга будзе цікавая тым, хто ўжо ведае галоўнае, але да гэтага не звяртаў увагі на нейкія акалічнасці. Значнасць сабраных успамінаў — у незнарок увасобленым гістарычным кантэксце, які шмат раскажа пра эпоху і характэрныя для яе з’явы. Важкасць заключаецца і ў тым, што вобраз пісьменніка ствараецца праз зусім непадобных адзін да аднаго людзей: дачкі, якая памятала Максіма Гарэцкага маладым (з-за маленькага узросту яе ўспаміны няясныя, напоўненыя яркімі або няпэўнымі вобразамі дзяцінства); братоў, што раслі разам, помнілі яго хлапчуком, юнаком, сур’ёзным мужчынам; сяброў і калег, што, бывала, бачылі яго толькі раз ці два, ды кожная сустрэча змагла запомніцца (кожны згадвае пісьменніка і адзначае мову яго твораў, непадобную на сучасную, з захапленнем і нават недзе ідэалізавана). Гэта нядзіўна: жыццёвыя і творчыя мэты аўтара сапраўды былі ідэальныя.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.